Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску «хрушчоўка» каштуе 53 тысячы эўра, у Вільні падобная 87 тысяч. Параўналі цэны на жыльлё ў Менску і за мяжой


Дом савецкай пабудовы ў Беларусі. Архіўнае фота
Дом савецкай пабудовы ў Беларусі. Архіўнае фота

Колькі будзе каштаваць кватэра ў Менску, Варшаве, Вільні і Рызе і дзе будзе таньней.

Менск

З 2020 году кватэры ў Менску патаньнелі. Цяпер «хрушчоўка» у беларускай сталіцы абыдзецца ў 42-53 тысячы эўра. Напрыклад, двухпакаёўка ў Зялёным Лузе па вуліцы Каліноўскага будзе каштаваць 53 000 эўра. Яна часткова абстаўленая, бяз тэхнікі.

Кватэра ў «хрушчоўцы» на вуліцы Артылерыстаў абыдзецца ў 44,5 тысячы эўра. Яна патрабуе рамонту, у кватэры ёсьць мэбля і мінімальны набор тэхнікі.

Новыя кватэры будуць каштаваць даражэй. Напрыклад, новая двухпакаёвая кватэра ў квартале Minsk-World абыдзецца ў 66 300 эўра.

Новая двухпакаёвая кватэра ў так званым элітным доме са свабоднай пляніроўкай каля Барысаўскага тракту каштуе 112 тысяч эўра.

Вільня

У Вільні кошт кватэры залежыць ад разьмяшчэньня, узросту дому і тыпу ацяпленьня (цэнтралізаванае/сваё). Напрыклад, «хрушчоўка» у Наўямесьцісе (Новае места, раён недалёка ад цэнтру) 1962 году каштуе 87 000 эўра. У кватэры ёсьць мэбля: ложак, шафы. Яна гатовая для пражываньня.

Невялікая (28 квадратных мэтраў), але новая кватэра ў раёне Жырмунай (Жырмуны) абыдзецца ў 85 000 эўра. Гэта мінімалістычны па плошчы варыянт: кватэра мае два ўзроўні — на першым невялікая кухня і канапа, на другім ложак.

У цэнтры кватэры значна даражэйшыя. Напрыклад, прасторная двухпакаёвая кватэра ў доме 1940 году пасьля рэнавацыі каштуе 150 000 эўра. Ёсьць мэбля і бытавая тэхніка.

Варшава

У Варшаве на кошт нерухомасьці таксама ўплывае адлегласьць ад цэнтру, узрост дома, плошча кватэры. Аднапакаёвая кватэра ў добрым стане з тэхнікай і мэбляй у будынку 1977 году каштуе 75 000 эўра.

У варшаўскім раёне Макотаў (ня вельмі далёка ад цэнтру) кватэра ў доме 1964 году з добрым рамонтам, мэбляй і тэхнікай каштуе 125 тысяч эўра.

Жыльлё элітнай клясы будзе каштаваць даражэй. Напрыклад, трохпакаёвая прасторная кватэра ў новым доме з добрым рамонтам, тэхнікай і мэбляй абыдзецца ў 269 000 эўра.

Рыга

Кватэра на два пакоі з добрым рамонтам, але бяз мэблі і ня вельмі блізка ад цэнтру ў Рызе каштуе 63 500 эўра.

Двухпакаёўка ў цэнтры, якая патрабуе рамонту, у рэнававаным, але старым доме 1940-х гадоў, пацягне на 91 000 эўра. Сюды таксама спатрэбіцца дакупляць мэблю і тэхніку.

Кватэра на два пакоі ў доме адразу пасьля рэнавацыі, са сьвежым адстройваньнем і ўбудаванай бытавой тэхнікай, абыдзецца ў 112 тысяч эўра.

«Прасьцей плаціць іпатэку, чым арэнду»

Жыхар Менску Алег (імя зьмененае) пераехаў у Вільню ў 2020 годзе і ўжо хутка будзе заяжджаць у сваю кватэру. Ён узяў іпатэку ў літоўскім банку і цяпер выплачвае 550 эўра на месяц, але гэтая сума зьмяняецца ў залежнасьці ад стаўкі па іпатэцы. Для таго, каб банк пагадзіўся на такі варыянт, дастаткова мець часовы від на жыхарства тыпу Blue card. Ён выдаецца пераважна тым іншаземцам, хто мае ў Літве працоўную дамову.

«Я вырашыў, што прасьцей плаціць іпатэку, чым арэнду, выкідаючы грошы ў нікуды. Шукаў кватэру праз сайт, дзе выкладваюць абвесткі ад забудоўнікаў. Я ўяўляў, дзе хачу кватэру, таму знайшоў хутка — цягам тыдня недзе. Іпатэка для беларусаў у Літве прадугледжвае, што ты маеш 30% сваіх грошай на жыльлё, 70% — дае банк», — кажа ён.

Кватэра абышлася ў 140 000 эўра, гэта двухпакаёўка: спальня, гасьцёўня, кухня, бяз мэблі. Кватэра параўнальна недалёка ад цэнтру.

«Самае доўгае — гэта была працэдура разгляду заяўкі банкам, яна можа зацягнуцца на месяц. Я браў іпатэку на 25 гадоў, там ёсьць функцыя датэрміновага пагашэньня без усялякіх штрафных санкцый», — гаворыць Алег.

Умовы, на якіх банкі краін Эўразьвязу пагаджаюцца выдаць іпатэчны крэдыт грамадзянам Беларусі, прыкладна аднолькавыя ва ўсім ЭЗ. Як правіла, гэта наяўнасьць сталага дазволу на жыхарства, пастаянная праца зь як мінімум сярэднім заробкам і адносна вялікі першапачатковы ўзнос. Аднак кожная заяўка разглядаецца індывідуальна, канчатковае рашэньне за банкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG