Белстат пералічыў работнікаў у беларускіх кампаніях у залежнасьці ад памеру заробкаў. Высьветлілася, што ў эканоміцы рэзка скарацілася колькасьць спэцыялістаў з самым высокім заробкам — большым за 10 000 рублёў. Асноўны «адток» забясьпечылі айцішнікі, піша devby.io.
У лістападзе 2022 году ў галіне працавала 5,5 тысячы такіх адмыслоўцаў. Гэта на 30% менш, чым у траўні 2022-га, і на 22% менш, чым год таму (у лістападзе 2021-га). Доля самых высокааплатных IT-спэцыялістаў у ІКТ зьнізілася з 10,4% (у траўні 2022) да 8,4%.
Мэдыянная зарплата айцішнікаў у лістападзе таксама аказалася мінімальнай за апошнія два гады — 3,8 тысячы рублёў.
Падзеньне мэдыяннага заробку айцішнікаў — наступства сыходу IT-кампаній, уключаючы амаль увесь прадукт, рэлакейту ў тым ліку высокакваліфікаваных спэцыялістаў, скарачэньня беларускага IT-сэктара.