Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Холад у лякарні, перабоі з вадой, рамонт туалета ў двары. На што беларусы скардзяцца уладам, самае важнае з розных рэгіёнаў


Прыём грамадзянаў у Мсьціслаўскім раёне
Прыём грамадзянаў у Мсьціслаўскім раёне

Штотыдзень у розных раёнах Беларусі дзяржаўныя службоўцы, дэпутаты і мясцовае начальства праводзяць адкрытыя прыёмы грамадзян. Іх запрашаюць выказацца пра жыцьцёвыя праблемы. Некаторыя рэгіянальныя выданьні публікуюць і самі скаргі да ўладаў. Мы сабралі некаторыя зь іх з розных рэгіёнаў краіны.

Мерзнуць пацыенты лякарні, у двары кепскі туалет

Мсьціслаўская раёнка ў канцы лістапада напісала пра скаргу жыхаркі гораду, якая расказала, што ў стацыянары раённай лякарні вельмі холадна.

«На жаль, сёньня ў аддзяленьнях мерзнуць пацыенты. На мой погляд, тэмпэратура паветра ва ўстанове аховы здароўя не адпавядае нормам. Дапамажыце разабрацца», — сказала яна.

Пракурор раёну паабяцаў паспрыяць у вырашэньні гэтай праблемы.

Мсьціслаўчанка, якая пражывае ў часткова добраўпарадкаванай арэнднай кватэры, папрасіла аказаць дапамогу ў рамонце надворнай прыбіральні.

Мсьціслаў
Мсьціслаў

Хворыя дзеці прапускаюць школу, бо ў кватэры цьвіль і холад. 4 гады ніхто не дапамагае

У лістападзе старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандар Турчын прымаў жыхароў вобласьці. Шматдзетная маці (пяцёра дзяцей) са Стаўпецкага раёну расказала, што сям’я вымушаная жыць у сырой кватэры, дзе цьвіль і грыбок акупавалі ледзь ня ўсе сьцены.

«Дах працякае, таму прамярзае столь, у кватэры вельмі холадна. Сьцены сырыя, мы вымушаны кожны год рабіць рамонт. Раней наш дом быў на балянсе торфабрыкетнага заводу, цяпер яго перадалі ЖКГ, аднак стаўленьне да нас не зьмянілася. Летась прыяжджалі камунальнікі, глядзелі сьцяну — паводле іх вымярэньняў, яна прамярзала да 9°С.

Па словах жанчыны, дзеці прапускаюць заняткі ў школе, бо мерзнуць і ўвесь час хварэюць. «Але зрабіць хоць нешта мясцовая ўлада не сьпяшаецца», — цытуе раёнка жанчыну. Старшыня райвыканкаму пацьвердзіў, што жанчына зьвяртаецца з гэтым пытаньнем з 2018 году.

Адкрылі садок і просяць бацькоў сабраць грошы на вёдры, швабры

На іншым прыёме да Турчына зьвярнуліся жыхары аграгарадка Хацежына. Там адкрылася амбуляторыя, якой выдзелі гематалягічны апарат. Але лябарантка, якая на ім працавала, пайшла ў дэкрэт і апарат забралі ў паліклініку. Цяпер іншы лябарант робіць аналізы з дапамогай мікраскопа. Праблема ў тым, што вынікі недакладныя, ім нельга давяраць.

Скардзіліся і на працу новага дзіцячага садка, які адкрыўся ў аграгарадку. У прыватнасьці, з боку адміністрацыі паступаюць просьбы сабраць з бацькоў грошы на вёдры, швабры і іншае.

Вымушаныя езьдзіць па ўзбочыне і разьбіваць машыны

Жыхары Мядзельшчыны прыйшлі да старшыні аблвыканкаму з праблемай дарогі, якую «нельга праехаць, ня тое што прайсьці».

«Там усяго 800 мэтраў таго асфальту. Дык не, дарожнікі зробяць ямачны рамонт, і ўсё на гэтым. Але аднымі ямачнымі рамонтамі праблему ня вырашыць. Пройдзе пара тыдняў пасьля такога „латаньня“ — і зноў усё па-старому: падаем, разьбіваем машыны. Мусім па ўзбочыне езьдзіць. Няўжо нельга адзін раз зрабіць добра, якасна, і забыцца пра гэта?» — цытуе жыхароў мясцовая газэта.

У 2018 годзе жыхары вёскі зьбіралі подпісы, прасілі мясцовую ўладу прывесьці праблемную дарогу ў парадак. Ім адказалі: капітальны рамонт заплянаваны на канец 2018 – пачатак 2019 году. За тры гады нічога не зьмянілася.

«Не жадаюць мірыцца з тым, што некаму выгоды могуць абысьціся таньней»

У першыя дні 2023 году «Гомельская праўда» напісала пра прыём жыхароў Гомля старшынём аблвыканкаму Іванам Крупком. На прыём прыйшлі пэнсіянэркі.

Гомель
Гомель

«Доўгі час яны жылі без выгод, і вось камфорт прыйшоў у іх дамы. Улетку нарэшце завяршылася будаўніцтва сыстэмы каналізацыі. Праект фінансаваўся за кошт уласных сродкаў каапэратыву і бюджэтных — дзяржава істотна дапамагла», — пераказваюць журналісты.

А цяпер да сыстэмы падключаюцца іншыя вуліцы. І жанчыны лічаць, што новыя абанэнты будуць плаціць менш, чым яны, і гэта несправядліва, працягвае газэта:

«Жанчыны зьдзіўляюцца: „Навошта нам халяўшчыкі з суседняй вуліцы?“» — канстатуе выданьне. Заяўніцам патлумачылі фінансавую раскладку, якая ляжыць у аснове рэалізацыі праекту.

«Усё зроблена па законе, але жанчыны не жадаюць мірыцца з тым, што некаму выгоды могуць абысьціся таньней», — піша абласная газэта.

Вада кепскай якасьці, або яе зусім няма

Жыхары Яроміна Гомельскага раёну прыйшлі на прыём з пытаньнямі наконт інфраструктуры аграгарадка.

«Па нашай вуліцы Вакзальнай дарогу раўняюць грэйдэрам, але гэтага хапае літаральна на пару дзён. І потым зноў езьдзіць і хадзіць складана, на вуліцы вельмі пыльна», — апісалі яны сытуацыю. Паскардзіліся і на якасьць вады, ціск у водаправодных сетках. «Нас абяцалі падключыць да інжынэрных сетак „Гомельводаканала“, але тэрміны пакуль пасоўваюцца», — кажуць жыхары аграгарадка.

Страціў працу і машыну, бо люк на дарозе ляжаў крыва

На іншы прыём прыйшоў Станіслаў Аляксандравіч, які летам трапіў у ДТЗ у Ветцы. Паводле яго, рухаўся з хуткасьцю, якая не перавышала дапушчальнай, наехаў на люк, накрыўка якога стала рубам. У выніку машына урэзалася ў слуп лініі электраперадачы. Кіроўца мае прэтэнзіі да канфігурацыі люка, што, як мяркуецца, і прывяло да аварыі. Пасьля яе ён страціў працу і машыну — аднаўленьню яна не падлягае, а выплаты па рашэньні раённага суду ня хопіць на новы аўтамабіль. «Губэрнатар» Крупко паабяцаў, што спэцыялісты аблвыканкаму таксама вывучаць сытуацыю.

Праблемы «этычнасьці» рэклямы

У Полацку да мясцовай дэпутаткі прыйшоў грамадзянін, які паскардзіўся на сацыяльную рэкляму, разьмешчаную на гарадзкіх канструкцыях. Ён папрасіў праверыць, ці этычная яна. Полацкая раёнка ня піша, пра што дакладна ідзе гаворка. Дэпутатка паабяцала «вывучыць» гэтае пытаньне з профільнымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў і іншымі органамі.

Полацак
Полацак

Затрымка аплаты, дзіравы дах і вільгаць

Жыхары вёскі Лажок Шумілінскага раёну скардзіліся на затрымку з платай за здадзенае малако. Работнікі аднаго з сельгаспрадпрыемстваў паднялі праблему нявыплаты заработнай платы. А жыхары самога райцэнтру прасілі зрабіць, каб не падтоплівала прысядзібны ўчастак, і скардзіліся на холад у кватэры зімой. З падобнай праблемай прыйшоў і жыхар райцэнтру — у падвале шматпавярховіка, дзе ён жыве, стаіць вада. Мужчына жыве на першым паверсе і пакутуе ад вільгаці. Камунгас, па яго словах, ведае пра гэта, але нічога не папраўляе.

У іншай вёсцы раёну, Добрына, людзі прасілі не закрываць мясцовай бібліятэкі.

У аграгарадку Крывое Сяло пэнсіянэрка і інвалід скардзілася на дзіравы дах у доме, які да нядаўняга часу належаў мясцовай гаспадарцы. Жанчына ня раз зьвярталася па дапамогу ў сельсавет і ў саму мясцовую гаспадарку, але за шмат гадоў ёй так і не дапамаглі. «Жыць у такіх умовах немагчыма, прызналася заяўніца», — піша раёнка.

Перабоі з вадой, нячышчаныя вуліцы

«Бярэзінская панарама» расказала аб прыёме ў старшыні Бярэзінскага райвыканкаму Дзяніса Дзішука. Жыхары вёскі Гарадзішча паскардзіліся на слабую электрычную напругу. «Калі ўключыць адначасова некалькі прыбораў — выбівае сьвятло», — растлумачыла жанчына. «Гэтае пытаньне хвалюе ўсіх жыхароў нашай вёскі», — цытуе мясцовую жыхарку раённая газэта і дадае: «Пытаньне ўзята на кантроль».

Адразу некалькі жыхароў зьвярнуліся наконт перабояў з вадой. «Асабліва ў суботу і нядзелю практычна няма вады, альбо зусім малы ціск», — перадае праблему людзей «Бярэзінская панарама»

Іншыя жыхары паскардзіліся, што няма дзе чакаць перасоўнай пошты, бо стацыянарнага паштовага аддзяленьня ў вёсцы няма. Зімой людзі стаяць на вуліцы — дождж, сьнег, холад.

— Ваша праблема вырашальная, — адзначыў старшыня райвыканкаму. — У канторы сельгаспрадпрыемства ў фае зможаце чакаць паштовай машыны.

Іншыя жыхары расказалі, што жадаюць усталяваць электраацяпленьне, але ім не выдаюць тэхнічнага дазволу, бо бракуе магутнасьці.

Кіраўнік раёну патлумачыў, што гэтая праблема «характэрная для шмат якіх вёсак нашага раёну». «Электралініі старыя, таму немагчыма падлучыць электраацяпленьне», — цытуе яго раёнка.

Жыхары вёскі Любушаны скардзіліся і на несвоечасовую ачыстку дарог ад сьнегу. Чысьціцца толькі цэнтральная дарога, а іншыя — пару разоў.

Нароўля
Нароўля

Малы заробак і парада пракурора

Нараўлянская раёнка апісвае праблемы работніц швейнага ўчастку. Іх удзел у прыёме газэта апісала так: «Галоўнае, што хвалявала кожную, — павелічэньне заработнай платы».

Пракурор раёну прапанаваў ім напісаць калектыўны зварот да кіраўніцтва прадпрыемства. І ў выпадку неправамернай адмовы ў павышэньні заробку паабяцаў дапамагчы.

«Ня варта баяцца зьвяртацца з пытаньнямі да кіраўніка. Але яны павінны быць ня вусныя, а пісьмовыя. Калі ў вас ёсьць дакумэнт, даказаць прэтэнзіі значна прасьцей. І ня бойцеся, што вас за гэта звольняць», — заахвочваў жанчын пракурор.

На прыёме ў старшыні аблвыканкаму жыхары аднаго ў дамоў у Нароўлі гваарылі пра капітальны рамонт. «Асноўная праблема — працякае дах. Да 2020 года дом знаходзіўся ў падпарадкаваньні каапэратыва, грошы на капрамонт спаганяліся, але куды разьмяркоўваліся — невядома», — піша раёнка.

Студэнцкі інтэрнэт з сапсаванай сантэхнікай і казуркамі

У Мазыры грамадзян прымаў сам памочнік Лукашэнкі па вобласьці Сяргей Барташ. Да яго зьвярнулася «ўсхваляваная маці» студэнта Мазырскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту ім. І. П. Шамякіна. Яна папрасіла зьвярнуць увагу на бытавыя ўмовы ў студэнцкім інтэрнаце № 3.

«Прыгожы горад, выдатныя выкладчыкі, але ў інтэрнаце выйшла са строю сантэхніка, дзьме ў старыя вокны, ёсьць казуркі. А аплата пры гэтым значна вышэйшая за звычайныя расцэнкі», — цытуе скаргу жанчыны газэта.

Іншая жыхарка зьвярнула ўвагу на стан шматкватэрнага дома, у якім жыве яе шматдзетная сям’я: забіваецца каналізацыя, не працуе дамафон, у падʼезьдзе брудна.

86 мастоў маюць патрэбу ў капітальным рамонце

У Шаркаўшчынскім райвыканкаме (Віцебшчына) выязны прыём правёў намесьнік прэмʼера Леанід Заяц. Жыхар мястэчка папрасіў выдзеліць сродкі на рамонт мастоў у раёне. Падчас прыёму начальства адзначыла, што ў Віцебскай вобласьці 86 мастоў маюць патрэбу ў капітальным рамонце.

Шаркаўшчына
Шаркаўшчына

20 гадоў змаганьня за статус ліквідатара ЧАЭС

На прыём да старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай у Віцебску прыйшоў пажылы віцяблянін, які расказаў, што ўжо больш за 20 гадоў ня можа вырашыць праблему з пацьвярджэньнем статусу ліквідатара наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мужчына растлумачыў, што больш за месяц працаваў вадзіцелем у зоне адчужэньня, але на адным з камандзіровачных дакумэнтаў не было пячаткі. Паводле яго, у органах сацслужбы ранейшае пасьведчаньне ліквідатара забралі, а новага не далі.

У Бешанковічах да памочніка Лукашэнкі, інспэктара па Віцебскай вобласьці Анатоля Ліневіча зьвярнуўся жыхар вёскі Дубкі. Ён занепакоены, што ў вёску перастане падʼяжджаць аўтакрама, бо дарога дрэнная. Старшыня раённага Савету дэпутатаў Генадзь Шведаў супакоіў, што рэжым прыезду аўтакрамы не мяняўся, а дарогу пэрыядычна падсыпаюць, каб машына магла даехаць.

Наступны званок быў з Полацку. Зьвярнулася жанчына наконт кватэры яе бацькоў, якія жывуць у Бешанковічах. Яна паскардзілася на недастатковае ацяпленьне. Ёй паабяцалі, што сёлета будзе рэканструкцыя ўчастка цеплатрасы, і ў людзей зьявіцца цяпло.

Чарговае пытаньне тычылася будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі. Адзін з жыхароў раёну скардзіўся, што зь ягонай вёскі да запраўкі ў Глыбокім — 41 км, да Шаркаўшчыны — 33 км, у Празарокі — 45 км, у Дзісну — прыкладна 50 км. Дабірацца да заправак далёка і дорага, у які бок ні паедзеш.

Няма каму памяняць лямпачкі ў цэлым раёне

На прыёме ў Мёрскім раёне мужчына сталага веку прасіў наладзіць падʼезд да сваёй вёскі. У сухое надворʼе праблемаў няма, а пасьля дажджу не даяжджаюць ні хуткая, ні аўтакрама. Грэйдаваньне дапамагае толькі ненадоўга, бо, казаў просьбіт, выконваецца тэхнічна няправільна. Жвір ссоўваецца на ўзбочыны, утвараючы «ночвы» на праезнай частцы. Няма сьцёку вады ў канаву.

Людзі таксама скардзіліся на вулічнае асьвятленьне. Ім патлумачылі, што на ўвесь раён працуе ўсяго адна брыгада на замене лямпачак, таму не заўсёды ўпраўляюцца апэратыўна.

Жыхарцы Мёраў, якая скардзілася на заваленыя сьнегам вуліцы, паабяцалі іх пачысьціць празь некалькі дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG