Грашовыя даходы беларусаў з папраўкай на інфляцыю ў студзені-лістападзе зьнізіліся на 3,7% да аналягічнага пэрыяду пазамінулага 2021 году.
У агульным аб’ёме грашовых даходаў беларусаў аплата працы займае 64,7%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці, якая прыносіць даход, — 8,2%. На пэнсіі, разнастайныя грашовыя дапамогі, стыпэндыі жывуць 22,3%, даходы ад уласнасьці і іншыя прыбыткі маюць 4,8% жыхароў краіны.
У кастрычніку 2022 году Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блёкам ураду заявіў, што «рост цэнаў нівэлюе намаганьні па павышэньні заробкаў і пэнсій». Тады ж цэны павышаць забаранілі.
Мінус 104 кіляграмы бананаў за год. Як бяднеюць беларусы
Глядзім, наколькі беларусы зьбяднелі за год (зь лістапада па лістапад) на прыкладзе канкрэтных прадуктаў.
У лістападзе 2021 году на адзін сярэдні заробак беларус мог набыць:
- 118 кіляграмаў бескасьцёвай сьвініны
- 107,7 кіляграма сала
- 218 кіляграмаў жывой рыбы
- 18 мяхоў бульбы па 60 кіляграмаў
- 431 кіляграм бананаў
- 130 кіляграмаў зэфіру
У лістападзе 2022 году сярэдняга заробку хапала на:
- 115 кіляграмаў бескасьцёвай сьвініны
- 100 кіляграмаў сала
- 191 кіляграм жывой рыбы
- 30 мяхоў бульбы па 60 кіляграмаў
- 327 кіляграмаў бананаў
- 122 кіляграмаў зэфіру
Атрымліваецца, што за мінулы год беларус зьбяднеў на:
- 3 кіляграмы бескасьцёвай сьвініны
- 7 кіляграмаў сала
- 27 кіляграмаў жывой рыбы
- 104 кіляграмы бананаў
- 8 кіляграмаў зэфіру
Але пабагацеў на 12 мяхоў бульбы.
Наколькі зьбяднелі пэнсіянэры
У лістападзе 2021 году сярэдняя пэнсія па ўзросьце складала 545 рублёў. У лістападзе 2022 году яна была 636 рублёў. Глядзім, наколькі за гэты год зьбяднелі пэнсіянэры. У прадуктах яны страцілі (адзін прадукт, калі на яго патраціць усю пэнсію):
- 6 кіляграмаў жывой рыбы
- 33 кіляграмы бананаў
- 1 кіляграм сала
- 1 кіляграм зэфіру
Але пабагацелі на:
- 4 мяхі бульбы
А вось бескасьцёвай сьвініны, як і раней, на сярэднюю пэнсію выходзіць 44 кіляграмы.