Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паводле інфармацыі ДМК, латвіец «схаваў псыхатроп пад чахлом мабільнага тэлефона».
«Грамадзянін заяэджаў у краіну на аўто Cadillac SRX праз пункт пропуску „Грыгараўшчына“. Сабака мытнай службы імгненна паказаў на перамяшчэньне ім забароненых рэчываў. Грамадзянін гэты факт першапачаткова адмаўляў», — адзначае ДМК.
Віцебскія мытнікі даглядзелі асабістыя рэчы латвійца «і знайшлі амфэтамін», удакладняецца ў паведамленьні.
«І тады ўжо грамадзянін патлумачыў, што небясьпечны псыхатроп ён ужывае, каб не заснуць за рулём. Праведзена экспэртыза, пацьверджаны і той факт, што 1,06 г — гэта буйны памер для гэтага віду псыхатропу», — падкрэсьлівае ведамства.
Адносна грамадзяніна Латвіі распачалі справу паводле ч. 2 арт. 328(1) Крымінальнага кодэкса (Незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу і (або) Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналягаў).
ДМК сьцьвярджае, што МЗС Латвіі і сваякі затрыманага былі «апэратыўна апавешчаныя» аб яго затрыманьні. «Нягледзячы на гэта, латвійскі бок учыняе правакацыі, абвяшчаючы праз СМІ аб зьнікненьні гэтага чалавека ў Беларусі праз неправамерныя дзеяньні беларускіх спэцслужбаў», — заяўляе мытны камітэт.
Аб зьнікненьні ў Беларусі грамадзяніна Латвіі Эмілса Асарса стала вядома 11 верасьня. У Беларусь ён прыехаў на аўтамабілі. Сьцьвярджалася, што 12 верасьня сваякам мужчыны паведамілі праз тэлефон, што ён затрыманы. Больш на кантакт зь імі ніхто зь Беларусі не выходзіў.
18 верасьня стала вядома, што консульства Латвіі ў Віцебску зьвярнулася да беларускіх уладаў наконт зьнікненьня свайго грамадзяніна.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Латвіі Дыяна Эглітэ адзначыла, што «праз праблемы з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі і Расеі магчымасьці Латвіі аказваць дапамогу сваім грамадзянам у гэтых краінах вельмі абмежаваныя, а абмен інфармацыяй адбываецца вельмі марудна». У выніку «супрацоўніцтва Латвіі з Беларусьсю ў галіне юстыцыі зьведзенае да мінімуму».
Паводле Эглітэ, «нягледзячы на тое, што Латвія неаднаразова заклікала сваіх грамадзян пазьбягаць паездак у Беларусь праз рызыкі, латвійскія грамадзяне працягваюць уяжджаць у гэтую краіну».
Паводле інфармацыі ведамства, у 2022 годзе ў Беларусі былі затрыманыя 13 грамадзянаў Латвіі, у 2023-м — 15, у 2024-м — 11.
Форум