Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ваенныя злачынствы — частка ваеннай дактрыны Расеі», — кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак


Могілкі ў Бучы. 12 красавіка 2022.
Могілкі ў Бучы. 12 красавіка 2022.

Кіраўнік фонду BYSOL, беларускі праваабаронца Андрэй Стрыжак у 2013-2014 гадах быў назіральнікам ва Украіне на падзеях Эўрамайдана, а ў 2015-м арганізаваў ініцыятыву «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА» і на працягу пяці гадоў пастаўляў гуманітарную дапамогу на Данбас.

Створаны ім фонд BYSOL з 2020 года дапамагае беларусам, якія былі арыштаваны ці былі вымушаны зьехаць з краіны з прычыны палітычных рэпрэсій, а месяц таму таксама пачаў падтрымліваць украінскіх вайскоўцаў і бежанцаў. Са Стрыжаком пагутарыў вядучы Настоящего времени Аляксандар Касаткін.

— Вы былі на Майдане, потым працавалі на ўсходзе Ўкраіны. У вас вялізны вопыт фіксацыі там ваенных злачынстваў, вы займаецеся гэтым ужо шмат гадоў. Цяпер вы прымаеце ў гэтым удзел?

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

— Я зараз займаюся дыстанцыйным кансультаваньнем сваіх калегаў. На жаль ці на шчасьце, у мяне няма зараз магчымасьці выяжджаць у палявыя місіі, апошнім разам я быў у місіі ў 2020 годзе. Але ўвесь мой экспэртны складнік захаваўся.

Безумоўна, маштаб злачынстваў павялічыўся. Па-першае, мы бачым выкарыстаньне цяжкага ўзбраеньня супраць заведама мірных аб’ектаў, якія зьяўляюцца абароненымі міжнародным крымінальным правам. Калі мы гаворым аб выкарыстаньні, напрыклад, авіяцыйных бомбаў ФАБ-500, ФАБ-1000 і ФАБ-3000, пра што зараз заяўляе ўкраінскі бок, то гэта, вядома ж, непрапарцыйнае выкарыстаньне ваеннай сілы ў дасягненьні тых ваенных мэтаў, якія ставіць перад сабой расейскае войска.

У адпаведнасьці зь міжнародным крымінальным правам вайна можа весьціся, забіваць на гэтай вайне можна, гэта спэцыфічная сфэра дзейнасьці чалавецтва. Але яна павінна быць нечым абмежавана. І на вайне, напрыклад, нельга забіваць бяззбройных людзей, нельга забіваць мірных людзей, нельга ні ў якім разе іх гвалтаваць, рабаваць і зьнішчаць іх маёмасьць.

Аднак тое, што мы бачым, як сябе паводзіць расейскае войска цяпер, — гэта дактрына, заснаваная на ваенным злачынстве, такая мая ацэнка. Бо тут гаворка ідзе не пра асобныя выпадкі, калі нехта з расейскіх вайскоўцаў выкарыстоўвае забароненыя мэтады вядзеньня вайны. Мы бачым, што камандаваньне расейскага войска сьвядома выкарыстоўвае гэтыя мэтады — для таго, каб зьнішчыць волю да супраціву, для таго, каб пасеяць паніку, страх і гістэрыку сярод мірнага насельніцтва.

Я думаю, што гэта таму, што яны ваююць зь дэмакратычнай краінай. У дэмакратычнай краіне вельмі вялікую ролю іграе ўплыў людзей на палітычныя працэсы, на дэмакратычна абраных лідэраў. Я думаю, што такая мэта ў расейскіх войскаў ёсьць, і менавіта таму яны настолькі жорсткія і настолькі пачварна жахлівыя ў сваіх паводзінах на акупаваных тэрыторыях.

— Вы лічыце, што такім чынам яны спрабуюць запалохаць украінскае насельніцтва?

— Я бачу, што асноўная мэта і асноўная лінія паводзінаў расейскіх акупантаў тут такая, што яны спрабуюць колькасьцю мірных ахвяраў, колькасьцю разбурэньняў цывільнай інфраструктуры прымусіць украінскае кіраўніцтва пайсьці на мір на тых умовах, якія выставіць Украіне Расея. Я думаю, што такі плян першапачаткова і быў: імклівы магутны ўдар з вялікімі ашаламляльнымі вынікамі — вось такога прыблізна бліцкрыгу хацеў Пуцін у самым пачатку сваёй вайны.

Аднак мы бачым, што вайна зацягваецца, санкцыі ўзмацняюцца, забесьпячэньне ўкраінскага войска заходнімі саюзьнікамі перадавой і магутнай зброяй павялічваецца. І таму сытуацыя зусім ня так выглядае, як хацелася б гэта Пуціну. Аднак асноўная ўстаноўка ў арміі такая, як яна была: і зьнішчэньне цывільнага насельніцтва і мірнай цывільнай інфраструктуры.

— Вы казалі пра ваенныя злачынствы і згадалі згвалтаваньні. Ёсьць інфармацыя пра некалькі дзясяткаў украінскіх жанчын, якія былі згвалтаваныя расейскімі вайскоўцамі. На ваш вопыт, чаму гэтыя факты складана расьсьледаваць?

— Гэта асобны вельмі вялікі напрамак працы ў сфэры ваенных злачынстваў, таму што тут перасякаюцца злачынствы, якія бываюць і ў мірным жыцьці, са злачынствамі, якія адбываюцца ў ваенны час.

Калі казаць аб згвалтаваньнях на вайне, то яны нясуць за сабой не толькі задавальненьне нізкіх інстынктаў злачынца, якое, напрыклад, мае месца быць, калі адбываецца згвалтаваньне ў мірны час. Гэта яшчэ і зьнявага і падпарадкаваньне цывільнага насельніцтва, дэманстратыўнае апаганьваньне, якое павінна ўзьдзейнічаць на войска супрацьлеглага боку.

Гэта такі элемэнт вядзеньня неканвэнцыйнай вайны. Вельмі многія экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні, што расейскія салдаты атрымліваюць сакрэтныя ўказаньні паводзіць сябе з грамадзянскім насельніцтвам так, як ім захочацца. А як ім захочацца — мы бачым на прыкладах Бучы і Ірпеня, Гастомеля, Марыюпаля і іншых гарадоў.

На жаль, ваенныя злачынствы, як я ўжо сказаў, — гэта частка ваеннай дактрыны Расеі. І тое, што адбываецца на любой вайне, згвалтаваньне — гэта, на жаль, такая частка ваеннага жыцьця. Тут яны проста ў большых, чым у любых чаканых маштабах адбываюцца.

Ёсьць вельмі вялікая праблема ў тым, што самі па сабе гэтыя злачынствы цяжка расьсьледаваць — з прычыны таго, што жанчыны і ў мірным жыцьці ня надта расказваюць пра такія сытуацыі. Бо ім пагражае падвойная траўма. Людзі, якія прыходзяць у паліцыю і пачынаюць казаць аб тым, што яны самі вінаватыя ў тым, што гэта адбылося, — у ваенны час гэта пагаршаецца тым, што, уявіце сабе, салдат пайшоў на вайну, яго жонка засталася дома, туды прыйшоў салдат, захопнік, згвалтаваў яе, не дай Бог яшчэ, яна зацяжарыла. Яна ня пойдзе і ня будзе пра гэта расказваць, таму што гэта ўспрымаецца як сорам.

Хаця я лічу, што любое злачынства, а асабліва ваеннае злачынства, павінна быць расьсьледавана. І дзяржава павінна стварыць усе ўмовы для таго, каб гэтыя пацярпелыя адчувалі сябе максымальна абароненымі і не баяліся даваць паказаньні супраць сваіх гвалтаўнікоў.

— Наколькі я ведаю, ваш фонд займаецца адпраўкай кантрацэпцыі ва Ўкраіну. Як гэта адбываецца і якая яшчэ дапамога, на ваш погляд, патрэбная Ўкраіне?

— На дадзеным этапе мы наладзілі кантакт з фэмінісцкімі арганізацыямі Беларусі і Ўкраіны. Яны склалі спэцыяльны сьпіс мэдыкамэнтаў, якія неабходна паставіць ва Ўкраіну, ідзе зараз працэс закупкі. І там ёсьць яшчэ такі «Rape kit», які ўключае ў сябе спэцыяльныя наборы для таго, каб мэдыкі і жанчыны маглі на месцы адразу ж сабраць матэрыялы для доказаў у выпадку, калі чалавек быў згвалтаваны. Гэты вельмі спэцыфічны кірунак працы менавіта фэмінісцкіх арганізацый. Мы тут як структура BYSOL выступаем як пляцоўка для збору рэсурсаў і як арганізацыя, якая можа дапамагчы ў закупах. Разьмеркаваньнем і вызначэньнем патрэбаў па рэгіёнах будуць займацца ўжо нашы партнэры ва Ўкраіне з ліку фэмінісцкіх арганізацый.

Калі казаць пра тое, якая дапамога патрэбна, — практычна ўсе цяпер сыходзяцца ў меркаваньні, што дастаткова складаная сытуацыя з пастаўкай прадуктаў харчаваньня, асабліва ў зону баявых дзеяньняў. Не сакрэт, што расейскае войска разбурае прадуктовыя склады, збожжасховішчы і іншыя месцы, дзе людзі акумулююць свае прадукты. І таму пытаньне круп, пытаньне кансэрваў асабліва востра адчуваецца ў Харкаве, Харкаўскай вобласьці і на Данбасе. Многія валянтэры і многія структуры зараз пераарыентуюцца менавіта на пастаўку прадуктаў харчаваньня ў зону баявых дзеяньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG