Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяўчынка 14 гадоў, згвалтаваная пяцьцю акупантамі, цяпер цяжарная». Ва Ўкраіне расказваюць аб гвалце з боку расейскіх вайскоўцаў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Жыхары вызваленых украінскіх гарадоў абвінавачваюць расейскіх вайскоўцаў ня толькі ў рабаваньнях і марадэрстве, але і ў згвалтаваньні мірных жыхароў. Генпракуратура Ўкраіны пачала расьсьледаваць першую такую справу. Праваабаронцы і валянтэры таксама зьбіраюць сьведчаньні.

Жыхарка вёскі Малая Рогань у Харкаўскай вобласьці расказвае, як расейскі салдат забраў яе дачку і згвалтаваў у школе.

«Была недзе палова першай ночы. Яна вярнулася недзе а сёмай раніцы. Я ўсю ноч ня спала, перажывала, што ён яе забіў. Ён зацягнуў яе ў клясу на другім паверсе, усю ноч гвалтаваў. Укалоў наркотыкі, сказаў, што яна нічога не адчуе. Парэзаў ёй шчаку, шыю. Згвалціў, тыкаў ёй пісталет усюды, хацеў яе забіць. Абрэзаў нажом валасы. Дачка ня можа расказваць, яна яшчэ ў цяжкім стане», — кажа жанчына.

Гісторыю, якую расказала маці пацярпелай, зафіксавала праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch у сваёй справаздачы. Акрамя дзяўчыны з Харкаўскай вобласьці, у дакладзе згадваюцца яшчэ тры факты сэксуальнага гвалту з боку расейскіх вайскоўцаў у Марыюпалі, а таксама ў сёлах Чарнігаўскай вобласьці.

Інтэрвію з Аленай з акупаванага Херсону запісалі журналісты агенцтва France Press. Жанчына таксама расказвае, што яе згвалцілі расейскія салдаты.

«Я нават не пасьпела дайсьці дадому. Яны ззаду ў дзьверы зайшлі. Я не пасьпела ўзяць тэлефон. Я не пасьпела нічога. Яны проста моўчкі павалілі мяне на ложак, моўчкі разьдзелі. У чатыры гадзіны раніцы яны проста пайшлі. Яны паміж сабой не размаўлялі. Проста абзывалі хахлушкай, бандэраўкай.І потым сказалі: „Добра, усё, нам на пост заступаць. Мы пайшлі“», — расказвае яна.

«Згвалтаваны на вачах у мамы»

Яшчэ больш фактаў аб сэксуальным гвалце з боку расейскіх вайскоўцаў над украінскімі жанчынамі пачалі ўсплываць пасьля вызваленьня населеных пунктаў у Кіеўскай вобласьці. На відэа, якое зьнялі ўкраінскія вайскоўцы ў вёсцы Багданаўка, цалкам згарэлы дом, побач — цела забітага мужчыны.

«Муж паспрабаваў заступіцца за сваю сям’ю. Ён быў 1985 году нараджэньня. Малады чалавек фактычна. Зь пісталета ён быў застрэлены ў сваім жа двары», — кажа начальнік паліцыі Кіеўскай вобласьці Андрэй Нябітаў.

Пасьля гэтага, паведамляюць у паліцыі, расейскія салдаты згвалцілі жонку забітага мужчыны.

«Жанчына зайшла зь дзіцем дадому, спрабавала схавацца ад гэтага гвалту. Але ўвечары двое (адзін зь іх, Раманаў, намі вызначаны) пасьля ўжываньня алькаголю вярнуліся ў хату і пад пагрозай, што яны нанясуць цялесныя пашкоджаньні яе трохгадоваму сыну, застрэляць яго гэтаксама, як і мужа, зьдзейсьнілі акт гвалту. Акрамя Раманава, там была яшчэ адна ня вызначаная сьледзтвам асоба. Яны былі салдатамі Расейскай Фэдэрацыі. Яны пайшлі, а потым вярталіся так яшчэ тры разы. Зьдзяйсьнялі акты гвалту над ёй. Потым ёй удалося вырвацца і ўцячы», — расказвае Нябітаў.

Па інфармацыі Ўпаўнаважанай управах чалавека ва Ўкраіне Людмілы Дзянісавай, гвалт у Кіеўскай вобласьці зазналі ня толькі жанчыны, але і дзеці.

«Узровень жорсткасьці арміі тэрарыстаў і катаў РФ ня ведае межаў — згвалтаваныя дзеці. Дзяўчынка 14 гадоў згвалтаваная пяцьцю мужчынамі-акупантамі. Цяпер цяжарная. Буча. Хлопчык, 11 гадоў, згвалтаваны на вачах у мамы — яе прывязалі да крэсла, каб глядзела. Буча. Жанчына, 20 гадоў, згвалтаваньне трыма акупантамі адразу, ва ўсе магчымыя месцы. Ірпень», — напісала Дзянісава.

У Расеі афіцыйна адмаўляюць факты зьдзяйсьненьня ваенных злачынстваў супраць мірнага насельніцтва ва Ўкраіне. Але ў адной зь перахопленых размоваў, якую апублікавала СБУ, як мяркуецца, расейскі салдат апавядае дзяўчыне пра тое, што іншыя вайскоўцы згвалцілі дарослую жанчыну і 16-гадовую дзяўчыну.

«У суседняй вёсцы пацаны жанчыну дарослую згвалтавалі і 16-гадовую дзяўчынку», — кажа мужчынскі голас.

«Падчас згвалтаваньня зацяжарылі»

Выпадкі згвалтаваньня на захопленых тэрыторыях пацьвярджаюць і ўкраінскія псыхолягі, да якіх непасрэдна зьвяртаюцца пацярпелыя. Васіліса Леўчанка на ўмовах ананімнасьці пераказвае гісторыю сваёй кліенткі і ейнай непаўналетняй дачкі.

«Да іх зайшлі кадыраўцы, у іх пасёлак. І гэтая жанчына старалася ўгаварыць кадыроўцаў, каб яны бралі не дачку, а яе. На жаль, толькі адзін з мужчын на гэта пагадзіўся... І дачка знаходзілася на момант нашага дыялёгу ў цяжкім стане. Жанчына ў лякарню не зьвярнулася, таму што, як яна сказала, ёй было дастаткова душу і спрынцаваньня», — кажа Леўчанка.

Акрамя таго, па словах псыхоляга, апошнім часам да яе і яе калегаў зьвяртаюцца па псыхалягічную дапамогу ня толькі самі ахвяры гвалту, але і тыя, хто зь імі сутыкаўся па працы, — валянтэры і мэдыкі.

«Цяпер пачалася такая хваля гісторый ад валянтэраў у Польшчы, што да іх паступаюць жанчыны, якія падчас згвалтаваньня зацяжарылі. І ў іх ёсьць маральная дылема, як быць з тым, што ў Польшчы забароненыя аборты, а жанчына хоча пазбавіцца ад такога наступства сваёй траўмы. «Паколькі мы працуем з мэдыкамі, якія працуюць з гэтымі жанчынамі, зь сярэднім мэдыцынскім пэрсаналам таксама. Яны кажуць, што гэтага вельмі шмат, але прывесьці статыстыку немагчыма», — працягвае Васіліса Леўчанка.

Ваенныя злачынствы бяз тэрмінаў даўнасьці

Колькі менавіта жанчын і дзяцей перажылі згвалтаваньні на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях, пакуль падлічыць немагчыма. Таму дакладныя маштабы ацаніць цяжка, гавораць у Офісе генпракурора Ўкраіны, бо ня ўсе пацярпелыя могуць зараз пра гэта расказаць.

«Па апэратыўнай інфармацыі, згвалтаваньняў шмат, жудасна шмат. Усе выпадкі будуць дасьледавацца пасьля вызваленьня тэрыторый. Калі ахвяры гвалту змогуць пагаварыць з прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый, мэдыкамі, а потым ужо пойдуць да пракурораў», — адзначыла генпракурор Украіны Ірына Венэдыктава.

У Офісе генпракурора Ўкраіны створана працоўная група, якая зьбірае сьведчаньні пацярпелых і доказы фактаў згвалтаваньня расейскімі салдатамі, для таго каб у тым ліку перадаць гэтыя матэрыялы далей у Міжнародны крымінальны суд.

«Там адкрыты вытворчасьці менавіта супраць Расейскай Фэдэрацыі. Супраць краіны-агрэсара. Гэта дасьць магчымасьць выкарыстоўваць гэтыя доказы не пэрсанальна ў адносінах да нейкага салдата. Калі нам удасца яго вызначыць, будзе выдатна, а калі мы ня зможам яго выявіць, то мы можам гэтую інфармацыю і доказы выкарыстоўваць для пацьверджаньня факту зьдзяйсьньня асобных злачынстваў арміяй Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны», — кажа адвакат Злата Сіманенка.

Згодна зь міжнародным заканадаўствам, ваенныя злачынствы ня маюць тэрмінаў даўнасьці. Таму, калі пацярпелыя ад сэксуальнага гвалту падчас вайны ва Ўкраіне раскажуць пра гэта празь некалькі гадоў, вінаватых усё роўна можна будзе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG