Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прызнае Генпракуратура «Экстрэмісцкі тэлеграм-канал» экстрэмісцкім


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падобна, што вялікае мноства людзей шукаюць сёньня вызначэньня гэтага дзіўнага тэрміна «экстрэмізм». Прычына ў тым, што за экстрэмізм на рэальны тэрмін цяпер можа патрапіць у турму кожны. Але што такое экстрэмізм і ў чым яго злачынная сутнасьць, ня ведае ніхто.

Вось і блогер Павал Вінаградаў, якога такі пасадзілі ў турму за экстрэмізм, перад тым напісаў у фэйсбуку:

«Генэральная пракуратура на поўным сур’ёзе... прызнала тэлеграм-канал „Березинские хроники“ экстрэмісцкім. Што там было экстрэмісцкага, я ня ведаю. Там у асноўным былі допісы пра тое, як я кабачкі вырошчваю, як бутэлькі пустыя вазіў здаваць. Пра жыцьцё ў Бярэзані, як мой малы ў садок ходзіць. Такое вось усё. Вядома, я і пра тое пісаў, як мне міліцыя самагонку вярнула і як я ў турме сядзеў. Але што ж у гэтым экстрэмісцкага?

Я нават пайшоў пагугліць, хто такія экстрэмісты і што азначае гэты тэрмін. Раптам на самой справе туды можна залічыць вырошчваньне кабачкоў каля хаты. Аднак разабрацца ў гэтым інтэрнэт не дапамог, таму прыйшлося выдаліць „Березинские хроники“ далей ад граху і ад чарговага прыходу міліцыі.

Праз 36 хвілін пасьля паведамленьня Генпракуратуры я канал выдаліў. Але яны, калі захочуць прыцягнуць да адказнасьці, то прыцягнуць, вядома. Я на ўсякі выпадак выдаліў. Праўда, я адразу і новы завёў. Захацелася неяк „угарнуць“ з гэтай сытуацыі. Я падумаў сабе — а што будзе, калі назваць тэлеграм-канал „Экстрэмісцкі тэлеграм-канал“? То я так і зрабіў. Мэта — пабачыць у навінах паведамленьне пра тое, што Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь прызнала тэлеграм-канал „Экстрэмісцкі тэлеграм-канал“ экстрэмісцкім. Я калі гэта прачытаю, то буду тыдзень сьмяяцца».

Экстрэмізм у публічнай прасторы Беларусі — слова новае, але апісвае ці ня самае папулярнае злачынства беларусаў. У выпадку Вінаградава гэта пачуцьцё гумару, іронія і досьціп — даволі шырока распаўсюджаныя па-за рэжымнымі і сілавымі структурамі. Для барацьбы з экстрэмізмам прынята вялікая колькасьць законаў і паправак, галоўная асаблівасьць якіх у тым, што вызначэньня самога экстрэмізму там няма. То бок сам па сабе экстрэмізм ніяк не апісваецца. Гаворка адразу ідзе пра «экстрэмісцкія дзеяньні», і ўжо тут апісваюцца рэальныя злачынствы (тэрарызм, беспарадкі, пагромы), кожнае зь якіх і так мае свой артыкул і сваё пакараньне. А галоўнае — кожнае гаворыць само за сябе. У адрозьненьне ад экстрэмізму.

Прызнацца, яшчэ да таго, як прачытаў пра пошукі Вінаградава, я таксама шукаў вызначэньня, што такое экстрэмізм, і з тым самым вынікам, то бок зь ніякім. І матыў у мяне быў той самы, бо, будучы аўтарам Радыё Свабода, я раптам стаў удзельнікам экстрэмісцкага фармаваньня. Што гэта злачынства, яно як бы зразумела, але ў чым уласна злачынства — не. Бо я на Свабодзе ўжо 25 гадоў і не згадаю, каб наша з калегамі праца камусьці або чамусьці прычынілі зло, вартае пакараньня. Слова «экстрэмізм» гучыць нібыта салідна, але ня значыць нічога, прынамсі нічога ў пляне парушэньня права.

Яшчэ пару гадоў таму эфэм-станцыі ў Беларусі рэклямавалі адпачынак на аграсядзібе слоганам: «Ад рэлакса да экстрыму». Экстрым мусіў разумецца як адпачынак, зьвязаны з рызыкай, зь небясьпекай, са сполахам. То бок экстрэмізм шырока прыйшоў у Беларусь менавіта ў 2020-м, бо цяпер такая рэкляма сама была б рызыкоўнай і небясьпечнай.

У грунтоўным «Юрыдычным энцыкляпэдычным слоўніку» (выдадзеным «Беларускай энцыкляпэдыяй імя Петруся Броўкі» ў 1992 годзе) экстрэмізму проста няма. Гэта значыць, што яго і ў юрыдычнай практыцы не было. А запанавала яно ў праваўжываньні ў часы Лукашэнкі. Калі браць самую сутнасьць, экстрэмізм — гэта нецярпімасьць да злачынных практык уладаў, у шырэйшым сэнсе — нецярпімасьць да зла. То бок нецярпімасьць да той жа нацыянальнай, расавай, гендэрнай, сацыяльнай, сямейнай варожасьці, выяўленая дзеяньнем, словам, думкай або красамоўным маўчаньнем. Злачынствам прызнаная сама нецярпімасьць да зла.

А як яшчэ мірнае вулічнае шэсьце, свабоду якога паводле Канстытуцыі (арт. 35) гарантуе дзяржава, перакруціць на масавыя беспарадкі, якія паводле КК РБ (арт. 293) павінны суправаджацца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады, чаго на практыцы не было і блізка? Калі не суправаджалася, значыць гэта і не беспарадкі. І каб пакараць тых, хто выйшаў зь мірам, спатрэбілася гэтае слова — экстрэмізм, якое, паўтаруся, нічога само па сабе ня значыць. Вікіпэдыя таксама ня можа гэтага ні абвергнуць, ні пацьвердзіць:

«Экстрэмізм (ад лац. extremus — „крайні, празьмерны“) — прыхільнасьць да крайніх і радыкальных поглядаў, мэтадаў дзеяньняў (звычайна ў палітыцы)».

То бок зь першага слова мы выходзім зь юрыдычнага кантэксту ў ацэначны, дзе чыюсьці да чагосьці прыхільнасьць, магчыма, нічым і ня выяўленую, што мы бачым з практыкі судоў, хтосьці можа кваліфікаваць як злачынства.

Вядома, беспарадкі, тэракты ці пагромы могуць трактавацца як злачынства, але яны маюць свае ўласныя артыкулы ў крымінальным кодексе. Экстрэмізм — гэта іх правакацыя? Якім чынам выяўленая? Заклікам да супрацьпраўных дзеяньняў? Але такі заклік таксама мае свой артыкул. Як, дарэчы, і правакацыя — канкрэтнае зафіксаванае дзеяньне або слова. Па-ангельску extra — нешта дадатковае, звыш. А што ў нас звыш дзеяньня і слова? Правільна — думка, яшчэ далей адчуваньне (ня так паглядзеў). Экстрэмізм — гэта «злачыннае самапачуваньне». А паколькі таго, што адчувае чалавек, можа быць і ня бачна, губазікі і пракуроры з судзьдзямі экстрасэнсорным чынам вызначаюць, хто пачуваецца злачынна, а хто не.

Распавядаючы пра шырокае ўжываньне «экстрэмізму» ў юрыдычнай практыцы ў Расеі ў часы Пуціна, Вікіпэдыя ўскосна пацьвярджае паходжаньне гэтай практыкі, яна — расейская, яна — спрадвечная расейская барацьба зь іншадумствам, яна — імпартаваная ў Беларусь у часы Лукашэнкі неадымная частка палітыкі русіфікацыі. Знайсьці настолькі шырока ўжываны дзе-небудзь у сьвеце або хоць на каліва юрыдычна апраўданы «экстрэмізм» Вікіпэдыі так і не ўдаецца:

«У розных краінах і ў розныя часы было дадзена шмат розных юрыдычных і навуковых азначэньняў паняцьцю „экстрэмізм“. Адзінага азначэньня на сёньняшні дзень не існуе».

Вось чаму няма яго і ў законах, якія за экстрэмізм караюць або кваліфікуюць традыцыйныя СМІ ці новыя тэлеграм-каналы як «экстрэмісцкія матэрыялы» ці «экстрэмісцкія фармаваньні».

Ёсьць у гэтых паводзінах расейскай па сутнасьці ўлады і свой псыхалягічны матыў, з шэрагу «украінскіх нацыстаў» ці «намаляваных сінякоў» у зьбітых на горкі яблык удзельнікаў нашых мірных маршаў. Рэжым учыняе зло, але ва ўласнай сьвядомасьці экстрапалюе свае злачынствы на сваіх жа ахвяраў. З экстрэмізмам тое самае. Гэта як бы самаапраўданьне на выпадак, калі павалока экстрапаляцыі спадзе з вачэй і тады... Окей, экстрэмісты — не яны, а мы. Але што той экстрэмізм, ён жа сам па сабе нічога ня значыць. Не існуе, так сказаць, «адзінага азначэньня на сёньняшні дзень».

Няма сумневу, што Генпракуратура прызнае «Экстрэмісцкі тэлеграм-канал» экстрэмісцкім. Бо, як піша ў тым самым пасьце Павал Вінаградаў, яно чым сьмяшней, тым страшней.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG