Раней у чацьвер стала вядома аб высылцы з Масквы намесьніка амэрыканскага амбасадара ў Расеі Барта Гормана. Таксама паступіла інфармацыя, што Расея перадала ЗША адказ на амэрыканскія прапановы па пытаньнях бясьпекі. Як сказаў Байдэн, гэтыя паперы ўжо ёсьць у ягоным распараджэньні, але ён пакуль не можа іх пракамэнтаваць, бо асабіста з імі яшчэ не азнаёміўся.
На просьбу ацаніць узровень пагрозы, зьвязаны з Украінай, Байдэн заявіў, што расейскі напад на гэтую краіну магчымы ў наступныя некалькі дзён. Амэрыканскі прэзыдэнт адзначыў, што Расея пакуль не адводзіць свае войскі ад украінскіх межаў, як сьцьвярджаюць у расейскім Мінабароны. У сувязі з гэтым, па словах Байдэна, у Злучаных Штатаў ёсьць падставы меркаваць, што Масква ўцягнутая ў падрыхтоўку правакацыі, каб апраўдаць пачатак баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. «Усе прыкметы, аб якіх нам вядома, паказваюць, што яны гатовыя атакаваць Украіну», — сказаў Байдэн.
З раніцы ў чацьвер прадстаўнікі прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны сьцвярджаюць, што ўкраінскія войскі нібыта вядуць абстрэлы населеных пунктаў у Данбасе. У штабе ўкраінскіх войскаў заявілі пра дзясяткі парушэньняў сепаратыстамі рэжыму цішыні, пачынаючы з паўночы чацвярга.
Выступаючы на днях, Джо Байдэн заявіў, што Расея засяродзіла каля межаў Украіны каля 150 тысяч сваіх вайскоўцаў.
На паседжаньні Рады Бясьпекі ААН 17 лютага, прысьвечаным абвастрэньню сытуацыі вакол Украіны, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікаў Маскву выразна і ясна заявіць усёй сусьветнай супольнасьці, што Расея не рыхтуецца напасьці на Ўкраіну.
«Скажыце гэта ясна, скажыце гэта ўсяму сьвету, а потым прадэманструйце гэта, адправіўшы свае войскі, танкі, самалёты назад у іх казармы і ангары і паслаўшы сваіх дыпляматаў за стол перамоваў, —цытуе Блінкена SBS News.
Дзяржсакратар зьвярнуўся да міжнародных калег, падкрэсьліўшы пагрозу, якую Расея ўяўляе ня толькі для Ўкраіны, але і для ўсяго сьвету.
«Гэты крызіс непасрэдна закранае кожнага члена гэтай Рады (Рады Бясьпекі — РС) і кожную краіну ў сьвеце, таму што асноўныя прынцыпы, якія падтрымліваюць мір і бясьпеку, прынцыпы, якія былі замацаваны ў выніку дзьвюх сусьветных войнаў і халоднай вайны, знаходзяцца пад пагрозай — прынцыпы, паводле якіх адна краіна ня можа зьмяніць межы іншай краіны сілай», — сказаў Блінкен.
Па словах Блінкена, ён адправіў ліст кіраўніку МЗС Расеі Сяргею Лаўрову з просьбай аб асабістай сустрэчы на будучым тыдні.
За апошнія дні Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў правялі дзьве тэлефонныя размовы — 12 і 15 лютага.
Аб нарошчваньні расейскай ваеннай групоўкі паблізу Ўкраіны ўжо некалькі месяцаў папярэджвае заходняя выведка і іншыя крыніцы. Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў на гэтым тыдні пасьля двухдзённай сустрэчы міністраў абароны краінаў-членаў Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Бруселі, што Расея «мае дастаткова войскаў і магчымасьцяў для пачатку поўнамаштабнага наступленьня на Ўкраіну з папярэджаньнем у кароткія тэрміны, або без яго». «Гэта і робіць сытуацыю такой небясьпечнай», — кажа кіраўнік NATO.
- Масква пляны ўварваньня неаднаразова адмаўляла. А ваеннае ўзмацненьне паблізу Ўкраіны зьвязвала з вучэньнямі і падкрэсьлівала, што перамяшчэньне войскаў па сваёй тэрыторыі — гэта выключна ўнутраная справа Расіі.
- Міністэрства абароны Расеі 15 лютага абвясьціла, што падразьдзяленьні Заходняй і Паўднёвай ваенных акругаў пачынаюць вяртаньне з вучэньняў паблізу Украіны ў пункты пастаяннага базіраваньня. Краіны NATO і Ўкраіна заяўляюць, што пакуль ня бачаць адводу расейскіх войскаў ад межаў з Украінай.
- Кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў заявіў у пачатку тыдня аб гатоўнасьці Масквы працягваць дыялёг з Захадам.