Рэакцыю ЗША і NATO на расейскія прапановы МЗС РФ раскрытыкавала, палічыўшы, што партнэры па перамовах абралі для сябе толькі «зручныя тэмы», паведамляе РБК.
РБК пералічвае асноўныя палажэньні адказу расейскага зьнешнепалітычнага ведамства.
- Амэрыканскі бок, лічыць МЗС РФ, ня даў канструктыўнага адказу на базавыя элемэнты падрыхтаванага Расеяй праекту дамовы з ЗША аб гарантыях бясьпекі. Размова ідзе, у прыватнасьці, пра адмову ад уступленьня Ўкраіны і Грузіі ў NATO і адмову ад стварэньня вайсковых баз на постсавецкай прасторы.
- «У адсутнасьць гатоўнасьці амэрыканскага боку дамаўляцца аб цьвёрдых, юрыдычна абавязковых гарантыях нашай бясьпекі з боку ЗША і іх саюзьнікаў, Расея будзе вымушана рэагаваць, у тым ліку шляхам рэалізацыі мераў ваенна-тэхнічнага характару».
- Паведамленьні аб «расейскім уварваньні» ва Ўкраіну — «спробы аказаць ціск і абясцэніць прапановы Расеі па гарантыях бясьпекі».
- Страта ўкраінскай дзяржавай тэрытарыяльнай цэласнасьці — вынік унутраных працэсаў. Пытаньне аб прыналежнасьці Крыму закрытае.
- Калі Ўкраіна ўступіць у NATO, гэта створыць рызыку рэальнага ваеннага канфлікту паміж Расеяй і альянсам у выпадку спробы Кіева сілай вярнуць страчаныя тэрыторыі.
- Палітыка «адчыненых дзьвярэй NATO» супярэчыць базавым абавязаньням, прынятым у рамках АБСЭ.
- Расея адзначае гатоўнасьць ЗША прадметна працаваць над асобнымі мерамі па кантролі над узбраеньнямі і зьніжэньні рызыкаў. Але расейскія прапановы носяць пакетны характар і павінны разглядацца ў комплексе без вылучэньня асобных складнікаў.
- Расея гатовая заняцца сумеснай выпрацоўкай новага «раўнаньня бясьпекі». Асноўныя кампанэнты — работа па Дамове аб захадах далейшага скарачэньня і абмежаваньня стратэгічных наступальных узбраеньняў і Дамове аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці, неразгортваньні ядзернай зброі па-за нацыянальнымі тэрыторыямі.
МЗС РФ скрытыкаваў рэакцыю ЗША і NATO на прапановы Расеі па гарантыях бясьпекі. «Прагігнараваны пакетны характар расейскіх прапаноў, зь якіх наўмысна абраныя „зручныя“ тэмы, якія, у сваю чаргу, „перакручаныя“ у бок стварэньня перавагаў для ЗША і іх саюзьнікаў. Такі падыход, як і спадарожная рыторыка амэрыканскіх афіцыйных асобаў, падмацоўвае абгрунтаваныя сумневы ў тым, што ў Вашынгтоне сапраўды адданыя выпраўленьню сытуацыі ў галіне эўрабясьпекі», — гаворыцца ў дакумэнце.
Асобна ў дакумэнце згадваюцца заявы Захаду ў кантэксьце крызісу каля межаў Украіны. «Ультыматыўныя патрабаваньні вывесьці войскі з пэўных раёнаў на расейскай тэрыторыі, якія суправаджаюцца пагрозамі ўзмацненьня жорсткасьці санкцый, непрымальныя і падрываюць пэрспэктывы дасягненьня рэальных дамоўленасьцяў», — сказана ў адказе МЗС Расеі.