«Мы бачым усё цясьнейшую інтэграцыю расейскіх і беларускіх сіл, і менавіта таму мы адрэагавалі так, як адрэагавалі — мы ўзмацнілі нашу прысутнасьць на ўсходзе. Нашы сілы зьяўляюцца абарончымі ў Польшчы і Балтыі, і менавіта таму мы цяпер разглядаем нашыя наступныя крокі — гэта разьмяшчэньне сіл у Румыніі і на паўднёвым усходзе альянсу», — заявіў Енс Столтэнбэрг у Брусэлі пасьля сустрэчы міністраў абароны краін NATO, а таксама Ўкраіны і Грузіі.
Такім чынам генэральны сакратар NATO адказаў на пытаньне журналіста, як Паўночнаатлянтычны альянс адрэагуе ў выпадку, калі расейскія войскі пасьля супольных зь Беларусьсю вучэньняў застануцца на беларускай тэрыторыі.
Енс Столтэнбэрг заявіў таксама, што альянс пільна адсочвае сытуацыю ва Ўкраіне, а таксама на Данбасе. Ён заявіў, што сёньняшняе абвастрэньне на ўсходзе Ўкраіны выклікае ў яго занепакоенасьць.
«Мы ня ведаем намераў Расеі, але мы ведаем, што Расея згрупавала вялікую колькасьць сілаў навокал Украіны. Але мы ведаем, што шмат расейскіх выведнікаў працуюць ва Ўкраіне, знаходзяцца на Данбасе, і мы бачылі спробы адшукаць нагоду, каб увайсьці ва Ўкраіну. І гэта нас турбуе», — дадаў ён.
На пачатку лютага стала вядома, што ў краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы накіроўваюцца 2000 амэрыканскіх вайскоўцаў для ўмацаваньня бясьпекі краінаў NATO ў сувязі з пагрозай расейскага збройнага ўварваньня ва Ўкраіну.