Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: ці бараніў нехта Стары Менск пасьля вайны


Руіны самага старога мураванага кварталу Менску з боку вуліцы Вольнай. У XVIIІ стагодзьдзі тут, паводле пляну Тадэвуша Корзуна, знаходзіўся комплекс камяніцаў менскага стольніка Францішка Валадковіча. Зіма 1945–1946 гадоў.
Руіны самага старога мураванага кварталу Менску з боку вуліцы Вольнай. У XVIIІ стагодзьдзі тут, паводле пляну Тадэвуша Корзуна, знаходзіўся комплекс камяніцаў менскага стольніка Францішка Валадковіча. Зіма 1945–1946 гадоў.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая

Ці бараніў нехта Стары Менск

У часе вайны Сталін зрабіў пэўныя ідэалягічныя саступкі, якія дазволілі савецкай прапагандзе апэляваць да нацыянальнага пачуцьця савецкіх народаў. Пачала вальней адчуваць сябе царква, у вайсковую форму вярнулі некаторыя элемэнты формы царскай арміі, газэты і часопісы на нацыянальных мовах СССР пачалі болей пісаць пра гісторыю і традыцыі сваіх народаў.

Ня стала выключэньнем і беларуская прапаганда. Тут ідэалягічнае паслабленьне тлумачылася ня толькі патрэбай мабілізацыі патрыятычных пачуцьцяў, але і неабходнасьцю проціпаставіць нешта нацыянальнай прапагандзе ў акупаванай Беларусі.

У выніку ў 1943–1946 гадах у беларускіх газэтах і часопісах можна было прачытаць артыкулы пра Рагвалода, Рагнеду, Усяслава Чарадзея, паходы «беларуска-літоўскага князя Жыгімонта Карыбутавіча» ў Чэхію на дапамогу Яну Жыжку, пра першадрукара Францішка Скарыну, Кастуся Каліноўскага ды іншыя гістарычныя асобы. На агульным фоне асабліва вылучаўся галоўны грамадзка-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс «Беларусь» — там такія матэрыялы зьмяшчаліся з нумару ў нумар.

«Беларусь» надавала ўвагу і помнікам даўніны, існавала нават спэцыяльная рубрыка «Архітэктурныя помнікі Беларусі». Але там можна было прачытаць нататкі толькі пра найбольш вядомыя помнікі, кшталту Наваградзкага замку. Спробы адшукаць у беларускім друку 1944–1950 гадоў выступы ў абарону старой менскай архітэктуры аказаліся марныя.

Толькі аднойчы — у верасьні 1945 году — часопіс «Беларусь» зьмясьціў невялікую нататку «Замкавая гара ў Мінску», у якой сярод іншага некалькімі радкамі згадаў і будынак Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага:

«Паводле сьцьверджаньняў спецыялістаў, гэты дом, у якім калісьці зьмяшчаўся Гарадзкі суд, быў пабудаваны з рэшткаў фундамента старога замка. У часе вайны гэты дом загінуў. Зараз гара зарасла травой. Яна высіцца сярод руін каля былога ніжняга рынку і маста празь Сьвіслач...»

Адна зь нешматлікіх публікацый тагачаснага друку, прысьвечаная архітэктуры Старога гораду – а менавіта дому Гродзкага суду на Замчышчы, часопіс «Беларусь», №9. 1945 год.
Адна зь нешматлікіх публікацый тагачаснага друку, прысьвечаная архітэктуры Старога гораду – а менавіта дому Гродзкага суду на Замчышчы, часопіс «Беларусь», №9. 1945 год.

Але ніхто і ніколі ня згадваў пра магчымасьць рэстаўрацыі або аднаўленьня нейкай часткі Менску — вуліцы, кварталу або дома.

Людзі ідуць па некалі самым вузкім кавалку вуліцы Калініна зь Нізкага рынку ў бок Няміскай вуліцы і Біржавога завулку (Рыбнага рынку). Справа — захаваны дом пры выхадзе вуліцы на Нізкі рынак. 1945 год.
Людзі ідуць па некалі самым вузкім кавалку вуліцы Калініна зь Нізкага рынку ў бок Няміскай вуліцы і Біржавога завулку (Рыбнага рынку). Справа — захаваны дом пры выхадзе вуліцы на Нізкі рынак. 1945 год.

Так выглядаў самы вузкі адрэзак вуліцы Калініна і пляц колішняга Рыбнага рынку ў 1945 годзе. Добра відаць руіны, якія пакрывалі тады ўвесь раён Нізкага рынку і Замчышча.
Так выглядаў самы вузкі адрэзак вуліцы Калініна і пляц колішняга Рыбнага рынку ў 1945 годзе. Добра відаць руіны, якія пакрывалі тады ўвесь раён Нізкага рынку і Замчышча.

Затое ў друку рэгулярна зьмяшчаліся матэрыялы кшталту таго, што быў апублікаваны ва ўсіх газэтах 5 верасьня 1944 году і займаў цэлую паласу — «Сообщение Чрезвычайной Государственной Комисси по установлению и расследованию злодеяний немецко-фашистских захватчиков и их сообщников „О разрушениях памятников искусства и архитектуры в городах Петродворец, Пушкин и Павловск“». У гэтых «паведамленьнях» грунтоўна і з болем расказвалася пра страты, якія панесла расейская культура ў тых або іншых месцах РСФСР.

І на гэтым фоне «Звязда» аднойчы на першай старонцы зьмясьціла здымак старасьвецкай полацкай камяніцы і радасна паведаміла:

«У Полацку на Ленінскай вуліцы захаваўся домік, у якім жыў Пётр І у час свайго прабываньня ў горадзе ў 1705 годзе».

У той побыт у Полацку п’яны расейскі цар разам са сваім памагатым князем Меншыкавым у Сафійскім саборы забіў шасьцёх беларускіх манахаў-базыльянаў і пасек шабляй абразы сьвятога Язафата Кунцэвіча. «Звязда» у лістападзе 1945 году пра гэта напісаць не магла, яна проста радавалася ўратаванаму "доміку Пятра«— а ў той час у Менску ззаду дамініканскага кляштару яшчэ стаяў рэнэсансны дом Сапегаў — найкаштоўнейшы помнік менскай архітэктуры XVII стагодзьдзя.

Фрагмэнт старонкі газэты «Советская Белоруссия» за 15 кастрычніка 1944 году пад агульным тытулам «Восстановим наш родной Минск!»
Фрагмэнт старонкі газэты «Советская Белоруссия» за 15 кастрычніка 1944 году пад агульным тытулам «Восстановим наш родной Минск!»

Аматарскі верш з таго ж выпуску «Советской Белоруссии» за 15 кастрычніка 1944 году.
Аматарскі верш з таго ж выпуску «Советской Белоруссии» за 15 кастрычніка 1944 году.

Здавалася б, якраз пісьменьнікі і журналісты як самая на той час нацыянальна актыўная частка нешматлікай беларускай эліты маглі выступіць на абарону старой менскай архітэктуры. Аднак гэтага ня сталася. Пісьменьнікі горача падтрымлівалі «аднаўленьне» і нават бралі ў ім актыўны ўдзел. Вось што пісаў у кастрычніку 1944 году драматург Віталь Вольскі:

«С болью в сердце смотрим мы на руины. Как изменился облик родного города! Так могут разрушать только немцы... Кругом работают люди самых разнообразных профессий... Все они с одинаковым рвением регулярно выходят на работы по очистке Минска от развалин.

На одном из участков между улицами Володарского, Интернациональной и Революционной, работает бригада писателей.

На неровном выступе полуразрушенной стены виднеется фигура высокого человека. Это — известный белорусский сатирик и драматург Кондрат Крапива. Мерно и сосредоточенно ударяет он ломом о стену. Отскакивают куски цемента. Кирпич за кирпичом отрывается от стены. Груда кирпичей у подножия стены растёт с каждым ударом.

Внизу работают другие. Драматург А. Кучар и поэт А. Платнер разбирают строительный материал, очищают кирпич от раствора и на носилках относят его в сторону. Поэты Пятрусь Бровка и Максим Лужанин складывают кирпич в аккуратные штабеля...

В 2 часа дня подводится итог. Норма выполнена на 134 процента. Бригадир Крапива делает отметки в личных книжках. В первый выход каждый из писателей отработал 8 часов.

На протяжении тысячелетий Минск не однажды разрушали враги. Но каждый раз он снова возвращался к жизни. Из огня и пепла, как феникс, воспрянет Минск ещё более прекрасный, гордый, живописный и благоустроенный».

Артыкул драматурга Віталя Вольскага «На руинах» у газэце «Советская Белоруссия» за 22 кастрычніка 1944 году.
Артыкул драматурга Віталя Вольскага «На руинах» у газэце «Советская Белоруссия» за 22 кастрычніка 1944 году.

Павал Кавалёў называў прымусовыя выхады мен­чукоў на здабыцьцё будаўнічага матэрыялу «пат­ры­ятычным рухам»:

«У горадзе шырока разгарнуўся выдатны патрыятычны рух за хутчэйшае аднаўленне роднай сталіцы. У ім бяруць удзел усе ад старшыні Саўнаркома Беларусі да хатняй гаспадыні. На вуліцах Мінска плакаты, выпушчаныя дзяржаўнай літаграфіяй. Адзін з іх пытае: „Ці ўкладаеш ты сваю частку працы ў аднаўленне Мінска?“».

Пералічыўшы далей імёны вядомых людзей накшталт партызана Мачульскага, старшыні СНК БССР Панамарэнкі або актора Грыгоніса, якія самааддана працуюць на разборы руінаў і даюць па 180, 200 і нават 300 працэнтаў нормы, Павал Кавалёў намаляваў будучыню сталіцы:

«У Мінск прыяжджала група вядомых архітэктараў краіны — акадэмікі архітэктуры Мардвінаў, Шчусеў, Сямёнаў, Колі і іншыя. Імі распрацаваны план аднаўленьня Мінска. Гэты план будзе ператвораны ў жыцьцё. Горад-герой, непакораны немцамі, зноў уьзнімецца ўвысь і будзе будавацца на радасьць і шчасьце беларусам».

Пачатак артыкулу Паўла Кавалёва «У Менску», часопіс «Беларусь», №1. 1945 год.
Пачатак артыкулу Паўла Кавалёва «У Менску», часопіс «Беларусь», №1. 1945 год.

Беларускія пісьменьнікі ў тыя гады спалучалі павагу да даўніны ў іншых гарадах СССР і поўную няўвагу да даўніны менскай. Хіба толькі Пімен Панчанка ў 1942 годзе ў вершы «Мінску» прадэманстраваў інтуітыўнае адчуваньне гістарычнасьці сталіцы і замілаваньне яе старадаўнім абліччам:

Хачу аднаго я: па бруку шурпатым
Прайсьціся яшчэ раз, зірнуць на муры...

«Брук» і «муры» тут выступаюць паэтычнымі атрыбутамі гістарычнага старасьвецкага Менску. Але ўжо ў 1945 годзе ў вершы «Пад’яжджаючы да Мінска» Панчанка злучае боль і роспач ад убачаных разбурэньняў са стэрэатыпамі тагачаснай савецкай прапаганды:

...Грукоча цягнік...
Праз якую гадзіну
Ты сыдзеш, мой верш, у журбе на руіны
Ты горкага многа ў Мінску пабачыш
Бязь сьведак, цішком, можа нават паплачаш...

...Стань Мінск мой, такім, як хачу я навекі...

...Мінск стольны.
Мінск сьветлы.
Мінск бела-зялёны.
Няма тут завулкаў пакрыўленых, вузкіх.
Тут горад навукі, паэзіі, музыкі.

Далей «пакрыўленымі завулкамі» і «мурамі» Пімен Панчанка захапляўся ўжо толькі ў суседзяў. Наведаўшы Вільню, ён у жніўні 1946 году апублікаваў верш «Сустрэча зь Вільняй»:

А навокал такі прастор!
Такая прыгажосьць!
Касьцёлаў, цэркваў, пэўна, сто
На дзьвесьце вуліц ёсьць.
Муроў і вежаў не зьлічыць...

А ў гэты час у Менску разьбіралі самую старажытную мураваную вуліцу — Дзям’яна Беднага і рэшту самага старога рынку — Нізкага, зь яго гатычнай пляніроўкай і купецкімі камяніцамі па пэрымэтры. У гэты час рэнэсансны пляц Верхняга гораду яшчэ захоўваў грамадзянскую і культавую забудову на трох са сваіх чатырох бакоў, і стаялі цэлыя або троху пашкоджаныя ўсе культавыя помнікі старога менскага цэнтру — 10 кляштараў, 5 касьцёлаў, царква, сынагога і татарская мячэць...

Здымак зроблены ўнутры самага старога мураванага кварталу Менску ў бок вуліцы Калініна і Нізкага рынку. На Калініна пры яе выхадзе на рынак яшчэ стаяць тры дамы рознай ступені захаванасьці. Значная частка самай старой мураванай вуліцы Менску Казьмадзям’янаўскай (Дзям’яна Беднага) ужо разбураная, так што адкрываецца простая пэрспэктыва на вуліцу Гандлёвую. Зіма 1945–1946 гадоў.
Здымак зроблены ўнутры самага старога мураванага кварталу Менску ў бок вуліцы Калініна і Нізкага рынку. На Калініна пры яе выхадзе на рынак яшчэ стаяць тры дамы рознай ступені захаванасьці. Значная частка самай старой мураванай вуліцы Менску Казьмадзям’янаўскай (Дзям’яна Беднага) ужо разбураная, так што адкрываецца простая пэрспэктыва на вуліцу Гандлёвую. Зіма 1945–1946 гадоў.

Падпаў пад уплыў савецкай прапаганды нават Якуб Колас, які, як чытач ужо ведае, мог быць добра абазнаны аб значэньні Старога гораду для беларускай культуры і гісторыі. У сьнежні 1944 году ў лісьце да жонкі зь Менску Колас напісаў:

«... Мінск разбураны, але твар горада застаўся. Мінск ёсьць Мінск, хоць ён страшны ў сваіх руінах... І страшна прызнацца — я нават задаволен, што пры аднаўленьні сталіцы мы зробім яе больш ра­зумнай, больш планавай і выправім тыя агрэхі, якія з’явіліся ў выніку бяспланавага, непрадуманага будаўніцтва...»

Найбольш гарачым прыхільнікам ачышчэньня Менску ад старых будынкаў і пабудовы на яго месцы новага сацыялістычнага гораду выявіўся Мікола Лобан. Лобан пэрыядычна друкаваў у часопісе «Беларусь» артыкулы і нарысы пра аднаўленьне Менску, славячы праекты перабудовы сталіцы.

Пачатак нарысу Міколы Лобана «Менск заўтра», часопіс «Беларусь», №1. 1947 год.
Пачатак нарысу Міколы Лобана «Менск заўтра», часопіс «Беларусь», №1. 1947 год.

У 1947 годзе Мікола Лобан апублікаваў вялікі нарыс «Мінск заўтра», у якім падрабязным чынам, раён за раёнам, апісаў будучы выгляд Менску паводле генпляну 1946 году, складзенага пад кіраўніцтвам Н. Трахтэнбэрга на падставе «праекту-ідэі» маскоўскіх акадэмікаў. У тым тэксьце можна знайсьці і адсылкі да менскай даўніны:

«Мінск — горад з тысячагадовай гісторыяй. Аб гэтым, акрамя ўсяго іншага, сьведчаць яго вузкія і крывыя вуліцы, выпадковыя плошчы і паркі»;

а можна было ўбачыць і пагарду да той самай даўніны:

«У спадчыну ад мінулага нам не дасталася ні цудоўных палацаў, ні ўпарадкаваных плошчаў і вуліц, ні паркаў, ні авеню, чым могуць пахваліцца шмат якія сталіцы».

Згадаўшы вузкія і крывыя вулкі як сьведкі мінулага, Мікола Лобан далей захапляецца плянамі іх зносу і пашырэньня, часткова ўжо ажыцьцёўленымі:

«Камсамольская. Вы яе не пазнаеце. З вузкага васьміметровага крывога завулка яна ператварылася ў бульвар, які шырокай паласой зелені, уліваючыся ў спартыўны парк, адчыняе цэнтральны падход да стадыёна „Дынама“».

Пра тагачасныя Нямігу і Стары горад Лобан пісаў:

«Між іншым тая спецыяльная магістраль ня толькі разгружае Савецкі праспект, яна з’яўляецца і помнікам старадаўнасьці. Планіроўшчыкі беражліва захавалі яе выгнутую трасу. Тут некалі на паверхні тальвега цякла рака Няміга, вядомая ў гісторыі тым, што на яе беразе ў 1067 годзе суст­рэліся войскі полацкага князя Ўсяслава з войскамі Яраславічаў... Цяпер гэтай ракі не відаць, яна глыбока захавана ў грунт пад вуліцай.

Наогул раён Нямігі — гэта самы старажытны раён. Тут і рэшткі старадаўніх замкаў і манастыры, тут і рэшткі сельбішчаў Х—ХІ стагодзьдзяў. Да рэвалюцыі Няміга была ўзорам забытай акраіны. Вузенькая, крывая, забрукаваная вялізным круглым каменьнем, брудная і цёмная. Жыхароў было тут больш чым трэба, а — ні каналізацыі, ні вадаправода, ні асьвятленьня. Толькі крамкі дробнага гандлю па абодва бакі, ды саматужныя майстэрні.

Цяпер гэтая закіданая вуліца ператворана ў трыццаціпяціметровую магістраль, складзеную з вуліц: Мясьнікова, Нямігі, Чырвонай, Лагойскага тракту...»

Пры чытаньні такіх тэкстаў міжволі ўспамінаецца мэдычная назва псыхічнай хваробы, што азначае раздвоенасьць асобы. І хвароба гэтая, выглядае, празь ціск прапаганды і жах рэпрэсіяў апанавала тады не асобных людзей і не асобных творцаў, але ўсё грамадзтва, усю грамадзкую думку.

Пасьля разборак 1945–1946 гадоў савецкія ўлады на некалькі гадоў забыліся пра Нізкі рынак. Уся іх увага была прыцягнутая да рэканструкцыі Савецкай вуліцы і забудовы яе новымі палацамі. Нізкі рынак тым часам зарастаў бур’янам і затоптваўся менчукамі. 1949 год.
Пасьля разборак 1945–1946 гадоў савецкія ўлады на некалькі гадоў забыліся пра Нізкі рынак. Уся іх увага была прыцягнутая да рэканструкцыі Савецкай вуліцы і забудовы яе новымі палацамі. Нізкі рынак тым часам зарастаў бур’янам і затоптваўся менчукамі. 1949 год.

Так выглядала менскае Замчышча ў другой палове 1940-х гадоў з боку вусьця Нямігі. Справа відаць захаваную частку забудовы.
Так выглядала менскае Замчышча ў другой палове 1940-х гадоў з боку вусьця Нямігі. Справа відаць захаваную частку забудовы.

Вуліца Гандлёвая пры яе выхадзе на Нізкі рынак. Уражваюць старыя муры зьлева з арачнымі праёмамі і клясычнымі «замкамі» над імі. 1950 год.
Вуліца Гандлёвая пры яе выхадзе на Нізкі рынак. Уражваюць старыя муры зьлева з арачнымі праёмамі і клясычнымі «замкамі» над імі. 1950 год.

Рукі да Старога гораду дайшлі ў 1949–1951 гадах, калі было вырашана ўпарадкаваць схіл да вуліцы Калініна і забрукаваць пашыраную вуліцу Вольную як трасу да сквэру, пасаджанага ў 1950–1951 гадах на тэрыторыі паміж Нізкім і Рыбным рынкамі. Самыя старыя менскія муры даручылі разьбіраць не археолягам, а экскаватаршчыкам. Тыя руіны маглі быць сапраўднай энцыкляпэдыяй гісторыі беларускай архітэктуры, але экскаватары капалі там культурны слой як цаліну. У той самы час польскі народ плакаў над сваімі руінамі ў гістарычным цэнтры Варшавы і пачынаў збор сродкаў на іх аднаўленьне. 1949 год.
Рукі да Старога гораду дайшлі ў 1949–1951 гадах, калі было вырашана ўпарадкаваць схіл да вуліцы Калініна і забрукаваць пашыраную вуліцу Вольную як трасу да сквэру, пасаджанага ў 1950–1951 гадах на тэрыторыі паміж Нізкім і Рыбным рынкамі. Самыя старыя менскія муры даручылі разьбіраць не археолягам, а экскаватаршчыкам. Тыя руіны маглі быць сапраўднай энцыкляпэдыяй гісторыі беларускай архітэктуры, але экскаватары капалі там культурны слой як цаліну. У той самы час польскі народ плакаў над сваімі руінамі ў гістарычным цэнтры Варшавы і пачынаў збор сродкаў на іх аднаўленьне. 1949 год.

Ключ да такіх загадак мэнтальнай раздвоенасьці можна знайсьці ў абавязковых тагачасных заклінаньнях пра Сталіна, яго клопат аб чалавеку, аб «сацыялізме» і «камунізме». Ня быў выключэньнем і Мікола Лобан:

«Планіроўшчыкі Парыжа імкнуліся стварыць такі „горад, у якім лёгка было б падтрымліваць парадак і сацыяльны мір“. Зусім іншая сацыяльная ідэя ляжыць у аснове сацыялістычнай рэканструкцыі гарадоў. Савецкая планіроўка не адмаўляе стварэньня архітэктурна стыльнага ярка падкрэсьленага цэнтра. Але гэтае імкненьне нічога агульнага не мае з османаўскім (граф Жорж Э. Осман — аўтар перапляніроўкі Парыжу ў 60-я гг. ХІХ ст. — С. А.) імкненьнем да паказнога, імпазантнага.

Душою нашай савецкай планіроўкі зьяўляецца сталінскі клопат аб чалавеку. Наша планіроўка накіравана на тое, каб стварыць горад такі, які б адказваў усім павышаным запатрабаваньням сацыялістычнага грамадзтва. Клопат аб чалавеку: аб яго здароўі, аб жыльлі, аб зручнасьці транспарту, аб адпачынку — вось што ляжыць у аснове ідэі сацыялістычнай планіроўкі».

І сапраўды, вуліцы менскага цэнтру цяпер шырокія і прасторныя, а тыя менчукі, што прагнуць даткнуцца да сівой даўніны і атрымаць эстэтычную асалоду ад старой архітэктуры, цяпер езьдзяць у тыя гарады, дзе ў цэнтрах вуліцы якраз вузкія і старыя, а транспарту цесна.

Пачатак артыкулу Міколы Лобана «Менск сёньня», часопіс «Беларусь», №11. 1948 год.
Пачатак артыкулу Міколы Лобана «Менск сёньня», часопіс «Беларусь», №11. 1948 год.

У 1948 годзе Мікола Лобан выступіў з нарысам «Мінск сёньня», прысьвечаным рэканструкцыі Менску. Тут ужо адсылак да даўніны не было, гэты тэкст — суцэльны панэгірык генпляну 1946 году і «сьветламу сацыялістычнаму заўтру»:

«Будаўніцтва ідзе па ўсяму гораду. На нашых вачах з руін уьзнімаюцца манументальныя дамы, праспекты і вуліцы мяняюць свае напрамкі, там, дзе некалі былі густа заселеныя кварталы, узьнікаюць новыя прасторныя плошчы. Генеральны план рэканструкцыі сталіцы — у дзеяньні.

Тое, што год-два назад было яшчэ толькі марай, сёньня прыходзіць да нас у выглядзе рэальнасьці. Гэта даецца нялёгка: патрэбны вялікія затраты грошай, будаўнічых матэрыялаў і працы, але гэта апраўдаецца, калі высакародная мэта — стварэньне добраўпарадкаванага сацыялістычнага горада — будзе дасягнута... Захады нашай партыі і ўрада накіраваны на тое, каб максімальна аздаравіць нашы сацыялістычныя гарады. Стварэньне высокага дабрабыту для насельніцтва горада з’яўляецца асноўнай задачай у праблеме рэканструкцыі горада».

Акідаючы вокам беларускую рэчаіснасьць другой паловы 40-х гадоў, прыходзіш да высновы, што нейкім чынам процістаяць разбурэньням у Менску мог вядомы мастацтвазнавец і гісторык архітэктуры, колішні супрацоўнік-карэспандэнт Міколы Шчакаціхіна ў Інбелкульце Іван Хозераў, які да вайны кіраваў Смаленскім дзяржаўным музэем. У 1946 годзе Хозераў быў прызначаны начальнікам аддзелу аховы помнікаў Упраўленьня па справах архітэктуры пры Савеце міністраў БССР, але празь некалькі месяцаў раптоўна памёр ва ўзросьце 58 гадоў.

Справаздача пра ход аднаўленьня Менску, часопіс «Беларусь», №11-12. 1946 год.
Справаздача пра ход аднаўленьня Менску, часопіс «Беларусь», №11-12. 1946 год.

Вось так выглядаў беларускі грамадзка-літаратурны пэйзаж у той час, калі ў Менску грымелі сапёрныя выбухі, калі «Трэст» і вулічныя камітэты здабывалі будматэрыялы на «аднаўленьне» гораду і калі Н. Трахтэнбэрг плянаваў «новы сацыялістычны Менск». Сытуацыя зьмянілася толькі празь дзесяць гадоў. Але ненадоўга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG