Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: мост над Нямігай


Сутык вуліц Нямігі і Астроўскага (цяпер Ракаўскай). Здымак з мосту над Нямігай. Вуліца ўжо падрыхтаваная да зносу. Першым пачнуць зносіць дом зьлева. 29 ліпеня 1970 году
Сутык вуліц Нямігі і Астроўскага (цяпер Ракаўскай). Здымак з мосту над Нямігай. Вуліца ўжо падрыхтаваная да зносу. Першым пачнуць зносіць дом зьлева. 29 ліпеня 1970 году

Радыё Свабода пачынае публікацыю фрагмэнтаў другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў.

Кварталы рынкаў разьдзяляла вуліца Школьная (ад 1931 — Вольная), якая пад простым вуглом перасякалася з Кацярынінскай (ад 1926 — Калініна). Над Вольнай у 1959 годзе, пасьля яе поўнага зносу, пачалі будаваць мост, што абрынуўся ў ноч на 8 студзеня 2022 году. Сёньня публікуецца прадмова аўтара да ўсяе кнігі. Чытайце кожную сераду і суботу цягам наступных двух месяцаў.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.

Ад аўтара

Сям’я маёй маці жыла ў гістарычным цэнтры Менску з канца ХІХ стагодзьдзя. У маіх прапрадзеда і прапрабабулі Яна і Агаты Ласёў з-пад Радашкавічаў было сямёра дзяцей. Іх старэйшы сын Тодар Лось пераехаў у Менск і даў пачатак менскай галіне майго роду па кудзелі. У Тодара таксама было сямёра дзяцей, чацьвёртай у 1915 годзе нарадзілася мая бабуля Вера. Да вайны Тодар з усімі сваімі дзецьмі, некаторыя зь якіх ужо мелі ўласныя сем’і, жыў у вялікай кватэры на другім паверсе дому на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 11а (у двары насупраць цяперашняга кінатэатру «Перамога»).

Сям’я Тодара і Марыі Ласёў (сядзяць у цэнтры). У барэце — бабуля аўтара Вера Лось-Паўлава. Менск, 1936 год.
Сям’я Тодара і Марыі Ласёў (сядзяць у цэнтры). У барэце — бабуля аўтара Вера Лось-Паўлава. Менск, 1936 год.

Восеньню 1943 году нямецкія акупацыйныя ўлады сканфіскавалі нашу кватэру і перасялілі прадзеда Тодара з прабабуляй Марыяй (з Мамчыцаў) і дарослымі дзецьмі Ганнай, Верай, Ірынай і Андрэем на вуліцу Ратамскую, 25 (цяпер Мельнікайце) у пакінуты гаспадарамі дом з мураваным цокалем і драўляным першым паверхам. Бабуля Вера пераехала туды ўжо з паўгадовай дачкой Алісай, маёй маці.

Там, на Ратамскай, і прайшло дзяцінства маці, бо пасьля прыходу савецкіх уладаў у 1944 годзе кватэру на Інтэрнацыянальнай сям’і не вярнулі — яна як спадчына нямецкай вайсковай установы была перададзена аднаму з гарадзкіх ваенкаматаў. Па вуліцах Астроўскага і Віцебскай маці хадзіла ў школу № 30 на Рэвалюцыйнай, а пасьля ў школу № 42 на Камсамольскай.

Першая кляса школы № 30, якая знаходзілася ў дварах паміж вуліцамі Няміскай і Рэвалюцыйнай. У цэнтры коратка стрыжаная вучаніца ў белым школьным фартуху — маці аўтара Аліса Паўлава. Менск, 1950 год
Першая кляса школы № 30, якая знаходзілася ў дварах паміж вуліцамі Няміскай і Рэвалюцыйнай. У цэнтры коратка стрыжаная вучаніца ў белым школьным фартуху — маці аўтара Аліса Паўлава. Менск, 1950 год

Там жа, на Ратамскай, нарадзіўся і я. Маё дзяцінства, прынамсі яго значная частка, прайшло ў рэшце Старога гораду — пераважна на Нямізе, дзе жылі бабуліны сяброўкі, да якіх мы часта хадзілі ў госьці, і ва ўсім Ракаўскім прадмесьці з мноствам яго брукаваных вулак і завулкаў — Астроўскага, Віцебскай, Замкавай, Шпалернай, Вызваленьня, Дзімітрова і іншых. Гэта быў наш раён, наш горад, наша асяродзьдзе.

Старая Няміга зь яе аркамі, унутранымі дворыкамі і драўлянымі галерэямі на першых і другіх паверхах заўсёды, як жывая, стаіць перад вачыма. Я памятаю яе гукі, пахі і смак габрэйскіх булачак бэйгелах, якія пяклі бабуліны сяброўкі ў маленькіх кватэрках, што вокнамі выходзілі на тыя драўляныя ўнутраныя галерэі.

Вуліца Няміская зімой 1941–1942 гадоў
Вуліца Няміская зімой 1941–1942 гадоў

Ня раз бабуля расказвала і пра Нізкі рынак, дзе яна маленькай дзяўчынкай гандлявала чыстай пітной вадой, каб дапамагчы сям’і і зарабіць на дзіцячыя прысмакі. У гэтых аповедах атмасфэра рынку апісвалася так маляўніча, што мне зь цягам часу стала здавацца, што я яго бачыў на свае вочы, як і старую Нямігу.

Аднойчы бабуля прывяла мяне на так званы «пуцеправод» над Нямігай — мост з плошчы Свабоды на Паркавую магістраль. Аказалася, Нямігу зносяць. Бабуля плакала, я сьцішана стаяў побач. Пасьля мы прыходзілі туды шмат дзён і глядзелі, як гусенічны кран з падвешанай на страле чыгуннай «бабай» зьнішчае старажытныя дамы на левым, няцотным баку вуліцы, што некалі прымыкалі да Школьнага двара. «Баба» глуха і вусьцішна стукалася аб старыя сьцены, яны дрыжэлі, стагналі, вытрымлівалі адзін-два ўдары, пасьля пачыналі адломвацца вялікімі кавалкамі і ўрэшце абрыналіся, узьняўшы хмары белага пылу.

Вуліца Школьная пры яе сутыку з Кацярынінскай (у цэнтры зь яе выходзяць людзі). 1918 год
Вуліца Школьная пры яе сутыку з Кацярынінскай (у цэнтры зь яе выходзяць людзі). 1918 год

Людзі, якія перажылі нямецкую акупацыю ў Менску, ня надта ахвоча расказвалі пра сваё тагачаснае жыцьцё. Не былі выключэньнем і мая бабуля са сваімі сёстрамі Ірынай і Ганнай, а таксама братам Андрэем, які пасьля палону вярнуўся ў акупаваны Менск і працаваў тэхнікам на беларускім радыё. Але была адна тэма, пра якую бабуля расказвала шмат разоў — гэта жорсткія савецкія бамбаваньні Менску. Вусьцішныя дэталі той трагедыі (накшталт чалавечых парэштак на тэлеграфных дратах) пакінулі ў яе душы такі сьлед, што яна да сьмерці ў 92 гады не магла пра гэта забыцца.

Вуліца Калініна, пракладка каналізацыі. 1926 год. Мост, які ўпаў у ноч на 8 студзеня 2022 году, быў пракладзены над месцам, дзе стаіць фатограф
Вуліца Калініна, пракладка каналізацыі. 1926 год. Мост, які ўпаў у ноч на 8 студзеня 2022 году, быў пракладзены над месцам, дзе стаіць фатограф

Так да замілаваньня раёнам дзяцінства дадалася крыўда за яго страту, бо з размоваў дарослых вынікала, што ня ўсе з разбурэньнем Нямігі ў 1970–1972 гадах згодныя і не за ўсе разбурэньні ў Менску падчас вайны адказныя немцы. І так маё жыцьцё назаўсёды зьвязалася са Старым горадам. Калі ў другой палове 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя моладзевае аб’яднаньне «Талака» выступіла ў абарону рэшты гістарычнага Менску, я ўжо быў сярод яго сяброў. У газэтных справаздачах аб круглых сталах і палеміцы з архітэктарамі нярэдка можна сустрэць імя актыўнага выступоўцы «студэнта гістфаку Сяргея Абламейкі».

Фрагмэнт панарамнага здымку Менску, зробленага зь нямецкага самалёта. Ад плошчы Свабоды ўніз простай лініяй ідзе вуліца Вольная. Над ёй у 1959–1960 гадах пабудавалі мост. Ліпень 1941 году
Фрагмэнт панарамнага здымку Менску, зробленага зь нямецкага самалёта. Ад плошчы Свабоды ўніз простай лініяй ідзе вуліца Вольная. Над ёй у 1959–1960 гадах пабудавалі мост. Ліпень 1941 году

Калі ж у пачатку ХХІ стагодзьдзя менскі гарвыканкам заснаваў таварыства «Менская спадчына», якое занялося асваеньнем рэшты гістарычнай забудовы, бязьлітасна яе зьнішчаючы і перабудоўваючы ў стылі губэранскага расейскага гораду, маё сэрца ня вытрымала. Я зразумеў, што трэба напісаць гісторыю разбурэньня Старога гораду з самага яе пачатку — з 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя — інакш наступныя пакаленьні менчукоў пачнуць успрымаць вынікі правінцыйнага барбарства «Менскай спадчыны» як сапраўднае аблічча Старога Менску. Гэтым у 2006 годзе я і заняўся.

Сквэр на трасе былой Вольнай вуліцы. Неўзабаве над гэтым месцам зьявіцца мост. Другая палова 1950-х гадоў
Сквэр на трасе былой Вольнай вуліцы. Неўзабаве над гэтым месцам зьявіцца мост. Другая палова 1950-х гадоў

Але зрабіць гэта было няпроста. Спэцыяльных навуковых дасьледаваньняў, прысьвечаных гісторыі разбурэньня гістарычнага цэнтру Менску і яго прычынам, у Беларусі ніколі не праводзілі. У беларускай гістарыяграфіі няма ні асобнай кнігі, ні нават асобнага артыкулу, цалкам прысьвечаных гісторыі зьнікненьня ў Менску раёну Старога гораду, які ахопліваў сабой тэрыторыю Замчышча і прылеглыя кварталы вуліцы Нямігі, а таксама Нізкага і Рыбнага рынкаў, і прычынам гэтага зьнікненьня. Гэтая кніга — першае такое дасьледаваньне.

«Путепровод» на Паркавую ў бок Камсамольскага возера ўжо пабудаваны. Упарадкаваны і Нізкі рынак разам з кавалкам скапанага Замчышча. Там пабудаванае аўтобуснае колца для многіх гарадзкіх маршрутаў. 1964 год
«Путепровод» на Паркавую ў бок Камсамольскага возера ўжо пабудаваны. Упарадкаваны і Нізкі рынак разам з кавалкам скапанага Замчышча. Там пабудаванае аўтобуснае колца для многіх гарадзкіх маршрутаў. 1964 год

Без магчымасьці абаперціся на працы папярэднікаў давялося больш за дзесяць гадоў працаваць у беларускіх і замежных архівах, чытаць стары друк, запісваць гутаркі зь менскімі старажылам і шукаць паўсюль невядомыя здымкі Менску.

Асабліва плённымі аказаліся паездкі ў Фэдэральны архіў Нямеччыны (Bundesarchiv) у Кобленцы (люты 2008) і Вайсковы архіў Баварыі (Kriegsarchiv) у Мюнхэне (жнівень 2008), а таксама Нацыянальны архіў ЗША (NARA) у Мэрылэндзе (чэрвень 2014). У гэтых архівах удалося знайсьці сотні раней невядомых наземных і авіяцыйных здымкаў Менску 1917–1944 гадоў, частка зь якіх, найперш здымкі з Фэдэральнага архіву Нямеччыны, у 2009 годзе празь Вікімэдыя трапілі ў грамадзкі ўжытак дзякуючы таму, што я замовіў іх электронныя копіі.

Вуліца Няміга. Канец 1960-х гадоў
Вуліца Няміга. Канец 1960-х гадоў

Але ў выглядзе папяровых копій або авіяцыйных фатастужак там застаюцца сотні пакуль невядомых беларускім дасьледнікам фатаздымкаў Менску, якія мне ўдалося паглядзець і патрымаць у руках. Каля сотні зь іх я прывёз у выглядзе папяровых ксэракопій. Таксама вялікай удачай стала перадача мне адным з брытанскіх калекцыянэраў больш як 150 здымкаў асабістага фатографа Вільгельма Кубэ, сярод якіх, напрыклад, здымкі інтэр’ераў Дамініканскага касьцёлу і аднаго з будынкаў езуіцкага кляштару — Дому губэрнатара.

І яшчэ адзін момант. Трэба разумець розьніцу паміж тэрмінамі «Стары горад» і «стары Менск». Стары Менск уключае ў сябе ўвесь гістарычны цэнтар зь Верхнім горадам, Новым горадам і шматлікімі прылеглымі да іх вуліцамі і завулкамі, многія зь якіх забудавалі мураванымі дамамі толькі ў ХІХ стагодзьдзі.

Крама на рагу вуліц Кацярынінскай і Школьнай. Цяпер бы яна знаходзілася пад мостам, што ўпаў 8 студзеня 2022 году. 1925 год
Крама на рагу вуліц Кацярынінскай і Школьнай. Цяпер бы яна знаходзілася пад мостам, што ўпаў 8 студзеня 2022 году. 1925 год

У архітэктурна-мастацкім сэнсе Верхні горад і яго навакольле з камяніцамі, храмамі, кляштарамі і палацамі больш каштоўныя, чым помнікі Старога гораду. Але раён Нізкага рынку і Замчышча апынуўся ў цэнтры маёй увагі таму, што гэта — самая старажытная частка Менску, цалкам зьніклая на сёньня; яе гістарычная каштоўнасьць цалкам сувымерная з мастацкай каштоўнасьцю Верхняга гораду.

У цэнтры ўвагі нацыянальных дзеячоў у 10–30-я гады ХХ стагодзьдзя былі ня толькі Стары горад, але і помнікі Верхняга гораду. Пляны сацыялістычнай рэканструкцыі сталіцы таксама закраналі ня толькі Стары горад, але і ўвесь стары Менск. Таму ў кнізе можна сустрэць фатаздымкі і згадкі пра помнікі ня толькі Нізкага рынку, але і ўсяго гістарычнага цэнтру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG