Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: хто і як аднаўляў сталіцу савецкай Беларусі


Руіны паміж вуліцай Калініна і Плошчай Свабоды ў раёне былога Школьнага двара. Людзі паварочваюць направа, на Вольную, каб падняцца на Плошчу Свабоды. Зіма 1945–1946 гадоў.
Руіны паміж вуліцай Калініна і Плошчай Свабоды ў раёне былога Школьнага двара. Людзі паварочваюць направа, на Вольную, каб падняцца на Плошчу Свабоды. Зіма 1945–1946 гадоў.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая

Хто і як аднаўляў сталіцу савецкай Беларусі

У сьнежні 1943 году ў Маскве пры Саўнаркаме БССР было створана Ўпраўленьне па справах архітэктуры. 13 жніўня 1944 году выканаўца абавязкаў начальніка гэтага ўпраўленьня А. Валноў у інтэрвію газэце «Советская Белоруссия» паведаміў аб сытуацыі ў Менску:

«Подготовительные работы по планировке развернулись более двух недель назад. Сейчас до 15-ти специалистов проводят съёмку города с натуры. Эта работа необходима для создания генерального плана реконструкции города. В Минске создана архитектурно-планировочная мастерская; она будет выполнять работу по планировке городов. Из Москвы ожидается приезд бригады специалистов для опытно-показательной планировки одного из районов Минской области...»

У Масквы, аднак, былі іншыя пляны, і падобна, што А. Валноў — галоўны на той час архітэктар у БССР — пра іх нічога ня ведаў. Бо ўжо праз два дні, 15 жніўня, у Менск прыбыла не «брыгада спэцыялістаў для вопытна-паказальнай пляніроўкі аднаго з раёнаў Менскай вобласьці», але камісія Камітэту па справах архітэктуры пры СНК СССР у складзе вядомых савецкіх акадэмікаў архітэктуры М. Колі, А. Мардвінава, У. Сямёнава, А. Шчусева, члена-карэспандэнта Б. Рубаненкі, а таксама І. Лан­гбарда і архітэктара зь Беларусі Н. Трахтэнбэрга. І задача ў іх была зусім іншая. Акадэмікі меліся «вопытна-паказальна» сплянаваць вызваленым беларусам новую сталіцу.

Маскоўскай камісіі хапіла пары тыдняў, каб ра­забрацца ў сытуацыі і падрыхтаваць эскізны праект «Идея центра Минска», датаваны ўжо 27-м жніўня 1944 году.

Графічная частка «Праекту-ідэі цэнтру Менску» маскоўскіх акадэмікаў архітэктуры. Жнівень 1944 году.
Графічная частка «Праекту-ідэі цэнтру Менску» маскоўскіх акадэмікаў архітэктуры. Жнівень 1944 году.

Сярод прапановаў гэтага праекту была і прапанова захаваць трасу і значную частку забудовы вуліцы Савецкай з увагі на яе вялікую архітэктурную каштоўнасьць — лішні доказ, што вуліца ў 1944 годзе не выглядала так, як гэта цяпер паказваецца на пазьнейшых здымках. Яе забудова цалкам захавалася ад рога з Камсамольскай да Чырвонага касьцёла, прычым тая яе частка, што знаходзілася на месцы цяперашняй плошчы Незалежнасьці, не была нават спаленая і захавала дахі. Але «беларускія вучні» ня выканалі прапановы расейскіх «настаўнікаў». Прычым, як убачым далей, ня толькі адносна лёсу забудовы вуліцы Савецкай.

Захаваная пасьля акупацыі частка Савецкай вуліцы на адрэзку паміж вуліцамі Ўрыцкага і Валадарскага. 1944 год.
Захаваная пасьля акупацыі частка Савецкай вуліцы на адрэзку паміж вуліцамі Ўрыцкага і Валадарскага. 1944 год.

Падрыхтавалі расейскія акадэмікі і «Записку» да сваёй «ідэі». У гэтым дакумэнце яны, між іншага, канстатавалі, што паводле сваіх архітэктурных вартасьцяў тагачасны (разбураны!) Менск можна параўнаць з такімі гарадамі СССР, як «Вильнюс и Львов», а ў дадатку да эскізу пад назвай «Основные соображения о планировке и восстановлении города Минска», акадэмікі пісалі:

«Расположенный у западных границ СССР город Минск сочетает в себе образы русских городов с большим влиянием городов Запада; он характерен узкими, изломанными в плане улицами, застроен в центре капитальными зданиями, среди которых многие имеют значение как исторические памятники архитектуры. ...На возвышенных частях города расположены монументальные здания церквей, монастырей и городской ратуши, дающие своеобразную красоту силуэту города».

Але нягледзячы на захапленьне заходнеэўрапейскім выглядам крывых вуліц менскага Старога гораду расейскія акадэмікі не пакінулі гэтай частцы Менску ніякіх шанцаў уратавацца і быць адноўленай — яны заплянавалі на месцы Замчышча зялёную зону і Паркавую магістраль, як гэта прадугледжвалася і ў даваенным генпляне.

Першая старонка тлумачальнай запіскі да «Праекту-ідэі цэнтру Менску» маскоўскіх акадэмікаў архітэктуры. Жнівень 1944 году.
Першая старонка тлумачальнай запіскі да «Праекту-ідэі цэнтру Менску» маскоўскіх акадэмікаў архітэктуры. Жнівень 1944 году.

Будынак езуіцкага калегіюму з гадзіньнікавай вежай у тыя часы многія неабазнаныя памылкова лічылі менскай ратушай. Вельмі характэрна, што сярод неабазнаных аказаліся ня толькі маскоўскія акадэмікі, але і ўраджэнец мястэчка Бахмач на Чарнігаўшчыне, адзін з аўтараў праекту дэталёвай пляніроўкі Менску 1939 году, галоўны архітэктар генплянаў 1946 і 1951 гадоў Навум Трахтэнбэрг — адзіны прадстаўнік БССР у складзе маскоўскай камісіі. З такімі «ведамі» менскай даўніны ён з калегамі неўзабаве і прыступіў да «рэканструкцыі» гораду паводле маскоўска-акадэмічнай «Идеи центра Минска».

У кастрычніку 1944 году Н. Трахтэнбэрг, тады яшчэ начальнік аддзелу пляніроўкі Ўпраўленьня па справах архітэктуры пры СНК БССР, выступае ў беларускім друку з артыкулам «О будущем нашей столицы». Нягледзячы на тое, што артыкул меў падзагаловак «В порядке обсуждения», ніякіх пярэчаньняў у тагачасным друку выявіць не ўдалося — толькі падтрымка. У сваім артыкуле Н. Трахтэнбэрг пісаў:

«Задачи восстановительного строительства очень сложны, так как город не только должен быть восстановлен, но должны быть исправлены все недостатки прежней планировки и застройки, созданы наилучшие условия городской жизни и благоустройства, разрешены архитектурно-планировочные задачи, связанные с историческим и общественным значениями Минска как столицы Белоруссии...

Основные недостатки городского плана сводятся к следующему: отсутствие архитектурно-выраженного общественного центра города, соответствующего значению Минска как столицы республики; обилие узких, изломанных в плане улиц, не удовлетворяющих ни архитектурным, ни транспортным требованиям... Минск не имел характерного, запоминающегося архитектурного облика».

Пачатак артыкулу Н. Трахтэнбэрга «О будущем нашей столицы» ў газэце «Советская Белоруссия» за 21 кастрычніка 1944 году.
Пачатак артыкулу Н. Трахтэнбэрга «О будущем нашей столицы» ў газэце «Советская Белоруссия» за 21 кастрычніка 1944 году.

Вынесшы прысуд «безаблічнаму» Менску і заявіўшы пра неадпаведнасьць вузкіх і крывых вуліц «архітэктурным і транспартным» патрабаваньням, Н. Трахтэнбэрг перайшоў да апісаньня эскізнага праекту будучага генпляну сталіцы. Ён пісаў пра новыя шырокія вуліцы і плошчы, пра паркі і бульвары, пра архітэктурныя ансамблі будучага Менску, і яшчэ тады, у кастрычніку 1944 году, практычна ні ў чым не памыліўся. Намаляваную ім карціну будучага Менску сёньня можна бачыць наяве.

Знос гандлёвых радоў «Віленчукі» і паўднёва-ўсходняй паловы Малога гасьцінага двара XVIIІ стагодзьдзя. Працуюць спэцыялісты Трэсту разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў і менчукі. 1946 год.
Знос гандлёвых радоў «Віленчукі» і паўднёва-ўсходняй паловы Малога гасьцінага двара XVIIІ стагодзьдзя. Працуюць спэцыялісты Трэсту разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў і менчукі. 1946 год.

Пасьля зносу Малога гасьцінага двара і гандлёвых радоў. 1947 год.
Пасьля зносу Малога гасьцінага двара і гандлёвых радоў. 1947 год.

Не «пацэліў» тады Трахтэнбэрг толькі ў цэнтральны пляц гораду — ён (разам з маскоўскімі акадэмікамі) плянаваў перабудаваць у яго Плошчу Свабоды, але пазьней узьнікла ідэя пабудовы такога пляцу насупраць гарадзкога сквэру.

Пішучы пра сыстэму трох гарадзкіх кольцаў і транспартных дублёраў, Н. Трахтэнбэрг паведаміў:

«Улицы, трактуемые планом как основные городские магистрали, расширяются... Для разгрузки Советской улицы от грузового транспорта проектируется дублирующая магистраль. Начиная от площади у железнодорожного моста, грузовое движение, направляющееся в район Комаровки, переключается на улицы Мясникова, Немигу и Торговую, которые выпрямляются и расширяются до габаритов, удовлетворяющих транспортное значение этой магистрали. Упрощается и выпрямляется уличная сеть района Немиги».

Схема пляніроўкі вуліцы Савецкай з кнігі М.Асмалоўскага «Минск» (М., 1952)
Схема пляніроўкі вуліцы Савецкай з кнігі М.Асмалоўскага «Минск» (М., 1952)

Пляны Н. Трахтэнбэрга адносна Нямігі былі выкананыя праз 28 гадоў. У сваім артыкуле ён, фактычна, пераказваў эскіз-праект «Идея центра Минска», створаны зь яго ўдзелам маскоўскімі акадэмікамі архітэктуры. А сам праект «Идея центра Минска» быў тады строга засакрэчаны і пакладзены ў спэцхран, стаўшы даступным для дасьледчыкаў толькі ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя.

Тым ня менш канцэпцыя Н. Трахтэнбэрга была амаль цалкам рэалізаваная ў генплянах Менску 1946 і 1951 гадоў. Гэтаму спрыяла становішча Трахтэнбэрга як начальніка аддзелу пляніроўкі Ўпраўленьня па справах архітэктуры пры СНК БССР, а ад 1953 году — як кіраўніка майстэрні генпляну ў інстытуце «Белдзяржпраект». Да таго ж ад 1954 да 1976 году Н. Трахтэнбэрг рыхтаваў сабе пасьлядоўнікаў, выкладаючы на архітэктурным факультэце Беларускага палітэхнічнага інстытуту.

У 1945 годзе быў абвешчаны конкурс на архітэктурнае вырашэньне цэнтру Менску, у якім узяло ўдзел шмат архітэктараў з усіх куткоў СССР. У верасьні 1945 году Н. Трахтэнбэрг апублікаваў у часопісе «Беларусь» артыкул «Будучы Мінск», у якім пазнаёміў чытачоў з праектамі, якія выйшлі ў фінальную стадыю. Гэта праект беларускіх аўтараў Асмалоўскага, Казімірава і Савіцкага, а таксама праект Андрэева і Цігачова, праект Алтаржэўскага і праект акадэміка архітэктуры Собалева.

Пачатак артыкулу Н. Трахтэнбэрга «Будучы Мінск». Часопіс «Беларусь» №9 за 1945 год.
Пачатак артыкулу Н. Трахтэнбэрга «Будучы Мінск». Часопіс «Беларусь» №9 за 1945 год.

Старонка артыкулу Н. Трахтэнбэрга «Будучы Мінск». Часопіс «Беларусь» №9 за 1945 год
Старонка артыкулу Н. Трахтэнбэрга «Будучы Мінск». Часопіс «Беларусь» №9 за 1945 год

Старонка артыкулу Н. Трахтэнбэрга «Будучы Мінск». Часопіс «Беларусь» №9 за 1945 год.
Старонка артыкулу Н. Трахтэнбэрга «Будучы Мінск». Часопіс «Беларусь» №9 за 1945 год.

Тым ня менш графічныя матэрыялы да гэтых праектаў і сёньняшні выгляд Менску ў раёне Старога гораду сьведчаць, што Н. Трахтэнбэрг не скарыстаўся з прапановаў калегаў і няўхільна рэалізаваў толькі свае ідэі, выкладзеныя ў кастрычніку 1944 году. У артыкуле 1945 году Н. Трахтэнбэрг зноў назваў езуіцкі калегіюм зь вежай «ратушай» і пагардліва напісаў:

«Мінск не мае ні закончаных архітэктурных ансамбляў, ні архітэктурных традыцый...»

Пляны Н. Трахтэнбэрга на раён Плошчы Свабоды і Старога гораду былі наступныя:

«Плошча Свабоды — гістарычны цэнтар гораду, аформленая будынкам б. Ратушы і іншымі пабудовамі, зьвязваецца з новым цэнтральным ансамблем сыстэмай шырокіх, азелянёных магістраляў (Ленінская вуліца і інш.), зь ніжэйляжачымі вуліцамі (Няміга, Гандлёвая вуліца). Тут жа бярэ свой пачатак запраектаваны шырокі, прадаўжаючы вось плошчы, праспэкт, які зьвязвае цэнтар гораду з Паркам культуры і адпачынку ля штучнага возера і стадыёнам. Праспэкт забудоўваецца толькі з аднаго боку; супрацьлеглы бок, прылягаючы да ракі, вырашаецца ў выглядзе парку. Схілы ўзгорка, на якім разьмяшчаецца комплекс плошчаў цэнтру, мяркуецца не забудоўваць, азеляніць і апрацаваць спускамі, лесьвіцамі і відовымі пляцоўкамі. Такі архітэктурны прыём стварае арганічную сувязь цэнтральнага ансамбля гораду з пэйзажам, прасторам даліны Сьвіслачы, гарадзкім паркам, разьмешчаным на яе берагах, і стварае адчуваньне шырыні і прастору ў цэнтры».

Вядома, нельга ўсю віну ўскладаць на архітэктара Навума Трахтэнбэрга. Ён быў усяго толькі добрасумленным выканаўцам плянаў савецкіх уладаў яшчэ 1930-х гадоў.

Фрагмэнт графічнай часткі генпляну Менску 1946 году з пляніроўкай на месцы былога Старога гораду. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі.
Фрагмэнт графічнай часткі генпляну Менску 1946 году з пляніроўкай на месцы былога Старога гораду. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі.

Яшчэ адзін варыянт графічнай часткі генпляну Менску 1946 году з забудовай на месцы былога Старога гораду. Выразна бачная трасіроўка старых вуліц. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі.
Яшчэ адзін варыянт графічнай часткі генпляну Менску 1946 году з забудовай на месцы былога Старога гораду. Выразна бачная трасіроўка старых вуліц. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі.

Аўтары генпляну Менску 1946 году.
Аўтары генпляну Менску 1946 году.

Генпляны 1946 і 1951 гадоў, створаныя пад кіраўніцтвам Н. Трахтэнбэрга, мала чым адрозьніваліся — другі быў больш распрацаваным варыянтам першага, самі аўтары называлі яго новай «рэдакцыяй». Аўтары — гэта Н. Трахтэнбэрг, М. Андросаў ды іншыя спэцыялісты з інстытуту «Белдзяржпраект». Насамрэч, як мы ўжо ведаем, гэты генплян быў заснаваны на генпляне Менску 1936 году, распрацаваным у Ленінградзе спэцыялістамі Дзяржаўнага інстытуту праектаваньня гарадоў РСФСР.

Пра генплян 1946–1951 гадоў, які стаў фатальным для Старога гораду і наогул для гістарычнага цэнтру нашай сталіцы, у «Гісторыі Менску» сьціпла напісалі наступнае:

«Паводле яго прадугледжвалася стварэньне новага аблічча горада пры захаваньні толькі самых ацалелых будынкаў (да адной пятай даваеннай забудовы)...»

А менчукі ў канцы 40-х гадоў пра гэта гаварылі проста: «Вырашылі ўсё зьнесьці і пабудаваць новы горад». Гэтую фразу я ня раз чуў ад сваякоў, а пазьней і ад старажылаў, зь якімі гутарыў, рыхтуючы гэтую кнігу.

Прапанова вырашэньня ансамблю Цэнтральнай плошчы І. Лангбарда, якая не была прынятая. З кнігі М. Асмалоўскага «Минск» (М., 1952)
Прапанова вырашэньня ансамблю Цэнтральнай плошчы І. Лангбарда, якая не была прынятая. З кнігі М. Асмалоўскага «Минск» (М., 1952)

Прапанова вырашэньня ансамблю Цэнтральнай плошчы групы аўтараў, якая была рэалізаваная. З кнігі М. Асмалоўскага «Минск» (М., 1952)
Прапанова вырашэньня ансамблю Цэнтральнай плошчы групы аўтараў, якая была рэалізаваная. З кнігі М. Асмалоўскага «Минск» (М., 1952)

Яшчэ ў 1944 годзе, хутка пасьля вызваленьня Менску, жыхары Старога гораду зразумелі, што ім давядзецца перабірацца ў іншыя месцы. І тыя, хто жыў у захаваных дамах, і тыя, хто спадзяваўся адрамантаваць сваё пашкоджанае пажарамі і бомбамі жытло, былі горка расчараваныя пастановай гара­дзкіх уладаў. Управа галоўнага архітэктара Менску, якая тады месьцілася ў двары дома на вуліцы Рэвалюцыйнай, 1, прыняла «Временные правила по планировке и застройке гор. Минска»:

«На здания и сооружения, подлежащие сносу в связи с генеральным планом восстановления города, закрепление земельных участков не производится, а выдается лишь документ на время их использования в соответствии с очередностью застройки города... Запрещается самовольное какое то ни было новое строительство, восстановление зданий и использование коробок разрушенных и сгоревших сооружений (вылучэньне ўсюды — маё, С. А.) без разрешения Управления Главного Архитектора города Минска».

Натуральна, што ў тых раёнах, дзе паводле генпляну павінна было весьціся новае будаўніцтва і якія падпадалі пад знос, дазволаў на аднаўленьне будынкаў Управа галоўнага архітэктара не давала.

Прыстасаваныя пад жытло руіны на Замчышчы. Другая палова 1940-х гадоў.
Прыстасаваныя пад жытло руіны на Замчышчы. Другая палова 1940-х гадоў.

У сьнежні 1944 году была прынятая пастанова СНК БССР аб аднаўленьні Менску. У дадатку № 1 да гэтага дакумэнту пад назвай «Основные положения восстановления столицы Белорусской ССР г. Минска» гаварылася:

«Запроектировать прямую магистраль, соединяющую площадь Свободы с районом озера с таким расчетом, чтобы первая очередь строительства от площади Свободы до Колхозной улицы могла быть осуществлена в 1945 году».

Вось чаму сьпяшаліся спэцыялісты «Трэсту разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў». Стары горад ня меў шанцаў. І хоць саму Паркавую магістраль пабудавалі ўрэшце значна пазьней, але месца для яе, ужо часткова расчышчанае падчас акупацыі, канчаткова «ачысьцілі» своечасова.

Таму адказ на пытаньне «Што рабілася ў Менску пасьля вызваленьня?» можа гучаць зусім коратка: стары Менск зносілі і называлі знос «аднаўленьнем» сталіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG