Пра гэта мы пагаварылі з акторам Алегам Гарбузам і лідэрам гурту «J: MORS» Уладзімерам Пугачам, якія разам з акторам Сяргеем Чубам прадставілі ў Празе спэктакль «Зэкамэрон» паводле кнігі палітвязьня Максіма Знака.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Давайце пачнём размову з «Зэкамэрона», напэўна, візытоўкі вольных «Купалаўцаў». Са 100 апавяданьняў палітвязьня тэатральная група выбрала два дзясяткі самых аптымістычных. Ідэя прыйшла да вас, Алег, падчас чытаньня кнігі. Вы падзяліся ёю з калегам Сяргеем Чубам. Не хапала трэцяга — музыкі (бо Максім Знак яшчэ паэт і бард). Вырашылі запрасіць лідэра гурту «J: MORS» Уладзімера Пугача, які напісаў для спэктакля 8 песень. У чым адметнасьць гэтага «турэмнага кватэрніка», гэтай пастаноўкі?
Уладзімер Пугач: Беларусы, якія выехалі і (у нашым выпадку) жывуць у Варшаве, суіснуюць даволі шчыльна. Нават калі ня ведалі адзін аднаго ў Беларусі, то пазнаёміліся. Ці калі мелі мала стасункаў, сталі часьцей бачыцца. Усё гэта паўплывала на тое, што мы сталі нешта рабіць разам. У мінулым лютым пазваніў мне Алег Гарбуз і кажа: «Слухай, а калі мы вось такое зробім, напішы, калі ласка, песень для гэтага». «Канечне, напішу», — адказаў. А потым пакрысе высьветлілася, што яны мяне прымусілі граць як актора. І цяпер я зь імі ежджу і граю як актор Купалаўскага тэатру. Для мяне гэта гонар. Я б ніколі ў гэта не паверыў, каб нехта сказаў, што ты калісьці будзеш на адной сцэне стаяць з купалаўцамі Чубам і Гарбузам. Ваў!
Алег Гарбуз: Я не сказаў бы, што «Зэкамэрон» — наша візытоўка. Мы маем шэраг спэктакляў і стараемся рабіць яшчэ. Калі дастанем фінансаваньне, з таго і зробім, бо тэатар — дарагая забава. Гэта як яхтынг. Выглядае, караблік маленечкі, а каштуе ён досыць нармальна. На жаль, мы ня можам рабіць спэктаклі без дадатковага фінансаваньня, але можам іграць, прынамсі, маленькія спэктаклі. Мы маем «Гусі-Людзі-Лебедзі», «Сфагнум», «Плошчу Перамогі», «Дзяды», «Камэдыю Юдыфі», «Зэкамэрон», «Экстрэмістаў».
Мы яшчэ шырока не анансавалі ў мэдыя — на Дзень тэатру ў сакавіку плянуем зрабіць у Варшаве купалаўскі тыдзень. Плянуем сабраць максымальна спэктакляў. Зь вялікіх возьмем «Гусі-Людзі-Лебедзі». Мы марым, што ўдасца зрабіць онлайн-трансьляцыю, што знойдзем плятформу, з дапамогай якой можна будзе паказаць гэта для беларусаў у Беларусі абсалютна бясплатна. З тых, хто жыве за мяжой, давядзецца сякія-такія грошы ўзяць. Такія ўмовы выжываньня. Гэта даволі амбітна — пяць разоў адыграць у Варшаве. Будзе дзьве пляцоўкі — у драматычным тэатры і яшчэ ў адным мясцовым варшаўскім асяродку культуры. Гэты тыдзень пакажа, наколькі мы можам існаваць і наколькі гэта цікава беларусам за мяжой.
— Зь Беларусі выехалі, паводле розных падлікаў, больш за 500 тысяч чалавек. З вашага досьведу, як шмат беларусаў за мяжой цікавяцца беларускім тэатрам, ходзяць на канцэрты беларускіх музыкаў?
Уладзімер Пугач: За тры гады мы праехалі Эўропу двойчы, было два туры па Амэрыцы. Высьветлілася, што беларусаў у сьвеце даволі шмат, улічваючы ў сярэднім паўмільёна, якія зьехалі за апошнія гады. Патрэба на сваё ў людзей, якія жывуць за мяжой, зараз абвостраная. Таму сапраўды ходзяць. Гастралюем са спэктаклем «Зэкамэрон», і магу засьведчыць, што і на спэктаклі ходзяць. На канцэрты людзі ходзяць. Нядаўна мы сьвяткавалі 25-годзьдзе гурту і прыйшлі каля 2000 чалавек у Варшаве.
— Як магчыма вас падтрымаць, што для вас можна зрабіць, каб вольныя «Купалаўцы» разьвіваліся, выступалі?
Алег Гарбуз: Наша крэда жыцьцёвае, купалаўскае — мы ніколі ня просім грошы ў людзей для сябе. Ведаю, што ёсьць катэгорыі беларусаў, якія больш патрабуюць. Мы просім аднаго — аплачвайце нашу працу. Калі вы зможаце ўплываць на нейкія ўстановы ці інстытуцыі, якія могуць нам дапамагчы, калі ласка, зрабіце гэта. Будынку ў нас няма, насамрэч, да гэтае пары. З новым кіраўніком драматычнага тэатру ў Варшаве мы размаўлялі, і ён нам усялякую падтрымку дакляраваў. Яны будуць нам даваць пад рэпэтыцыі памяшканьне ці за мінімальныя цэны, ці ўвогуле бясплатна.
Уладзімер Пугач: Я шчасьлівы чалавек, таму што ўсё жыцьцё займаюся любімай справай, нават зараз, калі жыцьцё даволі радыкальна зьмянілася. Усё ж атрымліваецца знаходзіць магчымасьць працаваць як артыст і як музыка, і з хлопцамі-купалаўцамі. Я для сябе распрацаваў маленькую канцэпцыю: сярод тых беларусаў, што выехалі, шмат творчых асобаў, людзей, якія маюць вынаходкі ў навуцы і ў бізнэсе. Гэта людзі, якія могуць зрабіць альтэрнатыву таму, што зараз адбываецца ў Беларусі, а гэта літаральна зьнішчэньне роднай беларускай культуры. І каб не марнаваць час, мы можам тут нейкім чынам падтрымліваць яе, пабудаваць такую мэта-Беларусь, ствараць беларускі кантэнт, беларускія спэктаклі, беларускую музыку, беларускі кінэматограф. Гэта Беларусь па-за межамі Беларусі, гэта тое, што можна падтрымаць.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум