Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: адкуль руіны на Замчышчы

Вуліца Дзям'яна Беднага у пачатку ліпеня 1941 году.
Вуліца Дзям'яна Беднага у пачатку ліпеня 1941 году.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.

Адкуль руіны на Замчышчы

З самага пачатку акупацыі новыя ўлады ў напаўразбураным Менску сутыкнуліся з дэфіцытам таго, што сёньня мы назвалі б жылымі і офіснымі памяшканьнямі. Трэба было расьсяляць і шматлікія адміністрацыйныя органы, і вайскоўцаў, і службы бясьпекі, і мясцовых пагарэльцаў.

Дэфіцыт жылой плошчы адчуваўся асабліва востра на працягу ўсяго часу акупацыі. Вышэй ужо згадвалася, што толькі паводле стану на 20 кастрычніка 1941 году ў Менску было выдадзена каля 7 тысячаў ордэраў на новае жытло. Пачынаючы ад 1942 году ў Менску ўвесь час павялічвалася колькасьць вайскоўцаў, што было зьвязана з апэратыўнай абстаноўкай на фронце, адтуль таксама прыбывала шмат параненых. Усё гэта яшчэ больш павялічвала дэфіцыт жытла.

23 чэрвеня 1941 году. Немцы сфатаграфавалі Менск перад пачаткам бамбаваньняў, якія пачаліся на наступны дзень. Стары горад яшчэ некрануты.
23 чэрвеня 1941 году. Немцы сфатаграфавалі Менск перад пачаткам бамбаваньняў, якія пачаліся на наступны дзень. Стары горад яшчэ некрануты.

Аб гэтым дэфіцыце сьведчаць і архівы акупацый­ных органаў улады, і тагачасны друк. Многім мен­чукам у ваенныя гады было загадана пакінуць іх кватэры ў мураваных дамах у цэнтры гораду і пе­расяліцца ў захаваныя драўляныя дамы на ўскра­інах або ў вызваленыя пасьля ліквідацыі гета і за­бойства яго вязьняў кватэры.

Дакумэнты аб такіх прымусовых высяленьнях захаваліся ў архівах. Вось адзін з такіх загадаў:

«Гр-цы Щемелевай
Вул. Інтэрнацыянальная № 10 кв.

Па распараджэньні Загадчыка Жыладдзела памяшканьне, якое Вы займаеце, прызначана для патрэб гораду. На падставе гэтага Вам належыць не пазьней 8/VI-43 г. 8 гадзін раніцы аслабаніць займаемую Вамі кватэру і перасяліцца на вуліцу Ратамскую № 27 кв.3
8 красавіка 1943

Агент кватэрнага пададдзелу М. Г. К
(подпіс неразборлівы — С. А.)».

26 чэрвеня 1941 году. І на трэці дзень бамбаваньняў ніводная бомба ня ўпала ў Стары горад. Стары горад заставаўся некранутым.
26 чэрвеня 1941 году. І на трэці дзень бамбаваньняў ніводная бомба ня ўпала ў Стары горад. Стары горад заставаўся некранутым.

1 сакавіка 1944 году «Беларуская газэта», расказваючы пра нараду кіраўнікоў аддзелу Менскага гарадзкога камісарыяту, прызнавала наяўнасьць у горадзе вострага жыльлёвага крызісу:

«... Таксама вялікая ўвага была прысьвечаная на прышласьць вырашэньня жыльлёвага пытаньня, якое стварае самыя вялікія цяжкасьці ў сувязі з разбурэньнямі, якія пацярпеў горад у выніку вайны...»

А праз паўтара месяца гэтае самае выданьне пісала:

«За час ад 1.І.44 да 1.IV.44 г. было абсьледавана 677 сем’яў, якія падалі заявы аб паляпшэньні жыльлёвых умоваў. У выніку гэтыя 3836 чалавек атрымалі каля 16 135 кв. м. жыльлёвае плошчы. Апрача гэтага, 10 пакояў атрымалі пагарэльцы. Вялікую дапамогу дае аддзел уцекачам. За апошні час уцекачы атрымалі 1776 пакояў... Адкуль жа бяруцца гэтыя дадатковыя плошчы? Перш за ўсё за кошт рамонту і належнага ўладкаваньня запушчаных і безгаспадарчых кватэраў, а таксама і за кошт адшуканьня дадатковае кватэрнае плошчы...»

Канстатацыя дэфіцыту памяшканьняў у акупаваным Менску спатрэбілася мне тут для хоць і простай, але вельмі важнай высновы — зь яе вынікае, што цэлыя, ня спаленыя і не пашкоджаныя бомбамі дамы ў Менску зносіцца не маглі. Зносілі толькі спаленыя або часткова разбураныя будынкі.

Асобна стаіць пытаньне разбурэньняў на Замчышчы.

У пачатку ліпеня Стары горад ужо выглядаў інакш. Самыя старыя і самыя каштоўныя кварталы грамадзянскай забудовы, мураванае будаўніцтва ў якіх пачалося ў XVI – XVII стагодзьдзях, аказаліся спаленымі. Згарэлі Нізкі рынак, вуліцы Вольная, Калініна, часткі вуліц Стара-Мясьніцкай, Нова-Мясьніцкай, Дзям'яна Беднага і кварталы іх унутранай забудовы.

Ключавую ролю ў вызначэньні таго, што менавіта і калі зьнікла ў гістарычным цэнтры Менску, у тым ліку ў Старым горадзе, маюць нямецкія аэрафотаздымкі 1941–1944 гадоў, якія цяпер захоўваюцца ў Нацыянальным архіве ЗША — гэты архіў люфтвафэ пасьля вайны быў вывезены ў Вашынгтон з амэрыканскай зоны акупацыі.

Паводле аэрафотаздымкаў лета 1941 году чатыры вуліцы Замчышча — Замкавая, Падзамкавая, Завальная і Нова-Мясьніцкая не былі пашкоджаныя ні бомбамі, ні пажарамі, а ўсе дахі дамоў, разьмешчаных на гэтых вуліцах — цэлыя. Таксама не былі спаленыя і будынкі на паўднёва-ўсходнім (бліжэйшым да Верхняга гораду) баку Нізкага рынку.

Паводле аэрафотаздымкаў верасьня 1942 году, больш за палову будынкаў на гэтых чатырох вуліцах спаленыя і страцілі дахі. Асабліва ўражвае, што спаленая амаль уся ўнутрызамкавая частка вуліцы Замкавай, яе цотны правы бок, які быў шчыльна, сьцяна да сьцяны, забудаваны 2-3-павярховымі дамамі.

Так выглядаў Стары горад пасьля пажару канца чэрвеня. Пляц Нізкага рынку (справа) закіданы агітацыйнымі нямецкімі ўлёткамі. Замкавая вуліца пажарамі не кранутая. Пачатак ліпеня 1941 году.
Так выглядаў Стары горад пасьля пажару канца чэрвеня. Пляц Нізкага рынку (справа) закіданы агітацыйнымі нямецкімі ўлёткамі. Замкавая вуліца пажарамі не кранутая. Пачатак ліпеня 1941 году.

Здымкі восені 1943 году не фіксуюць нейкіх зьменаў на Замчышчы, будынкі па-ранейшаму ня маюць дахаў, але цэлыя. Затое на некалькіх здымках, зробленых 28 траўня 1944 году, зафіксаваныя драматычныя зьмены — амаль уся забудова Замчышча разбураная, засталося паўтара-два дзясяткі раскіданых у розных месцах Замкавай гары дамоў і гаспадарчых пабудоваў, зь іх дахі захаваліся толькі на 10–12 будынках.

Вуліцы Стара-Мясьніцкая, Падзамкавая, Замкавая, Завальная і Нова-Мясьніцкая практычна перасталі існаваць — засталіся толькі іх трасы з адзінкавымі будынкамі. Цалкам зьніклі квартал паміж Рыбным рынкам і вуліцай Вольнай, квартал паміж Вольнай і Нізкім рынкам, а самы стары наш мураваны квартал паміж вуліцамі Вольнай і Дзям’яна Беднага разбураны на 35-40 працэнтаў.

Самая значная і самая прыгожая вуліца Старога гораду — Дзям’яна Беднага, колішняя Казьма­дзям’янаўская — амаль цалкам захавалася да пры­ходу савецкіх войскаў і (увага!) была зьнесе­на пасьля вайны. На некаторых дамах вуліцы нават захоўваліся дахі, а ў трох-чатырох дамоў на яе пра­вым баку (калі глядзець зьнізу) абсыпаліся франтоны.

Панарама Старога гораду. 10 верасьня 1941 году. Добра відаць выгінастую трасу Стара-Мясьніцкай вуліцы, якая ішла зь Нізкага рынку праз Замчышча да Падзамкавай.
Панарама Старога гораду. 10 верасьня 1941 году. Добра відаць выгінастую трасу Стара-Мясьніцкай вуліцы, якая ішла зь Нізкага рынку праз Замчышча да Падзамкавай.

Да прыходу савецкіх войскаў захаваўся і самы вузкі кавалак вуліцы Калініна пры яе выхадзе на Нізкі рынак, а два дамы на гэтым участку вуліцы нават захавалі дахі. Усё гэта было зьнесена ў рамках пасьляваенных расчыстак і рэканструкцыі гораду. Такі стан самага старажытнага мураванага кварталу Менску зафіксаваны на нямецкім аэрафота­здымку 22 ліпеня 1944 году — гэта значыць, праз 19 дзён пасьля вызваленьня гораду.

Улічваючы, што акупацыйныя ўлады разьбіралі толькі пашкоджаныя пажарамі і бамбаваньнямі руіны, а чатыры вуліцы Замчышча ўвосень 1941 году руінамі не былі, засталося адказаць на пытаньні — як яны руінамі сталі і калі былі разабраныя?

Нізкі рынак летам 1941 году.
Нізкі рынак летам 1941 году.

Часам разбурэньні ў Старым горадзе памылкова прыпісваюць таму факту, што гэты раён знахо­дзіўся ў межах Менскага гета. Сапраўды, 19 ліпеня 1941 году новыя нямецкія ўлады выдалі загад аб стварэньні гета. Паколькі раён Замчышча быў месцам вялікай канцэнтрацыі менскага габрэйства, у склад гета ўвайшоў і ён, разам з даволі вялікімі тэрыторыямі на захад ад Старога гораду — у бок Юбілейнага пляцу і вуліцы Шорнай. Замкавая, Падзамкавая, Завальная, Саматужная (Падзамкавая-на-Балоце), Астроўскага (Ракаўская) і Вялікая Татарская апынуліся ў гета. Левы бок Нямігі, частка Нова-Мясьніцкай і Нізкі рынак у гета не ўвайшлі.

Зьнішчэньне менскага гета адбылося падчас пяці пагромаў — двух у лістападзе 1941 году, у сакавіку і ліпені 1942 году і ў кастрычніку 1943-га. Сярод амаль 100 тысяч ахвяраў Менскага гета было і некалькі дзясяткаў тысяч карэнных менчукоў.

Знаходжаньне вялікай часткі Старога гораду ў гета не прывяло да архітэктурных стратаў. Межы гета па меры таго, як нацысты зьнішчалі яго габрэйскае насельніцтва, мяняліся, і працэс гэты адбываўся даволі хутка. Ужо ў канцы 1941 году Стары горад апынуўся па-за межамі гета. Таму калі ў кастрычніку 1943 году падчас канчатковай ліквідацыі гета нацысты, шукаючы ўцекачоў у падвалах, пачалі выбухамі разбураць дамы ўнутры гета — гэта адбывалася ўжо ў раёне сучаснай Юбілейнай плошчы.

Гандлёвы дзень на Нізкім рынку. Цэлы дом з дахам зьлева – адзіны з франтальнай забудовы паўночна-заходняга боку рынку, які застаўся цэлы пасьля даваенных зносаў. Правей у цэнтры на першым паверсе разбуранага будынка можна бачыць старажытнае скляпеньне. Вышэй над ім – муры Мясных радоў пад замкам. Дом справа захаваўся да 1950-х гадоў. 1941 год

Я размаўляў зь некалькімі гісторыкамі Менскага гета — усе яны адмаўляюць факт падрываў і зносаў будынкаў на Замчышы ў той час, калі яно ўваходзіла ў тэрыторыю гета. Я нават званіў у Ерусалім прафэсару Марку Тайсу, які ў сьнежні 1942 году 15-гадовым юнаком разам з бацькам уцёк зь Менскага гета ў партызанскі атрад. Прафэсар Тайс цьвёрда заявіў, што на вуліцы Замкавай на момант яго ўцёкаў усе будынкі стаялі, ніхто там нічога не падрываў, не паліў і ня зносіў.

Дык як жа забудова Замчышча ператварылася ў руіны, якія пасьля разабралі? Найбольш верагодны адказ — савецкія бамбаваньні.

Вуліца Стара-Мясьніцкая на Замчышчы бліжэй да яе перакрыжаваньня з Падзамкавай (за сьпінай фатографа). Добра відаць, што ўвесь правы цотны бок вуліцы (на здымку зьлева) згарэў яшчэ ў пажарах першых дзён вайны. 1941 год.

З пачатку 1942 году яны адбываліся рэгулярна, кожны месяц, а часам і па некалькі разоў на месяц. Дасьледчыца менскай гісторыі часоў вайны Ірына Варанкова сьцьвярджае, што першы савецкі налёт адбыўся ў студзені 1942 году. Першае вялікае бамбаваньне Менску адбылося, як вядома, на Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка 1942 году, калі Менск бамбіў цэлы полк далёкай авіяцыі пад камандаваньнем славутай савецкай лётчыцы Валянціны Грызадубавай. Сярод мішэняў быў Дом Ураду і іншыя нямецкія адміністрацыйныя аб’екты ў цэнтры гораду. Было шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.

Заканчэньне Падзамкавай вуліцы. Справа відаць брукаваны спуск з вуліцы Стара-Мясьніцкай. На пагорку справа Інбелкульт у 1920-я гады плянаваў зрабіць бульвар для турыстаў. Дом у цэнтры будзе спалены ў наступным годзе. 1941 год

Праз тыдзень «Беларуская газэта» пісала ў нататцы «Дапамога ахвярам бальшавіцкага бамбардаваньня»:

«Гарадзкі камісар злажыў ахвяру прадуктамі для задавальненьня першае патрэбы сем’ям, якія засталіся пасьля забітых бальшавіцкім бамбардаваньнем».

Наступны савецкі налёт на Менск адбыўся ў ноч з 25 на 26 сакавіка 1942 году, калі ў Менску адзначалі чарговую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Зноў бамбілі ўсю тэрыторыю гораду, зноў цалялі ў Дом Ураду, які зноў застаўся некрануты. Якраз пра гэты налёт у маім дзяцінстве мне ня раз расказвалі блізкія — раскіданыя выбухамі фрагмэнты чалавечых целаў віселі на тэлеграфных слупах і дратах.

Завальная частка Замкавай вуліцы ў Ракаўскім прадмесьці пры яе сутыку з вуліцамі Вызваленьня, Дзімітрава і Шпалернай. Гета. 1941 год.
Завальная частка Замкавай вуліцы ў Ракаўскім прадмесьці пры яе сутыку з вуліцамі Вызваленьня, Дзімітрава і Шпалернай. Гета. 1941 год.

Значныя па выніках савецкія налёты таксама адбыліся ў канцы траўня 1942 году, 22–23 чэрвеня 1942 году, 20–21 жніўня 1942 году, 19 кастрычніка 1942 году, у ноч з 1 на 2 траўня 1943 году, з 5 на 6 кастрычніка 1943 году, 13 і 14 чэрвеня 1944 году і ў многія іншыя дні і ночы часоў акупацыі.

Асабліва менчукам запомніўся начны налёт у ноч з 1 на 2 траўня 1943 году, у Міжнароднае сьвята працы, якое шырока адзначалася ня толькі расейскімі камуністамі, але і нямецкімі нацыстамі. Нацысцкія газэты ў гэты дзень таксама выходзілі з апяваньнем «чалавека працы» і вялікімі гістарычнымі экскурсамі ў гісторыю пра схільнасьць і пашану арыйскіх народаў да стваральнай штодзённай працы. «Беларуская газэта» ў артыкуле «Крывавы напад Сталіна на цывільнае жыхарства Менску» сьцьвярджала, што былі забітыя сотні менчукоў:

«Другога траўня сёлета Сталін ізноў паказаў сваё запраўднае аблічча. Ён, гэты масавы забойца, які не спыняўся перад тым, каб паслаць у магілу аднаго па адным сваіх собскіх супрацоўнікаў, выдаў цяпер загад зьнішчыць нашую ўбогую маёмасьць. Якраз як тады, сумна стаяць і сотні людзей перад дамавінамі сваіх блізкіх, што страцілі жыцьцё ў час гэтага тэрарыстычнага налёту...»

Двор былога Гродзкага суду і выгляд забудовы Старога гораду з боку Замчышча з панарамай Нізкага рынку і Верхняга гораду. Справа – першы мураваны паверх суду, упрыгожаны клясычнай рустыкай. Яшчэ правей – руіны дамоў нумар 8 і 10 па Стара-Мясьніцкай вуліцы. А зьлева ад Гродзкага суду – руіны старых замкавых будынкаў, якія могуць датавацца канцом XVII – пачаткам XVIIІ стагодзьдзяў. 1943 год.

Але налёт у ноч на 2 траўня 1943 году быў не адзіны. У наступныя дні адбылося яшчэ некалькі савецкіх бамбаваньняў Менску. Разбурэньні і ахвяры былі такія вялікія, што генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ распарадзіўся заснаваць адмысловы «Камітэт помачы» ахвярам гэтых травеньскіх савецкіх налётаў. У сталоўках Беларускай народнай самапомачы было наладжана бясплатнае харчаваньне для тых, хто застаўся без жытла або кармільца, таксама бясплатныя абеды дастаўляліся ў 1-ы гарадзкі шпіталь, дзе знаходзіліся параненыя менчукі.

Якраз бамбаваньне 2 траўня стала тым штур­ш­ком, у выніку якога беларускі пісьменьнік, мянчук з паходжаньня Антон Адамовіч пад псэўданімам С. Юстапчык напісаў свой славуты твор «Каханы горад» — аповед пра трох сяброў-менчукоў, якія сталі савецкімі лётчыкамі і бамбілі Менск на травеньскія сьвяты 1943 году.

2 верасьня 1942 году. Пасьля пачатку савецкіх бамбаваньняў гораду вясной 1942 году большая частка забудовы Замчышча аказалася спаленай. Страцілі дахі амаль усе дамы на Замкавай, Падзамкавай, Завальнай і левым баку Нова-Мясьніцкай вуліц. На Плошчы Свабоды спаленыя гандлёвыя рады «Віленчукі», Малы гасьцінны двор і ўвесь фронт спаленай забудовы паміж вуліцамі Дзям'яна Беднага і Вольнай пакуль на месцы. Езуіцкі комплекс, Камсамольская і Няміская вуліцы пакуль не пацярпелі. Выбухі ў Старым горадзе яшчэ не пачаліся.

Усе тры героі былі закаханыя ў адну дзяўчыну Веру, якая заставалася ў акупаваным Менску. Адзін зь сяброў, Юрка, разбамбіў, паводле заданьня, вуліцу Падгайную, а пашсьля вырашыў дэзэрціраваць, забіў зь пісталета свайго штурмана і выкінуўся з парашутам пад Менскам, каб сустрэцца зь Вераю. Прыйшоўшы ў Менск, ён даведаўся, што Вера з пры­чыны разбурэньняў у горадзе перасялілася на но­вае месца жыхарства, а калі прыйшоў па новым ад­расе, даведаўся, што напярэдадні вечарам сам сваю Веру разам зь яе маці і забіў.

У прадмове да кніжнага выданьня «Каханага гораду» ў 1948 годзе Антон Адамовіч пісаў:

«„Каханы горад“ напісаны ў 1943 г. Найпершым повадам да напісаньня яго былі ўражаньні ад дэманстрацыйнага, „сьвяточнага“, але барбарска-бязьлітаснага бамбардаваньня безбароннага й пазбаўленага ўсялякіх ваенных аб’ектаў Менску саветамі ў ноч на 1 траўня (так у тэксьце — С. А.) 1943 г.»

Засталося і яшчэ адно літаратурнае сьведчаньне аб выніках савецкіх бамбаваньняў Менску вясны 1943 году. Яго пакінуў беларускі паэт Лявон Случанін (1914–1995). У гады акупацыі ён працаваў настаўнікам непадалёк ад Менску і, натуральна, часта бываў у сталіцы. Менавіта падчас прыезду ў Менск у чэрвені 1943 году ён напісаў такі верш:

Сваёй сталіцы

Не пазнаю цябе, мая сталіца,
Ні вас, высокія разьбітыя муры,
Пасьпелі плесеньню магільнаю ўскрыцца,
Залегшы шэрым тварам дагары.

Усё зруйнована, закінута, забыта,
О, родны Менск, сталіца хараства!
А там у полі каласіцца жыта,
Да сонца цягнецца дарожная жарства.

Людзкому ворагу на згубную пацеху
Сьцякла крывёю ты, але твой дух жыве.
І сьмелы голас твой імчыцца гучным рэхам,
І Беларусь да радасьці заве.

І пройдзе час, свае загоіш раны
Нальюцца радасьцю людзкія галасы,
І будзеш ты, як залацісты ранак,
Сталіца любая народнае красы.

Менск. 27.6.43.

Відаць адразу, які боль выклікаў у душы паэта разбураны бамбаваньнямі, пажарамі і нямецкімі расчысткамі Менск — «сталіца хараства». Дата напісаньня верша красамоўна сьведчыць і пра вынікі савецкіх бамбаваньняў вясны 1943 году.

Стары горад 7 кастрычніка 1943 году. На Замчышчы захоўваецца статус-кво – за год ад часу папярэдняга здымку нічога не зьмянілася. А вось самы стары мураваны квартал Менску паміж вуліцамі Дзям'яна Беднага і Вольнай зазнаў зьмены. Значная частка яго спаленай франтальнай забудовы з боку Плошчы Свабоды падарваная. Але спаленая забудова вуліц Вольнай і Калініна пакуль на месцы.

Наогул, зьвестак аб савецкіх налётах у архівах і тагачасным друку даволі шмат, але друк зьвяртаў увагу найперш на людзкія ахвяры, а зьвесткі падпольшчыкаў і іншых савецкіх агентаў аб выніках бамбаваньняў, што захоўваюцца ў архівах, канцэнтруюцца найперш на шкодзе, нанесенай нямецкім установам, камэндатурам, казармам, асабоваму складу нямецкіх фармаваньняў і г. д.

Аналіз фатаздымкаў люфтвафэ, а таксама ўсё выкладзенае вышэй, дазваляюць зрабіць выснову, што большая частка забудовы Замчышча з вуліцамі Замкавай, Стара-Мясьніцкай і Падзамкавай была спаленая падчас савецкіх бамбаваньняў у 1942 годзе.

Такі стан забудовы — цэлыя каробкі дамоў бяз дахаў — зафіксаваны на здымку люфтвафэ 2 верасьня 1942 году, бязь зьменаў ён заставаўся і на здымку 7 кастрычніка 1943 году. Здымкі 28 траўня і 6 чэрвеня 1944 году сьведчаць, што на той час амаль уся спаленая забудова Нізкага і Рыбнага рынкаў, а таксама Замчышча ўжо зьнесеная і перастала існаваць.

28 траўня 1944 году. У Старым горадзе – фатальныя, драматычныя зьмены. Зьнесеная два кварталы паміж колішнімі Рыбным і Нізкім рынкамі, уся вуліца Вольная, квартал паміж Нова-Мясьніцкай і Замкавай, амаль уся вуліца Калініна, палова самага старога мураванага кварталу Менску паміж вуліцамі Вольнай і Дзям'яна Беднага. На бліжэйшай да Замчышча частцы вуліцы Нова-Мясьніцкай зьнесеныя нават цэлыя, непашкоджаныя дамы. Тры дамы на Няміскай вуліцы ўжо спаленыя, пасьля вайны іх разьбяруць. Трапіла бомба і ў Малы гасьцінны двор, дах на яго паўднёвым баку спалены. Езуіцкі і дамініканскі кляштары з касьцёламі і вуліца Камсамольская пакуль цэлыя. Іх чарга прыйдзе ў наступным месяцы.

Такім чынам, поўны знос паловы Старога гораду адбыўся ў часe акупацыі паміж 7 кастрычніка 1943 году і 28 траўня 1944 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG