«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.
Як і хто зносіў Стары горад
Падчас сваіх архіўных росшукаў я, натуральна, ня мог абысьці і нямецкую кінахроніку часоў вайны, якая захоўваецца ў беларускіх і замежных архівах. І вось аднойчы, седзячы перад праектарам у дзяржынскім архіве кінафотадакумэнтаў і праглядаючы прапагандысцкія нямецкія кадры аб урачыстых мітынгах і дэманстрацыях у Менску з нагоды Міжнароднага дня працы 1 траўня або «Дня вызваленьня Беларусі» 22 чэрвеня, я раптам убачыў тое, што, у прынцыпе, ніколі і нікому не пажадаў бы ўбачыць — лепш бы гэтай страшнай рэальнасьці ў нашай гісторыі не было.
Нямецкі апэратар бясстрасна фіксуе, як у Менску падрываюць спаленыя дамы — спачатку адзін дом ня надта старой архітэктуры ў невядомым мне месцы, пасьля другі, ужо значна прыгажэйшы, стылёвы, канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў, і раптам вока пазнае адзін з кварталаў Старога гораду — старажытны брук, муры і магутныя дубовыя брамы... Нейкія людзі ў цывільным сьвідруюць сьцены, закладаюць у сьвідравіны толавыя шашкі. Зробленыя ў розных месцах і ў розны час кадры, відавочна, пазьней змантаваныя. У адным месцы рэльеф брукаванай вуліцы побач з брамай і брукаваны пляц за рогам ад яе, самі муры пераконваюць у тым, што гэта дзеецца недзе на вуліцы Калініна пры яе сутыку зь Нізкім рынкам або і на самім Замчышчы.
Тым часам людзі на экране папіхаюць шашкі кіямі глыбей у сьвідравіны, злучаюць выбухоўку дратамі, пасьля чалавек у капелюшы, відаць, кіраўнік работаў, падае сыгнал драўляным ражком... І раптам паказваецца фронт забудовы самага старога нашага мураванага кварталу паміж вуліцамі Дзям’яна Беднага і Вольнай з боку Плошчы Свабоды — старадаўні дом на рагу Вольнай і прылеглы да яго доўгі трохпавярховы Дом Гайдукевіча, абодва спаленыя ў першыя дні вайны.
Камэра паказвае руку, якая круціць ручку падрыўной машыны, яшчэ імгненьне... і квартал пачынаюць трэсьці выбухі. Хваля з чатырох выбухаў коціцца ад Вольнай да Дзям’яна Беднага, і гэтаксама хваляй падаюць старажытныя нашы камяніцы. Квартал ахоплівае воблака пылу, а калі пыл асядае... на месцы спаленых дамоў застаюцца толькі горы друзу і найбольш моцныя фрагмэнты задніх сьценаў старых камяніцаў.
Плошча Свабоды па пэрымэтры пачала забудоўвацца мураванымі дамамі яшчэ ў XVI стагодзьдзі, няма сумневу, што і ў аснове зьнішчаных тады дамоў былі муры і лёхі XVI—XVIІ стагодзьдзяў. Здымкі маглі быць зробленыя як восеньню 1943-га, так і вясной 1944 году. Улічваючы той факт, што на іх зафіксавана адносна цёплае надвор’е, а на многіх нямецкіх фатаздымках часоў акупацыі міма разбураных дамоў на паўночна-заходнім баку Плошчы Свабоды ідуць цёпла апранутыя людзі, можна зрабіць выснову, што падрывы там адбыліся ўвосень 1943 году. Зь іншага боку, цёпла апрануцца людзей маглі змусіць марозныя ночы красавіка 1944 году, калі тэмпэратура нярэдка апускалася да мінус 5–7 градусаў па Цэльсію.
Зрэшты, два нямецкія аэрафотаздымкі ад 7 кастрычніка 1943 году, якія мне ўдалося знайсьці ў Нацыянальным архіве ЗША, з прычыны сваёй якасьці хоць і не дазваляюць зусім дакладна вырашыць, ці быў на той час паўночна-заходні фронт забудовы Плошчы Свабоды ўжо разбураны, але ўсё ж схіляюць шалі на бок станоўчага адказу — так, хутчэй за ўсё тыя дамы былі падарваныя яшчэ да 7 кастрычніка 1943 году.
Якімі б матывамі ні кіраваліся тыя, хто аддаваў загад аб гэтых падрывах, гэта было барбарства і дзікунства, гэта была зьнявага і пагарда да нашай культуры. Тым больш прыкра, што людзі, якія ажыцьцяўлялі падрывы, маглі быць беларускімі супрацоўнікамі гарадзкой управы.
Гэта наогул двойчы сумная старонка акупацыйнай рэальнасьці, і пра гэта мне ня раз думалася, калі я нумар за нумарам чытаў поўны камплект «Беларускай газэты» за 1941–1944 гады. Са сьведчаньняў беларускіх дзеячоў, якія працавалі ў акупацыйным Менску, я ведаў, што зьмест газэты вызначаўся нямецкімі прапагандысцкімі органамі, што ўсе матэрыялы жорстка цэнзураваліся, што нават вышэйзгаданы «Каханы горад» Адамовіча «Беларуская газэта» у 1943 годзе не змагла надрукаваць з прычыны нямецкай цэнзуры. І ўсё ж было вельмі сумна ўсьведамляць, як мала магчымасьцяў мелі беларусы ў ХХ стагодзьдзі пісаць самі пра сябе тое, што лічаць патрэбным і што хочуць. Амаль праз цэлае стагодзьдзе трэба было ідэалягічна абслугоўваць гаспадароў-заваявальнікаў.
Вось фрагмэнт артыкулу «Разбуральнікі культуры» зь ліпеня 1943 году:
«Даўно ведама, што ангельска-амэрыканскі паветраны тэрор ня толькі скіроўваецца на бязьвіннае ціхамірнае жыхарства, але ён у сваім зьверсьцьве руйнуе й культурныя здабыткі. Штораз больш ангельска-амэрыканскія паветраныя піраты сумысьля нішчаць гістарычныя каштоўнасьці Эўропы.
Апошнім часам цывілізаваны сьвет быў глыбока ўражаны барбарскім налётам на горад Кельн, дзе, як ведама, ёсьць сьвятыні вялікае гістарычна-культурнае вартасьці. Гэтыя сьвятыні неміласэрна разбураюцца барбарскай рукой амэрыканска-ангельскіх летуноў... У Кельне разбурана 31 сьвятыня. Паміж іх ведамая ва ўсім сьвеце гістарычна-мастацкая каштоўнасьць — Кельнская катэдра.
Злыя разбуральнікі культуры не абмяжоўваюцца ў сваім руйнавальным інстынкце, яны штораз усё больш нішчаць вартасныя каштоўнасьці, якія нічога супольнага ня маюць із вайной. Мы, беларусы, уважаем эўрапэйскія культурныя каштоўнасьці таксама й сваймі каштоўнасьцямі і з абурэньнем глядзімо на гэты праяў дзікасьці „гуманітарна-дэмакратычных“ зьвяроў...»
Немцы загадвалі беларусам плакаць па іх помніках і прымушалі маўчаць аб зьнішчэньні сваіх.
Неяк «Беларуская газэта» напісала, што як нельга ўявіць сабе нямецкага гораду бяз готыкі, гэтак нельга ўявіць сабе беларускага гораду без барока. Гэта, безумоўна, слушная канстатацыя. Але вось пра разбурэньні помнікаў культуры ў Нямеччыне ёй пісаць было дазволена, а пра разбурэньні помнікаў беларускай культуры (хай сабе і не такіх значных, як у Нямеччыне, але для нас вельмі дарагіх і каштоўных), яна напісаць нічога не магла. Падрыў амаль цэлага боку рэнэсанснага пляцу Верхняга гораду газэта магла назваць толькі «разборкай старых дамоў» або «расчысткай руінаў».
Зрэшты, 22 верасьня 1942 году генэральны камісар Беларусі распарадзіўся заснаваць у Менскай акрузе Службу аховы гістарычных помнікаў. Паводле загаду, забаранялася разбурэньне або пашкоджаньне гістарычных помнікаў і ўводзілася сыстэма пакараньняў за гэта. У статуце гаварылася, што без дазволу службы нельга праводзіць ніякія зьмены помнікаў і збораў, а таксама ня могуць весьціся ўсялякія земляныя работы; у выпадку знаходкі археалягічных рэчаў падчас земляных работаў яны павінны спыняцца, знойдзеныя рэчы павінны быць накіраваныя ў службу, а месца знаходкі — агароджанае. Забудову менскага Замчышча гэты загад Кубэ, аднак, абараніць ня змог.
1 сакавіка 1944 году, г. зн. прыблізна ў той час, калі адбываліся апісаныя вышэй выбухі, газэта зьмясьціла вялікую справаздачу з нарады кіраўнікоў аддзелаў гарадзкога камісарыяту пад назвай «Паступовая адбудова Менску». Быў у ёй і такі прапагандысцкі пасаж:
«Мае быць таксама адбудаваны шэраг руінаў, што надаюцца яшчэ да адбудовы. Праца гэтая распачынаецца ўжо ў хуткім часе...»
Спалены ў першыя дні вайны старажытны дом на рагу Вольнай і Плошчы Свабоды паводле свайго стану вельмі нават надаваўся на адбудову, але яго падарвалі... І быў ён такі моцны, што пасьля апісаных выбухаў упала толькі яго ўнутраная палова, а зьнешняя, уздоўж вуліцы Вольнай, з паловай франтона, што выходзіў на Плошчу Свабоды, засталася. Яе давялося разбураць дадатковымі выбухамі.
Паколькі ў архівах і тагачасным друку адсутнічаюць зьвесткі аб выканаўцах гэтых выбухаў, разборак і зносаў, мне застаецца толькі выказаць верагодныя меркаваньні і прыпушчэньні.
Людзі на відэакадрах апранутыя ў звычайную цывільную вопратку, на правай руцэ ў кіраўніка падрываў — заручальны пярсьцёнак; усё гэта наводзіць на думку, што перад намі — звычайныя працаўнікі будаўнічага аддзелу гарадзкога камісарыяту. Зрэшты, кіраўнікамі такіх работ маглі быць і цывільныя немцы, якіх таксама было нямала ў акупаванай Беларусі. Маглі беларускія інжынэры і работнікі працаваць і ў нямецкіх будаўнічых фірмах.
Напрыклад, у Менску дзейнічалі аддзяленьне вядомай нямецкай будаўнічай фірмы «Тодт», вытворчы ўчастак будаўнічай фірмы «Канстанцін Борман» і іншыя. Паперы, зьвязаныя зь дзейнасьцю гэтых кампаніяў, часта сустракаюцца ў беларускіх архівах. Але там нічога ня пішацца пра выбухі, разборкі руінаў і атрыманыя пры гэтым будаўнічыя матэрыялы. Зноў даводзіцца канстатаваць, што патрэбныя зьвесткі могуць захоўвацца ў архівах вэрмахту, якія цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне.
Але вось ускоснае сьведчаньне ўсё той жа «Беларускай газэты». 25 сакавіка 1944 году ў разьдзеле «Менская хроніка» зьявілася даволі вялікая нататка пра структуру і дзейнасьць «Гарадзкога Будаўлянага аддзелу». У склад гэтага аддзелу ўваходзілі пададдзелы (у тэрміналёгіі арыгіналу):
1) гарадзкой архітэктуры і гарадзкога будаўлянага кантролю,
2) цывільнага будаўніцтва,
3) гарадзкіх дарогаў,
4) ачысткі гораду,
5) транспартнага парку,
6) інвэнтарызацыйнае бюро,
7) гарадзкіх паркаў і садоў, а таксама яму падпарадкоўваліся Гарадзкі будаўляны двор, Водная станцыя і Аўтапарк аддзелу.
І вось сярод функцый і задач Пададдзелу гарадзкой архітэктуры і будаўнічага кантролю згадваліся і такія:
«Гэты пададдзел назірае за становішчам будынкаў у горадзе, за разборкай старых дамоў, выдае дазвол на рамонт будынкаў, наглядае за ім, праводзіць пляніроўку гораду, выдае і правярае пляны гарадзкіх зямельных вучасткаў, зацьвярджае новае будаўніцтва і наглядае за ягоным выкананьнем. У гэтым годзе намечаны рамонт 11 будынкаў...»
Магчыма, «разборка старых дамоў» — гэта і ёсьць знос руінаў?
Ну і аддзел «ачысткі гораду» таксама мог прычыніцца да «разборкі дамоў».
У кожным выпадку, адзін зь менскіх старажылаў, які падчас вайны 13-14-гадовым падлеткам вучыўся ў школе, што месьцілася на Нямізе ў тым будынку, які выходзіў тарцом на Школьны двор, успомніў пра разборку руінаў у квартале паміж Вольнай і Дзям’яна Беднага. Паводле старажыла, у руінах гэтага кварталу яшчэ ў верасьні-кастрычніку 1943 году працавалі зваршчыкі зь менскага гета — магчыма, яны здабывалі мэтал у руінах, разразаючы аўтагенам мэталічныя дэталі канструкцыяў. У працэсе працы яны нярэдка прыходзілі на Школьны двор, дзе ў іх было нешта накшталт базы, для зарадкі зварачных апаратаў карбідам. Ну а хлопцы са школы часта выпрошвалі карбід у зваршчыкаў.
Паводле ўспамінаў гэтага чалавека, у тым самым верасьні і кастрычніку 1943 году ўнізе Вольнай вуліцы, пры яе стыку з вуліцай Калініна яшчэ заставаліся сьцены дамоў вышынёй ня менш за два паверхі. Зваршчыкі працавалі ва ўнутранай частцы кварталу паміж Вольнай і Дзям’яна Беднага і, магчыма, у квартале паміж Вольнай і Нізкім рынкам. Як сьведчаць нямецкія аэрафотаздымкі восені 1943 году, у абодвух гэтых кварталах цэлымі, неразбуранымі заставаліся спаленыя каробкі практычна ўсіх старых дамоў.
Для вэрсіі аб падрывах руінаў з мэтай здабычы мэталаў можна знайсьці і іншыя пацьверджаньні. Гісторык вайны Ірына Варанкова піша:
«...с городских скверов на Советской улице и на площади Свободы были сняты металлические решётки и перила».
Згаданы ўжо раней беларускі пісьменьнік і савецкі агент у акупаваным Менску Рыгор Мурашка ў 1944 годзе гэткім чынам падсумаваў сваю аглядную запіску на імя маёра савецкай разьведкі С. Казанцава аб разбурэньнях у горадзе:
«Таким образом выгорел весь центр города с лучшими зданиями, остатки которых немцы взорвали, ища золота и драгоценностей, а также собирая и увозя в Германию всю арматуру и металлический лом».
Застаецца дадаць, што і мае сваякі, якія гады акупацыі правялі ў Менску, ня раз расказвалі пра знаходкі золата ў руінах спаленых дамоў.
Зь ліку васямнаццаці апытаных старых менчукоў дванаццаць ня ўспомнілі пра нямецкія зносы гарадзкой забудовы на Замчышчы і на Нізкім рынку падчас акупацыі і сьцьвярджалі, што немцы нічога такога не рабілі, яны, маўляў, займаліся толькі расчысткамі завалаў пры дарогах. Тры чалавекі заявілі, што наогул ня маюць на гэты конт ніякай думкі. І яшчэ тры чалавекі сказалі, што на момант прыходу ў горад савецкіх войскаў у ліпені 1944 году большая частка Старога гораду, уключна зь Нізкім рынкам і Замчышчам, была цалкам разбураная.
Прычым зь ліку апошняй тройкі адной жанчыне ў 1944 годзе было ўсяго 9 гадоў, але затое жыла яна на момант вызваленьня па адрасе Нова-Мясьніцкая, 21. Пра поле на Замчышчы, якое мы бачым на нямецкіх аэрафота 1944 году, яна не казала. Але і пра захаваныя каробкі — таксама. Яна казала: «разваліны...»
Адзін чалавек казаў, што ў 1944 годзе бліжэйшая да рэчкі і самая высокая частка Замчышча была разбураная і там былі разьмешчаныя дзьве нямецкія зэнітныя батарэі. Сапраўды, пры ўважлівым разглядзе нямецкіх аэрафотаздымкаў 8 і 22 ліпеня 1944 году на бліжняй да Сьвіслачы самай высокай частцы Замчышча можна ўбачыць некалькі круглых аб’ектаў, падобных да пакінутых немцамі ўмацаваных агнявых пунктаў з бруствэрамі.
Разбураную вуліцу Энгельса ўспомнілі два чалавекі, астатнія або ня памяталі, або казалі, што яна захоўвала ўсе каробкі ад Савецкай да Інтэрнацыянальнай.
Але, паўтаруся, з васямнаццаці дванаццаць заявілі, што каробкі на Замчышчы і Нізкім рынку заставаліся да самага вызваленьня гораду ў 1944 годзе — г. зн. што гэтыя 12 старажылаў таксама не згаджаліся зь нямецкімі здымкамі 1944 году.
Вось фрагмэнт маёй размовы з Станіславам Сакалоўскім, 1925 году нараджэньня, які нарадзіўся і ўсю акупацыю жыў на вуліцы Камунальнай Набярэжнай у Траецкім прадмесьці:
— Я ўсё не магу супакоіцца наконт Замкавай і Нізкага рынку. Значыць, вы сьцьвярджаеце, што нічога там спалена і разбурана не было. Усе вуліцы Замчышча — і Замкавая, і Завальная, і Нова-Мясьніцкая, і Падзамкавая — захоўвалі прынамсі каробкі дамоў да самага прыходу саветаў?
— Да, все эти улицы сохранились... Ты знаешь, я вчера вечером думал про это, вспоминал... Может, там какие-то дома и были сожжены... Понимаешь, там дети, шпана городская пропадали, хулиганьё всякое, могли что-то и поджечь. І потом наши бомбили эти места несколько раз, это я хорошо помню... Представляешь, пустые брошенные дома... Очень страшно было.
Вось такія аповеды старажылаў давялося крытычна ацэньваць і вычляняць зь іх рацыянальнае зерне. Некаторыя цьверджаньні ў расказе Станіслава Сакалоўскага, у прыватнасьці фраза «Не слышал я, чтобы немцы что-то сносили», як мы ведаем, не адпавядаюць сапраўднасьці. І ўсё ж гэта дакумэнт, які ня толькі сьведчыць пра недакладнасьць людзкой памяці, якая зь цягам часу можа зьмяшаць усё ў галаве чалавека і блытаць даты і падзеі, але і дае нам некаторую важную інфармацыю, напрыклад, пра тое, што «наши бомбили эти места несколько раз...» А гаворка ж ідзе пра Замчышча...
Усё гэта выклікае развагі-сумненьні наконт нямецкіх зносаў у Старым горадзе і на Замчышчы. Як мы бачылі, і Рыгор Мурашка сьведчыў, што немцы здабывалі ў менскіх руінах мэталалом (для чаго ўчынялі падрывы), і гісторыкі пісалі пра тое самае, і рэальныя кадры нямецкіх падрываў публікуюцца ў гэтай кнізе.
Але вось пра што думаецца. Я магу зразумець, чаму на нямецкіх аэрафотаздымках 1942 году зьнесена ўжо большая частка руінаў уздоўж вуліцы Ленінскай паміж Савецкай і Плошчай Свабоды і значная частка на самой Савецкай, асабліва ў так званым Новым горадзе — там, дзе цяпер Кастрычніцкая плошча. Гэтыя дамы пераважна будаваліся або перабудоўваліся і надбудоўваліся ў ХХ стагодзьдзі, у іх канструкцыях ужо былі жалезныя бэлькі і іншыя мэталічныя канструкцыі, што рабіла іх прывабнымі для тых, хто здабываў лом на пераплаўку. Гэтыя жалезныя бэлькі мы і бачым на шматлікіх здымках разбуранага гатэлю «Эўропа», які быў грунтоўна перабудаваны ў 1906–1908 гадах.
Але дамы Старога гораду і Замчышча будаваліся яшчэ цэхавымі майстрамі ў XVII—ХІХ стагодзьдзях і ня тое што жалезных бэлек у канструкцыі — яны прыбіральняў у кватэрах ня мелі... Гэта былі старыя камяніцы з цэглы, некаторыя са скляпеньнямі на першых паверхах і ў лёхах, іх шмат разоў перараблялі, перабудоўвалі і перапляніроўвалі, з прычыны чаго яны пастаянна абсыпаліся і абрыналіся.
Таму вэрсія, што немцы зьнесьлі спаленыя руіны Старога гораду, каб здабыць мэтал, таксама мае слабыя месцы — мэталу там якраз было вельмі мала. Хіба што вадасьцёкавыя трубы і рэшта бляхі са спаленых дахаў, дык іх можна было сабраць і бяз зносаў і выбухаў.
Яшчэ адна вэрсія Рыгора Мурашкі — пошук немцамі золата і іншых каштоўнасьцяў. Але мне і гэтая вэрсія ўяўляецца малаверагоднай. Сапраўды, раён Замчышча быў месцам вялікай канцэнтрацыі габрэйскага насельніцтва. Але месцамі ня меншай канцэнтрацыі габрэйскага насельніцтва была і Няміга, і вуліца Гандлёвая, і вуліца Астроўскага, і іншыя суседнія зь ёй вуліцы Ракаўскага прадмесьця. Тым ня менш, мураваныя дамы на гэтых вуліцах у пошуках золата ніхто не паліў і ня зносіў.
Лішні аргумэнт на карысьць гэтых сумненьняў — лёс тых камяніцаў Нізкага рынку і Замчышча, якія не былі закранутыя пажарам і захаваліся ў прыдатным для жыцьця стане. Гэта дом на рагу Нізкага рынку і Дзям’яна Беднага (правы бок), які існаваў да 50-х гадоў ХХ стагодзьдзя, пара дамоў на супрацьлеглым баку рынку, ля кварталу Мясных радоў, і каля дзясятка дамоў на Замкавай, Падзамкавай, Завальнай і Нова-Мясьніцкай. Іх не кранулі ўсе пажары і бамбаваньні, у выніку чаго яны пасьпяхова дажылі да 50-х і нават да 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Калі б немцы так зацята шукалі золата або чорныя і каляровыя мэталы, то чаму ж яны гэтыя дамы сярод поля суцэльных руінаў пакінулі некранутымі? Не пасьпелі?
Пра сьведчаньне Станіслава Сакалоўскага, Ірыны Клышкі і іншых менскіх старажылаў, што раён Замчышча ня раз бамбіла савецкая авіяцыя. Самі гэтыя бамбаваньні вельмі дзіўныя, бо ў тым раёне дакладна не было ніякіх нямецкіх вайсковых аб’ектаў. Можна прапанаваць вэрсію, што савецкая авіяцыя, ратуючыся ад нямецкай зэнітнай артылерыі, бамбавала Менск зь вялікай вышыні, і таму бомбы падалі ўсюды, дзе заўгодна. Можа і так, асабліва калі ўспомніць пра некалькі недакладных спробаў разбамбіць Дом Ураду. Але і тут ня ўсё гладка.
Па-першае, не такая ўжо і недакладная была савецкая авіяцыя. Зьвесткі пра дакладныя савецкія бамбаваньні Менску, калі траплялі менавіта туды, куды цэлілі, можна знайсьці і ў працах гісторыкаў. Ірына Варанкова прыводзіць нямала прыкладаў вельмі ўдалых і, галоўнае, трапных савецкіх бамбаваньняў Менску. У сакавіку 1942 году савецкая авіяцыя разбамбіла вайсковыя казармы на Чырвонаармейскай вуліцы, у выніку чаго загінулі 300 літоўскіх паліцыянтаў, у чэрвені 1942 году цалкам разбамбілі мэханічны цэх заводу імя Варашылава, дзе немцы рамантавалі танкі, у кастрычніку 1943 году ў Сьляпянцы была зьнішчаная зэнітная батарэя разам з 47 нямецкімі зэнітчыкамі і інш.
Паводле сьведчаньня маіх сваякоў, аднойчы падчас акупацыі ў Траецкім прадмесьці гулялі вясельле паліцыянта. Менскія падпольшчыкі далі дакладныя каардынаты, вечарам прыляцеў адзін або два самалёты і прамым пападаньнем зьнішчылі ўвесь дом разам з гасьцямі і маладымі. Менчукі былі так уражаныя здарэньнем, што пра яго гаварыў увесь горад.
І, па-другое, калі б бомбы на Замчышча траплялі з прычыны высокай вышыні і недакладнасьці, то чаму яны зусім не кранулі суседнія Нямігу, Гандлёвую і іншыя вуліцы?
Сытуацыя выглядае так, што немцы ў Менску пакінулі цэлым усё, што не было спалена і разбурана. А пытаньне, чаму дашчэнту зьнесьлі менавіта Стары горад, а не, скажам, два кварталы ў прастакутніку паміж Савецкай, Карла Маркса, Камсамольскай і Валадарскага, якія таксама былі цалкам спаленыя і дзе жалезных канструкцыяў з увагі на ўзрост дамоў было значна больш, застаецца пакуль адкрытым.
Але адну выснову з аповеду менскіх старажылаў і асабліва Станіслава Сакалоўскага зрабіць усё ж можна: тое, што ён, жывучы праз раку ад Нізкага рынку, зусім ня памятаў яго зносу, азначае толькі адно — дамы вакол рынку былі зьнесеныя перад самым прыходам у Менск Чырвонай арміі, у якую мой суразмоўца адразу і быў прызваны. Нізкі рынак і кварталы на Замчышчы зьніклі не раней за вясну 1944 году.
Сёньня мы дакладна ведаем наступнае. Паводле вусных сьведчаньняў археоляга Ўладзімера Ісаенкі (у размовах з аўтарам) і пісьмовых сьведчаньняў археоляга Васіля Тарасенкі, нямецкія ўмацаваньні на Замчышчы ў самым канцы акупацыі сапраўды зьявіліся. На аэрафотаздымках 28 траўня і 6 чэрвеня 1944 году паміж вусьцем Нямігі і Замчышчам можна ўбачыць круглы бэтонны дот, а на здымках 8 і 22 ліпеня 1944 году на самім Замчышчы з боку Сьвіслачы можна бачыць і круглыя гнёзды зэнітных гарматаў і крывыя лініі акопаў. Вось як пра гэта пісаў Васіль Тарасенка:
«Вблизи северного края Замчища немецко-фашистские захватчики соорудили железобетонный дот, а поперёк площадки Замчища вырыли идущие с северо-запада на юго-восток окопы полного профиля. Кроме того в центральной части площади Замчища ими же были вырыты две глубокие ямы. В одной из них, более крупной по размерам, оккупанты разместили зенитные пушки и склад снарядов, а дно заложили битым кирпичом».
На аэрафотаздымку 8 ліпеня 1944 году такіх ям на Замчышчы можна налічыць некалькі, але дзьве зь іх, бліжэйшыя да Сьвіслачы, сапраўды большыя і аточаныя землянымі бруствэрамі. Відавочна, што лінія акопаў была прызначаная для абароны ад наступу савецкіх войскаў з усходу, а зэніткі проста зьявіліся на самай высокай частцы Замчышча.
Але тут паўстае пытаньне, ці трэба было зносіць большую частку Старога гораду, уключна з самым старым мураваным кварталам Менску паміж вуліцамі Дзям’яна Беднага і Вольнай, забудову Нізкага і Рыбнага рынкаў і палову Замчышча, каб вырыць адну кароткую лінію акопаў у голым полі на паўночна-ўсходнім краі Замчышча? Ці ня лепш бараніцца сярод руінаў дамоў, якія перашкаджаюць танкавым кідкам, і ці ня лепш хаваць зэніткі ў тых самых руінах?
З акопаў на пагорку сапраўды было зручна абстрэльваць праціўніка за ракой. Але зьнесеная забудова Нізкага і Рыбнага рынкаў наадварот адкрывала шлях савецкім войскам праз горад у заходнім кірунку. Выглядае, што вэрмахт напярэдадні прыходу ў Менск Чырвонай арміі сытуацыйна разьмясьціў гэтую даволі слабую лінію абароны, прызначаную хутчэй за ўсё для тактычнай, кароткатэрміновай затрымкі праціўніка, на месцы ўжо зьнесенай забудовы Замчышча. І зьнесенай ня ім.
Пытаньне ж, чаму гэтым займалася гарадзкая адміністрацыя, пакуль застаецца адкрытым. Адзін з многіх верагодных адказаў — здабыцьцё будаўнічага матэрыялу для пабудовы абарончых умацаваньняў. Калі Менск стаў прыфрантавым горадам, ён трапіў у юрысдыкцыю нямецкіх генэралаў. У такім выпадку гэта магло быць зроблена на загад вэрмахту.
Гэтая вэрсія вельмі праўдападобная, ёй замінае толькі факт дзіўнага супадзеньня — разбурыць для здабыцьця будаўнічага матэрыялу акупанты чамусьці вырашылі менавіта Стары горад, які быў прызначаны пад знос яшчэ ленінградзкім генплянам 1936 году. А зь іншага боку, раён Старога гораду, у прыватнасьці забудову Нізкага рынку, гарадзкія ўлады пачалі зносіць задоўга да вясны 1944 году, і вэрмахт тут ні пры чым.
Так што некаторыя пытаньні пакуль застаюцца без адказаў.