Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: сапёрныя выбухі і «аднаўленьне» «нашего родного Минска»


Асабістая кніжка ўдзельніка аднаўленьня Менску, якая належала тагачаснаму начальніку аддзелу пляніроўкі Ўпраўленьня па справах архітэктуры пры СНК БССР Навуму Трахтэнбэргу.
Асабістая кніжка ўдзельніка аднаўленьня Менску, якая належала тагачаснаму начальніку аддзелу пляніроўкі Ўпраўленьня па справах архітэктуры пры СНК БССР Навуму Трахтэнбэргу.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая

Сапёрныя выбухі і «аднаўленьне» «нашего родного Минска»

Нешта падобнае, апісанае літоўскім гісторыкам Антанасам Вяркялісам у кнізе «Хто разбурыў Вільню», адбывалася і ў Менску.

Савецкі ваенны журналіст № 1, пісьменьнік Ільля Эрэнбург, які ў 1944 годзе ішоў на захад разам зь перадавымі часткамі Чырвонай арміі, запісаў у сваіх успамінах:

«В Минск я попал 4 июля. Танкисты накануне прорвались в город и тотчас ушли дальше на запад. В южных кварталах еще шла стрельба. Я поглядел на длинную улицу и обрадовался: почти все дома невредимы; четверть часа спустя раздались взрывы, и домов не стало. Весь день работали саперы...»

Ільля Эрэнбург быў надзвычай акуратны і працавіты чалавек. Усё жыцьцё ён падрабязна занатоўваў свае думкі, уражаньні і падзеі ў дзёньніку, які пасьля стаў падставай для яго выдатных шматтомных мэмуараў «Люди, годы, жизнь». Так што сумнявацца ў гэтым яго сьведчаньні пра выбухі ў Менску і шукаць тут памылак памяці не даводзіцца.

Інфармацыі пра тое, дзе адбываліся гэтыя выбухі, Эрэнбург у дзёньніку не пакінуў.

У 1998 годзе ў Дзяржаўным архіве Расейскай Фэдэрацыі быў знойдзены важны для менскай гісторыі дакумэнт. Гэта даклад Ільлі Эрэнбурга на паседжаньні Габрэйскага антыфашысцкага камітэту 26 ліпеня 1944 году — г. зн. праз 23 дні пасьля апісаных падзеяў. Вось урывак зь яго:

«... Когда я приехал в Минск, то прошло уже 4 часа после того, как первые советские танки вошли в город. Еще дома взрывались на улицах. При мне на улице, где я стоял, упало два дома. Город горел. Как только я столкнулся с первыми жителями, мне сказали, что некоторые евреи остались в живых в Минске в помещении СД. Я пошел туда и в кузнице СД нашел их. Это было несколько человек в очень тяжелом физическом состоянии...»

Зьвяртае на сябе ўвагу, што абедзьве згадкі Эрэнбурга пра выбухі ў Менску могуць датычыць розных месцаў гораду. У першым урыўку з мэмуараў і прыведзенай толькі што цытаце гаворка, верагодна, ідзе пра розныя месцы гораду.

У першым выпадку Эрэнбург убачыў цэлую вуліцу, пайшоў у іншы бок і праз 15 хвілін толькі пачуў выбухі, якімі вуліца была разбураная, а вынікі выбухаў пісьменьнік убачыў пазьней. У другім выпадку Эрэнбург стаў непасрэдным сьведкам падрыву і падзеньня двух дамоў. Адсюль вынікае, што выбухі 3–4 ліпеня ў Менску не былі адзінкавымі, яны гучалі па ўсім цэнтры Менску на розных яго вуліцах — неацэннае сьведчаньне аб іх нам і пакінуў пісьменьнік. Гэта супадае са сьведчаньнямі некаторых старых менчукоў, якія расказвалі пра выбухі ў Менску і 2 ліпеня.

Як мы ўжо ведаем, 3 ліпеня 1944 году ўсе, хто рухаўся з усходу па цэнтральнай менскай магістралі, з прычыны таго, што мост празь Сьвіслач каля электрастанцыі быў разбураны, паварочвалі на Круглым пляцы направа і праз ваколіцы Опэрнага тэатру і Траецкае прадмесьце па Хлусавым або Лаўскім мастах траплялі на Нізкі рынак у Старым горадзе.

Гістарычны цэнтар Менску 22 ліпеня 1944 году. Тут добра відаць усе страты чэрвеня-ліпеня 1944 году на вуліцах Камуністычнай, Энгельса, Інтэрнацыянальнай, Рэвалюцыйнай, Камсамольскай, Рэспубліканскай, Астроўскага, Віцебскай, Вызваленьня і Плошчы Свабоды. Спаленыя езуіцкі, дамініканскі і жаночы бэнэдыктынскі комплексы.
Гістарычны цэнтар Менску 22 ліпеня 1944 году. Тут добра відаць усе страты чэрвеня-ліпеня 1944 году на вуліцах Камуністычнай, Энгельса, Інтэрнацыянальнай, Рэвалюцыйнай, Камсамольскай, Рэспубліканскай, Астроўскага, Віцебскай, Вызваленьня і Плошчы Свабоды. Спаленыя езуіцкі, дамініканскі і жаночы бэнэдыктынскі комплексы.

Цытаваны ўрывак дакладу Ільлі Эрэнбурга, а таксама згадка ў яго мэмуарах пра доўгую менскую вуліцу з амаль не пашкоджанымі дамамі, якая была падарваная ў яго на вачах, якраз і прымушаюць думаць, што падрывы дамоў праз 4 гадзіны пасьля захопу гораду савецкімі танкамі адбываліся менавіта недзе ў цэнтры Менску, магчыма, непадалёк ад гістарычнага цэнтру.

Але думаць так прымушае і яшчэ адно меркаваньне. Як члена Габрэйскага антыфашысцкага камітэту і аўтара-складальніка «Чорнай кнігі» пра пакуты габрэйскага народу падчас вайны Ільлю Эрэнбурга ў кожным вызваленым горадзе на захадзе СССР цікавіла найперш гета і месцы масавых расправаў над габрэямі. Таму ён і павінен быў найперш апынуцца на тэрыторыі былога гета ў ваколіцах Замкавай вуліцы, Юбілейнага пляцу і далей, у боку вуліц Сухой і Калектарнай.

Якраз непадалёк, на вуліцы Астроўскага, знаходзілася смаленскае СД, дзе Эрэнбург, паводле яго сьведчаньня, знайшоў жывых вязьняў-габрэяў. Ведаць аб іх існаваньні маглі толькі тыя, хто жыў непадалёку.

Што ж гэта былі за выбухі? Аўтарства немцаў выключаць нельга, хоць у крыніцах і гістарычных працах згадваецца мініраваньне імі толькі самых значных аб’ектаў у горадзе — грамадзкіх будынкаў і прамысловых прадпрыемстваў. У іх лік, натуральна, не ўваходзілі даўно пакінутыя жыхарамі, напалову спаленыя старажытныя будынкі гістарычнага цэнтру Менску.

Аналіз нямецкіх аэрафотаздымкаў сьведчыць пра істотную розьніцу ў стане забудовы на вуліцах Энгельса, Камуністычнай, Інтэрнацыянальнай, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Астроўскага, Віцебскай і Плошчы Свабоды паміж 6 чэрвеня і 8 лі­пеня. Магчыма, яна стала ахвяраю ня толькі вызвольнага штурму гораду, але і тых апісаных Эрэнбургам загадкавых выбухаў.

Магчыма таксама, што апісаныя выбухі адбываліся ня ўздоўж трасаў вуліц, а ў захаваных каробках дамоў на ўнутрыквартальнай тэрыторыі гістарычнага цэнтру Менску. Маглі яны гучаць і ў іншых месцах. Так ці іначай, непасрэдна ў Старым горадзе ў названы прамежак часу нічога не памянялася — там «доўгіх вуліц» не было ўжо зь вясны 1944 году.

Тое дзіўнае савецкае «разьмініраваньне» першага тыдня ў вызваленым Менску трапіла нават у кінахроніку — кадры падрываў сёньня можа атрымаць у дзяржынскім архіве кінафотадакумэнтаў кожны ахвочы. Вясёлыя людзі ў вайсковай форме з усьмешкамі закладаюць у дамы звычайныя круглыя пяхотныя або процітанкавыя міны, выхо­дзяць вонкі і торгаюць за вяроўку... Выбух — і дом «разьмініраваны».

Падрыў пашкоджанага пажарам, але абсалютна цэлага дому ва ўнутрыквартальнай частцы гістарычнага цэнтру Менску. Праца сапёраў выглядала наступным чынам. Закладка пад сьцены ўнутраных памяшканьняў таго або іншага будынку процітанкавых мін і торганьне за вяроўку, каб вырваць запал.
Падрыў пашкоджанага пажарам, але абсалютна цэлага дому ва ўнутрыквартальнай частцы гістарычнага цэнтру Менску. Праца сапёраў выглядала наступным чынам. Закладка пад сьцены ўнутраных памяшканьняў таго або іншага будынку процітанкавых мін і торганьне за вяроўку, каб вырваць запал.
Момант выбуху.
Момант выбуху.
Але тым разам выбухоўкі аказалася недастаткова і дом устаяў. Давялося мініраваць зноў.
Але тым разам выбухоўкі аказалася недастаткова і дом устаяў. Давялося мініраваць зноў.

Гэтыя кадры перамяжоўваюцца зь іншымі, больш стрыманымі — сапёры ходзяць зь мінашукальнікамі па шыкоўным клінкерным бруку, перацягваюць нейкія скрыні і г. д. Агулам у неабазнанага чалавека ствараецца ўражаньне звычайнага разьмініраваньня.

Сапёры шукаюць нямецкія міны.
Сапёры шукаюць нямецкія міны.

Наогул, у тым, што адбывалася ў Менску ў першыя дні і месяцы пасьля вызваленьня, зьдзіўляюць зацятасьць і мэтанакіраванасьць, зь якімі ўлады схапіліся за «аднаўленьне» гораду. Чытаючы тагачасныя газэты, ця­жка пазбыцца адчуваньня, што ты — сьведка ней­кай добра прадуманай і зрэжысэраванай акцыі. Інакш цяжка паверыць у такую спрытнасьць менскіх уладаў і нечуваны імпэт зьнясіленых акупацыяй людзей, якіх зь першых дзён ліпеня 1944 году пачалі гвалтам ганяць на разборы ўтвораных вайною завалаў.

Прапаганда працавала напоўніцу — газэты ледзь не штодзень выходзілі зь лёзунгамі «Возродим родную столицу», «Быстрее возродим, подымем из пепла и руин нашу любимую столицу», «Восстановим наш родной Минск», «Все на восстановление Минска», «Восстанавливать Минск ежедневно, по графику». Друкаваліся і расклейваліся плякаты «За работу. Все на восстановление родного Минска». А «восстановлением» (калі гаворка ідзе пра гістарычны цэнтар і Ста­ры горад у прыватнасьці) называўся татальны і вульгарны разбор усяго, што было хаця б троху пашкоджана ці спалена.

Кожны здымак у газэце, на якім «разьбіралі» і амаль цэлы дом, і кучу друзу, нязьменна называўся «На восстановлении Минска». І няважна, якога стагодзьдзя быў чарговы разьбіраны падмурак — ХVІ-га або ХХ-га. Журналісты пісалі пра патас адраджэньня і новай мірнай стваральнай працы, а на тварах удзельнікаў тых расчыстак, зафіксаваных газэтнымі фатографамі, шчасьця мне ўбачыць не ўдалося. Не расказвалі мне пра пачуцьцё шчасьця і сваякі — удзельнікі тых разбораў.

Ілюстрацыя з газэты «Советская Белоруссия» за 15 кастрычніка 1944 году. Разбор завалаў на вуліцы Ленінскай.
Ілюстрацыя з газэты «Советская Белоруссия» за 15 кастрычніка 1944 году. Разбор завалаў на вуліцы Ленінскай.
Ілюстрацыя з газэты «Советская Белоруссия» за 22 кастрычніка 1944 году.
Ілюстрацыя з газэты «Советская Белоруссия» за 22 кастрычніка 1944 году.
Фрагмэнт старонкі газэты «Советская Белоруссия» за 15 кастрычніка 1944 году.
Фрагмэнт старонкі газэты «Советская Белоруссия» за 15 кастрычніка 1944 году.

Энцыкляпэдычная гісторыя Менску, напісаная навукоўцамі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук, сьцьвярджае, што першы суботнік па разборы менскіх руінаў адбыўся 8 кастрычніка 1944 году. Афіцыйна — так. Але апытаныя мной старыя менчукі ў адзін голас сьцьвярджалі, што «разбор завалаў» пачаўся ўжо праз два-тры дні пасьля прыходу ў горад савецкіх войскаў, яшчэ пад выбухі сапёрных мінаў.

Вось фрагмэнт інтэрвію старшыні менскага гарсавету К. Бударына газэце «Советская Белоруссия» за 11 ліпеня 1944 году, якая пацьвярджае сьведчаньні старажылаў:

«Тысячи жителей освобождённого Минска вышли на работы по очистке города. Уже убран и вывезен мусор, улицы и дворы приведены в соответствующий вид. Приступило к работе более ста уличных комитетов. Произведён учёт населения, оставшегося после трехлетнего хозяйничания немецких бандитов. Повсюду ремонтируются помещения... В горсовет, горком партии и другие учреждения приходят женщины, старики и молодёжь, предлагающие услуги по восстановлению родного Минска».

Удзел у «расчыстцы» і «разборцы» завалаў быў абавязковым. Сэсія Менскага гарсавету ў кастрычніку 1944 году прыняла пастанову, паводле якой кожны дарослы мянчук павінен быў штомесяц адпрацаваць 30 гадзін, а студэнты і школьнікі старэйшых клясаў — 15. Гэта быў звычайны савецкі прымус. Для кантролю за ўдзелам менчукоў у разборы завалаў былі ўведзеныя спэцыяльныя «асабістыя кніжкі», іх атрымалі нават школьнікі. За парушэньне правілаў запаўненьня кніжак — жорстка каралі.

Нормы прымусовай адпрацоўкі на разборы руінаў для жыхароў Менску, зацьверджаныя ў лістападзе 1944 году.
Нормы прымусовай адпрацоўкі на разборы руінаў для жыхароў Менску, зацьверджаныя ў лістападзе 1944 году.

«Советская Белоруссия» у кастрычніку 1944 году пісала ў рэдакцыйным артыкуле:

«Личная книжка — важнейший документ, свидетельствующий об участии трудящихся в восстановлении города. Между тем во многих организациях личные книжки заполняются небрежно. В записях имеются грубые нарушения: учитываются не фактически отработанные часы, а по выполнению норм выработки. Зачастую ведение записей поручается второстепенным лицам. Это недопустимо. Партийные организации, директоры предприятий и учреждений, председатели фабзавкомов должны систематически проверять отметки в книжках участников восстановления города...»

Празь месяц намесьнік наркама жыльлёва-грамадзянскага будаўніцтва БССР В. Каменскі паўтараў:

«Очень важный и серьёзный момент в работе десятника и бригадира — отметка в личной книжке участника восстановления. Есть случаи, когда количество отработанных часов определяется выполнением нормы. Скажем, выполнил гражданин в один час две нормы, а записывают ему два часа. Это является совершенно неправильным и недопустимым. Записывать в книжку нужно фактическое количество выработанных часов, добиваясь максимальной выработки в час».

Дзе ж тут энтузіязм і добры працоўны настрой? Мужчын мабілізавалі ў войска ў першыя дні. Засталіся жанчыны, старыя і дзеці. Зьнясіленых ця­жкай працай на прадпрыемствах і голадам часоў акупацыі людзей прымушалі працаваць фізычна ў выхадныя і нават у працоўныя дні без увагі на стан здароўя і век. Менчукі сталі парабкамі ХХ стаго­дзьдзя. Таму і працавалі без энтузіязму.

Ілюстрацыя з газэты «Советская Белоруссия» за 8 сьнежня 1944 году. Ня шмат радасьці ў жанчын на тварах.
Ілюстрацыя з газэты «Советская Белоруссия» за 8 сьнежня 1944 году. Ня шмат радасьці ў жанчын на тварах.

Зноў цытата з рэдакцыйнага артыкулу «Советской Белоруссии»:

«Необходимо всячески усилить массово-разъяснительную работу среди населения. В ряде партийных организаций агитаторы побывали на прикреплённых улицах только один-два раза и сочли на этом свою миссию законченной. Агитаторы должны систематически работать среди домашних хозяек, организовывать их на активное участие в восстановительных работах».

Але агітацыя і нават прымус не спрацоўвалі, і праз паўгода «Советская Белоруссия» зноў патрабавала:

«Райкомы должны выделить постоянных агитаторов для работы среди домашних хозяек».

Менчукі рэгулярна зрывалі графікі выхаду на прымусовыя працы.

«В последние дни уменьшился выход на работу коллективов предприятий, учреждений и домашних хозяек. Графики выхода срываются, а пропущенные дни не отрабатываются. Это, конечно, ни в коей мере не означает, что у населения уменьшилось желание работать на восстановлении своего города», — пісала 22 лістапада 1944 году «Советская Белоруссия».

Для таго, каб «энтузіязм» не зьмяншаўся, газэты паведамлялі, што кожны раз побач з «арганізаванымі» працаўнікамі, на разборы руінаў працуюць і «неарганізаваныя» добраахвотнікі. Напрыклад, з выйшаўшых 14 лістапада 1944 году на вуліцы Менску 16 тысяч менчукоў, як паведамлялі газэты, было каля 3 тысяч добраахвотнікаў.

Сёньня людзі ўспамінаюць, што добраахвотнікі сапраўды былі, але ня так шмат. Пераважна хадзілі тыя, хто натхняўся чуткамі пра знойдзенае ў руінах золата. Менчукі памяталі пра выпадкі часоў акупацыі — тады сапраўды пры разборы некаторых руінаў на вуліцы Ленінскай, прыблізна там, дзе цяпер аптэка, са сьценаў сыпаўся дождж з залатых манэтаў. Летам і восеньню 1944 году добраахвотнікі, шукаючы «габрэйскае золата» на тэрыторыі былога гета, ахвотна разьбіралі руіны на Замкавай і Падзамкавай.

Першы разварот «Личной книжки №2551 участника восстановления города Минска. 1944 год», якая належала архітэктару Навуму Трахтэнбэргу, зь яго дадзенымі. Жыў ён на вуліцы Рэвалюцыйнай, 1.
Першы разварот «Личной книжки №2551 участника восстановления города Минска. 1944 год», якая належала архітэктару Навуму Трахтэнбэргу, зь яго дадзенымі. Жыў ён на вуліцы Рэвалюцыйнай, 1.
2-я і 3-я старонкі «Личной книжки №2551 участника восстановления города Минска. 1944 год», якая належала архітэктару Навуму Трахтэнбэргу. На старонках 3 і 4 указвалася, што ён у нядзелю 8 лістапада і ў пятніцу 27 кастрычніка 1944 году адпрацаваў па 8 гадзін на разборцы гатэлю «Эўропа», 12 лістапада – 7 гадзін на вуліцы Леніна, а 19 лістапада – 8 гадзін на Плошчы Свабоды; гэта былі нядзелі.
2-я і 3-я старонкі «Личной книжки №2551 участника восстановления города Минска. 1944 год», якая належала архітэктару Навуму Трахтэнбэргу. На старонках 3 і 4 указвалася, што ён у нядзелю 8 лістапада і ў пятніцу 27 кастрычніка 1944 году адпрацаваў па 8 гадзін на разборцы гатэлю «Эўропа», 12 лістапада – 7 гадзін на вуліцы Леніна, а 19 лістапада – 8 гадзін на Плошчы Свабоды; гэта былі нядзелі.

Надзвычай актыўна выкарыстоўвалася праца школьнікаў. Дзяцей ганялі на разбор менскіх дамоў пасьля заняткаў, таму гэта звычайна адбывалася непадалёк ад школы. Гэтак вучні 42-й школы, якая месьцілася ў былым будынку езуіцкага кляштару (Дом губэрнатара, сёньня — музычная школа на Плошчы Свабоды), разьбіралі старыя дамы на вуліцах Ленінскай і на Вольнай.

З наступленьнем халадоў працы стыхійна сталі прыпыняцца. Не дапамагалі ні вымовы, ні пазбаўленьне прагульшчыкаў часткі харчовых картак. І беларускі ўрад паставіў перад працоўнымі новую задачу:

«В ряде мест пытаются объяснить снижение выхода населения на работу наступившими холодами, дождями, метелью. Безусловно, зима усложняет работу, но не должна прекратить. Необходимо перестраиваться на работу в зимних условиях, подбирать виды работ, позаботиться о соответствующем инструменте и т. д.».

І ні слова пра тое, дзе ўзяць цёплае адзеньне...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG