«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.
Чэрвень 1944 году — савецкія бомбы над Менскам
Падчас маіх сустрэчаў зь менчукамі, якія жылі ў вайну ў самым цэнтры гораду, многія зь неўразуменьнем расказвалі пра жорсткія савецкія бамбаваньні Менску ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1944 году.
Вось аповед менскай пэнсіянэркі, спадарыні Ларысы:
«Гісторыкам задаюць пытаньні, наколькі Менск быў разбураны падчас вайны 41-га году. Я, карэнная мянчучка, у 41-м годзе скончыла першы кляс, хачу падзяліцца сваімі дзіцячымі ўспамінамі. Менск да вайны быў утульны горад з вузкімі вулачкамі, у асноўным былі прыватныя дамы. Цэнтар — гэта вуліцы Савецкая, Ленінская, Карла Маркса. А далей ужо Татарскія агароды, Няміга, Ніжні базар, Кальварыя. Нашая вуліца, дзе былі прыватныя дамы, цягнулася ўздоўж Сьвіслачы ў раёне Опэрнага тэатру...
Нашы самалёты вельмі часта бамбілі Менск, бамбілі тыя месцы, дзе знаходзіліся немцы, — гэта раён Опэрнага тэатру і штаб, які знаходзіўся ў канцы нашай вуліцы. Там пабудавалі да вайны шматпавярховы дом. Дык мы якраз былі ў гэтым цэнтры, куды кідалі бомбы (вылучэньне маё — С. А.).
Аднойчы ў час такога налёту, гэта было амаль у канцы вайны, было вельмі страшна. У той час параніла майго дзядзьку, бо бомба разарвалася побач з нашым домам, а дом, куды накіроўвалі бомбы, так і цяпер стаіць».
Рашэньне аб летнім наступе ў Беларусі Сталін прыняў у канцы красавіка 1944 году. Падчас абмеркаваньня хады апэрацыі маршал Жукаў прапанаваў выкарыстаць для бамбаваньня Беларусі ўсю (!) цяжкую авіяцыю далёкага дзеяньня, якая была ў СССР. Сталін згадзіўся. Вось як сам Жукаў пісаў пра гэта ў сваіх успамінах:
«Я предложил Верховному также в предстоящей операции использовать всю авиацию дальнего действия, отнеся на более поздние сроки ее налеты на объекты, расположенные на территории Германии. Верховный согласился с этим и тут же приказал послать ко мне маршала авиации А. А. Новикова и маршала авиации, командующего авиацией дальнего действия А. Е. Голованова, с которыми мне лично приходилось много работать во всех важнейших предыдущих операциях...
Вместе с А. А. Новиковым, А. Е. Головановым, С. И. Руденко и К. А. Вершининым (камандуючыя паветранымі арміямі — С. А.) мы подробно обсудили обстановку, цели, задачи и планы применения воздушных армий и взаимодействие их с авиацией дальнего действия, удары которой нацеливались по штабам, узлам связи оперативных объединений, по резервам и другим важнейшим целям.
Кроме того, были рассмотрены вопросы маневра авиации фронтов в общих интересах. Для поддержки действий 3-го Белорусского фронта в распоряжение А. М. Василевского было выделено около 350 тяжелых самолетов...»
А вось сьведчаньні самога камандуючага савецкай авіяцыяй далёкага дзеяньня маршала Аляксандра Галаванава, якога згадвае Жукаў.
«В преддверии готовившегося пятого удара авиация дальнего действия в интересах 1-го и 2-го Белорусских фронтов начала действовать по железнодорожным узлам... В первой половине мая были нанесены удары по Брестскому, Люблинскому, Хелмскому, Минскому, Барановичскому железнодорожным узлам...
...В июне, в подготовительный период и в первые дни самой операции, мы произвели в интересах указанных выше фронтов 6053 самолето-вылета. За этот период авиация ДД, уничтожала скопления железнодорожных эшелонов, разрушала пути и станционные сооружения на железнодорожных узлах, станциях и перегонах на участках Орша — Минск — Барановичи...
Ударам с воздуха подвергались железнодорожные узлы Минск, Барановичи, Молодечно, Осиповичи, Орша, Лунинец, Полоцк...
Удары, как правило, наносились массированно, и в зависимости от загруженности узлов эшелонами количество самолетов в каждом из них доходило до двухсот и более».
Больш за два месяцы ўся цяжкая авіяцыя СССР разам з франтавой авіяцыяй бамбавала разьмешчаныя ў беларускіх гарадах і мястэчках нямецкія аб’екты. Наступствы былі жахлівыя.
Баі за вызваленьне Беларусі — так званая Беларуская апэрацыя — цягнуліся з 23 чэрвеня да 29 жніўня. Але ўжо зь сярэдзіны чэрвеня практычна кожны дзень «Совинформбюро» падавала зводкі з фронту і, асобна, зводкі «Дзеяньні нашай авіяцыі»:
«У ноч на 13-га і ў ноч на 14-га чэрвеня наша авіяцыя дальняга дзеяньня наносіла масіраваныя ўдары па аэрадромах праціўніка. Бамбардыроўцы былі падвергнуты аэрадромы ў раёнах — Брэста, Беластока, Баранавіч, Пінска, Мінска, Бабруйска, Оршы... У выніку бамбардыроўкі ўзьніклі шматлікія пажары... 8 нашых самалётаў не вярнуліся на свае базы».
«У ноч на 18-га чэрвеня наша авіяцыя дальняга дзеяньня наносіла масіраваныя ўдары па аэрадромах праціўніка ў раёне Баранавічы, Пінск, Мінск... Узьніклі масавыя пажары...»
«Наша авіяцыя ў ноч на 28-га чэрвеня нанесла моцныя ўдары па чыгуначных вузлах Баранавічы, Лунінец, Мінск, Полацк і чыгуначнай станцыі Барысаў... Пажары наглядаліся экіпажамі пры ўходзе ад цэлі з адлегласьці 150 кілометраў...»
«У ноч на 29 чэрвеня наша авіяцыя зрабіла масіраваныя налёты на чыгуначныя вузлы Баранавічы, Мінск і Полацк... Асабліва інтэнсіўны налёт наша авіяцыя зрабіла на чыгуначны вузел Мінск...»
«Наша авіяцыя ў ноч на 1 ліпеня зрабіла масіраваныя налёты на чыгуначныя вузлы Яглевічы, Баранавічы, Лунінец, Маладзечна, Мінск, Полацк. У выніку бамбардыроўкі... узьніклі шматлікія пажары».
Калі меркаваць па зводках «Совинформбюро», то ў другой палове чэрвеня — пачатку ліпеня 1944 году адбылося ня менш за 8-9 масавых савецкіх налётаў на Менск.
Чытачу, відаць, ня трэба тлумачыць, што «чыгуначным вузлом» можна назваць ня толькі ўласна станцыю, але і шырэй — сам горад. Немцы мелі ў Менску, як і ў іншых беларускіх гарадах, цяжкія 88- і 105-мілімэтровыя зэнітныя гарматы, шчыльны агонь якіх мог не даваць савецкім самалётам зьніжацца на дастатковую для прыцэльнага «бомбамятаньня» вышыню.
Рэгулярныя нямецкія часткі і адміністрацыя пакінулі горад 2 ліпеня.У той жа дзень менчукі бачылі ў горадзе савецкую франтавую разьведку на трафэйных аўтамабілях. І пасьля данясеньняў разьведчыкаў аб тым, што немцаў у горадзе ўжо няма, Менск зноў цэлую ноч жорстка бамбілі, прычым самы цэнтар. Мне давялося гутарыць з жанчынай, якая тады жыла на Нова-Мясьніцкай вуліцы на Замчышчы — асколак ад савецкай бомбы, уляцеўшы праз акно, засеў у падушцы на яе ложку.
2 ліпеня сярод менчукоў пайшла пагалоска, што на пакінутым немцамі хлебазаводзе на вуліцы Астроўскага можна здабыць хлеб і муку. Мая цётка Ірына Грамыка разам са сваёй старэйшай сястрой Ганнай Шавель (прозьвішчы мужоў, дзявочае ў абедзьвюх — Лось) спрабавалі туды схадзіць. Расказваючы пра гэта, цётка Ірына расплакалася. Яна казала што з вуліцы Ратамскай, дзе тады жыла выселеная немцамі з Інтэрнацыянальнай уся мая сям’я, яны з Ганнай паўзьлі да заводу, там набралі поўную навалку мукі, бо хлеба ўжо не засталося, і пасьпяхова прыпаўзьлі назад.
Калі я спытаў, чаму яны паўзьлі, цётка адказала:
«Што ты, Сярожа, гэта было пекла. Менск страшэнна бамбавалі і абстрэльвалі. Выбухі вакол, над галавой усё сьвістала. Я думала, што не дапаўзу, памру ад страху...»
А вось што пісаў пра тыя дні журналіст Пётра Васілеўскі:
«Камандаваньне Чырвонай Арміі мела дакладныя зьвесткі, што ўжо 2 ліпеня ў Мінску не было ніводнага немца. Таму 3 ліпеня савецкія танкісты, перасьледуючы імкліва адыходзячага ворага, ня мелі часу каб ладзіць імправізаваныя мітынгі і прымаць кветкі ад нібыта шчасьлівых мінчукоў — быў загад: не спыняцца! Танкі абмінулі горад або, не спыняючыся, прайшлі ўскраінамі. Немцаў жа Чырвоная Армія дагнала толькі ў раёне Валожына. А вось навошта 3 ліпеня, якое сёньня адзначаюць як усенароднае сьвята, савецкая авіяцыя нанесла па Менску (дзе, нагадаю, немцаў ужо не было) масіраваны бомбавы ўдар?
Гісторыкі ўцямна патлумачыць гэтага факту ня могуць і з гэтай прычыны маўчаць. Дзякуй вызваліцелям, так бы мовіць — ім зьверху лепей бачна. Так што 3 ліпеня мінчукі не мітынгі ладзілі, а па склепах хаваліся ад „родных“ бомбаў».
Якім жа быў вынік тых налётаў на «аэрадромы» і «чыгуначныя вузлы»? Дамо слова відавочцам. Вось аповед старшыні Менскага гарвыканкаму ў 40-я гады Канстанціна Бударына:
«Сюды (у Менск — С. А.) я прыехаў 3 ліпеня з апэратыўнай групай гаркома і абкома. Мы сустрэлі страшную забруджанасьць Мінска: трупы людзей і коней, пажары. Насельніцтва ў цэнтральнай частцы горада амаль не было. На ўскраінах насельніцтва захавалася. Потым пачалі вяртацца людзі з сёлаў, з лясоў...»
А вось якім убачыў Менск у першыя дні ліпеня 1944 году беларускі пісьменьнік Міхась Лынькоў:
«... Навокал папялішчы, руіны. Адны яшчэ дымяцца, другія парасьлі ўжо травой, быльнягом... На сьвежых папялішчах знаходзім абгарэлыя чалавечыя косьці. На агародах адзіночныя магілы. На ўцалелых дамах надпісы „замініравана“. Бітае аконнае шкло ўелася ў падатлівы асфальт — тратуары парабіліся мазаічныя...»
«Трупы людзей» і «абгарэлыя чалавечыя косьці», натуральна, не валяліся ў Менску з 1941 году. Іх убачылі менавіта на «сьвежых папялішчах».
Цяпер гісторыкі сьцьвярджаюць, што баі за Менск былі. Гэта не зусім адпавядае сапраўднасьці. Савецкія танкавыя арміі сапраўды Менск абышлі і замкнулі так званы «Менскі кацёл» далёка на захад ад гарадзкіх межаў. Ні 1, ні 2, ні 3 ліпеня за Менск ніхто ня біўся ў клясычным сэнсе, калі вакол гораду ёсьць умацаваная лінія абароны, яе займаюць войскі аднаго праціўніка, а вайсковыя злучэньні іншага праціўніка гэтую лінію штурмуюць, прарываюць і ўваходзяць у горад. Не, гэта быў імклівы наступ савецкіх войскаў і хаатычныя ўцёкі немцаў. Горад абстрэльвалі з розных бакоў, менчукі хаваліся хто дзе мог.
Сьведкі падзеяў 3 ліпеня, зь якімі мне давялося гаварыць, проста расказвалі, што ў адзін момант на Нізкім рынку спыніліся савецкія танкі, якія рухаліся з боку вуліцы Камунальнай, зь іх вылезьлі насьцярожаныя танкісты, а да іх паступова пачалі падыходзіць таксама насьцярожаныя менчукі — жыхары Нова-Мясьніцкай, Завальнай і Няміскай вуліц, якія спачатку не былі ўпэўненыя ў тым, што брудныя, закуродымленыя танкі — сапраўды савецкія. Так адбылася тая сустрэча.
Баі на ўскраінах гораду былі ў наступны тыдзень, калі рэшткі аточанай на паўднёвым усходзе нямецкай групоўкі спрабавалі ўскраіннымі вуліцамі прарвацца на захад. 7 ліпеня немцы нават прарваліся ў цэнтар гораду, але былі адтуль выбітыя.
Пра тыя «трупы людзей», «абгарэлыя чалавечыя косці» і шматлікія пажары, якія ўбачыў 3 ліпеня К. Бударын, варта памятаць — гэта быў вынік савецкіх «масіраваных» бомбавых удараў напярэдадні вызваленьня гораду.
Сёньня здымкі таго дня можна ўбачыць у шматлікіх кнігах, альбомах і на выставах — палаючы Дом афіцэраў і яго ваколіцы, пажары на вуліцы Камсамольскай, менчукі з клункамі ў паніцы ратуюцца ад агню і спрабуюць выратаваць сямейныя пажыткі на вуліцы Рэвалюцыйнай. Толькі пад здымкамі даюцца несапраўдныя тлумачэньні, кшталту, «фашисты подожгли...» або «минчане возвращаются в свои дома».
Ахвярамі савецкіх налётаў чэрвеня-ліпеня 1944 году сталі ня толькі людзі, але і старыя менскія дамы.
Былі разбомбленыя і згарэлі:
- езуіцкі калегіюм з гарадзкой вежай,
- касьцёл і кляштар дамініканаў,
- дом Сапегаў,
- пазасталы цэлы квартал на Камуністычнай у раёне кляштару дамініканаў пры яе стыку з Энгельса,
- касьцёл і кляштар бэнэдыктынак на Інтэрнацыянальнай,
- значная частка старых дамоў паміж вуліцамі Астроўскага і Віцебскай у Ракаўскім прадмесьці, і многія іншыя будынкі.
Менавіта тады быў разбомблены і згарэў правы бок вузкай і выгінастай вуліцы Камсамольскай, у выніку чаго пасьля вайны яна была выпрастана і пашырана.
Такі самы лёс спасьціг і ўвесь квартал паміж Рэвалюцыйнай, Інтэрнацыянальнай і Камсамольскай.
Згарэлі вялікія кавалкі франтальнай і ўнутрыквартальнай забудовы на вуліцах Інтэрнацыянальнай, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Віцебскай, Астроўскага і ў іншых месцах.
Тое, што адбывалася са старой менскай архітэктурай напярэдадні вызваленьня гораду, не было ўнікальнай зьявай. Такія самыя падзеі мелі месца і ў іншых гарадах СССР, напрыклад, Вільні.
У 2015 годзе ў Літве выйшла кніга Антанаса Вяркяліса «Хто разбурыў Вільню». Грунтуючыся на значна больш даступных для дасьледчыкаў гэтай краіны архіўных дакумэнтах, аўтар апісаў, як 11 ліпеня 1944 году, за два дні да поўнага вызваленьня гораду, савецкія 33-і асобны батальён ранцавых агнямётаў і 18-ы асобны процітанкавы агнямётны батальён спалілі і разбурылі вялікую частку Старога гораду Вільні абапал вуліцы Нямецкай і паасобныя іншыя кварталы, адкуль немцы на той час ужо сышлі. Пасьля вайны, як паказвае на канкрэтных прыкладах Антанас Вяркяліс, савецкая прапаганда сьцьвярджала, што гэтыя кварталы зь іх помнікамі, у тым ліку Вялікую віленскую сынагогу, разбурылі немцы.
Але і вызвольны штурм ня стаў найгоршым часам для гістарычных кварталаў Менску.