Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БТ у сюжэце аб сьмерці Дзьмітрыя Ўсхопава абвінавацілі загінулага і яго сям’ю


Дзьмітры Ўсхопаў
Дзьмітры Ўсхопаў

Увечары 26 студзеня дзяржаўны тэлеканал Беларусь-1 выпусьціў сюжэт аб сьмерці Дзьмітрыя Ўсхопава ў Рэчыцы ў ноч на новы год. Да трагедыі прымяшалі палітыку.

Паводзіны Дзьмітрыя Ўсхопава ў РАУС у сюжэце БТ называюць «шалёнымі». Пра гэта сказаў Дзьмітры Трашко, камандзір узводу ППСМ АУС Рэчыцкага раёну. Паводле яго, Усхопаў «катэгарычна адмаўляўся прайсьці ў будынак РАУС, адштурхоўваў супрацоўнікаў». Нібыта таму на яго надзелі кайданкі.

Асноўным матывам у сюжэце ідзе стан ап’яненьня, у якім, паводле вэрсіі аўтараў відэа, знаходзіўся Ўсхопаў. У РАУС яго «пачало развозіць у цяпле», і «ён сам ня мог зайсьці ў машыну, яго акуратна паклалі на падлогу, каб ніяк не траўмаваўся» (гэтыя словы гаворыць ананімны патрульны).

Пасьля сьмерці Дзьмітрыя навіна трапіла ў СМІ, на БТ лічаць гэта няправільным. У гэтым у роліку абвінавачваюць сястру загінулага Сьвятлану Герасімовіч. Сьляды на фота, пра якія яна гаворыць як пра сьляды пабіцьця, у сюжэце, са слоў Аляксандры Фядзянінай, судмэдэкспэрткі рэчыцкага аддзелу ДКСЭ, называюць «трупнымі плямамі». А сінякі і ранкі «не зьяўляюцца прычынай сьмерці».

Таксама сястру Ўсхопава абвінавацілі ва ўцёках з краіны. У сюжэце для прапагандыстаў Сьвятлану Герасімовіч раскрытыкаваў Аляксандар Заразака, начальнік прадпрыемства, на якім працавала Сьвятлана.

Ёсьць у сюжэце і абвінавачаньні Ўсхопава ў наркаманіі. Дзеля гэтага прапагандысты прывялі словы ананімных «знаёмых», якія сьцьвярджалі, што Ўсхопаў нібыта даўно ўжываў розныя наркотыкі.

Начальнік сьледчага ўпраўленьня УСК Гомельскай вобласьці Андрэй Балашка заявіў аб крымінальнай справе па факце незаконнага з мэтай збыту набыцьця, захоўваньня і незаконнага збыту, які прывёў па неасьцярожнасьці да сьмерці чалавека. Крымінальныя справы завялі на двух сяброў Усхопава па факце незаконнага абарачэньня наркотыкаў — цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА.

У навагоднюю ноч пасьля затрыманьня міліцыяй у Рэчыцы загінуў 27-гадовы Дзьмітры Ўсхопаў. Міністэрства ўнутраных спраў і Сьледчы камітэт сьцьвярджаюць, што малады чалавек памер ад атручэньня алькаголем і марыхуанай. Сваякі і сябры Ўсхопава аднагалосна заявілі, што Дзьмітрыя забілі ў міліцыі, а цяпер спрабуюць схаваць злачынства людзей у пагонах. Некалькіх сяброў Усхопава арыштавалі перад пахаваньнем Дзьмітрыя, ня даўшы разьвітацца. Пазьней сваякі, баючыся перасьледу, выехалі за мяжу. Яны сьцьвярджаюць, што пасьля гібелі Дзьмітрыя за імі сачылі сілавікі і пагражалі крымінальнымі справамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG