Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Рэчыцы памёр у навагоднюю ноч ад траўмаў. Маці: забіла міліцыя. СК: стала «блага» ў пастарунку

абноўлена

Дзьмітры Ўсхопаў
Дзьмітры Ўсхопаў

Рэчычанін памёр у ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня. Блізкі яму чалавек кажа, што гэта здарылася пасьля таго, як Усхопава білі ў міліцыі.

Дзьмітрыю Ўсхопаву было 27 гадоў. Адзін зь ягоных блізкіх распавёў сайту «Флагшток», што памёр мужчына пасьля пабояў у міліцыі.

Адзін з блізкіх памерламу людзей сказаў, што гісторыя пачалася а 23-й гадзіне ў цэнтры Рэчыцы на прыпынку «Дзіцячы сьвет». Дзьмітры зь сябрамі плянаваў ехаць у раён Рытм да мамы сустракаць Новы год. Яны былі нападпітку, да іх падышлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы (ППС). Па словах відавочцаў, Дзьмітры аказаў непадпарадкаваньне. Выклікалі аўтапатруль з падмогай, яшчэ каля пяці чалавек былі ў машыне.

«Дзімку даставілі ў РАУС. Там або дапытвалі і білі, або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнэўматыкі, я дакладна ня ведаю. Ён страціў прытомнасьць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, нацельная саколка разарваная. У аддзяленьні ЦРБ яго прынялі ў стане комы. Па словах тэрапэўта, спрабавалі яшчэ рэанімаваць адрэналінам і масажам сэрца, але час быў страчаны. Адправілі ў морг, а раніцай 01.01.2022 зрабілі па ілжывай пастанове сьледчага тэрміновае ўскрыцьцё. У морг не пускалі. Прыехаў начальнік аддзяленьня судмэдэкспэртызы і выклікалі сьледчага, нам паказалі цела.

На запясьцях рук і каленках бачныя сінякі, на галаве круглая рана. Яму рабілі ўскрыцьцё чэрапна-мазгавой скрынкі і брушнай паражніны».

Паводле словаў блізкіх Усхопава, у цяперашні час на маці загінулага аказваецца ціск — у яе кватэры міліцыя зьбіраецца праводзіць ператрус. Палітычнага складніку ў затрыманьні і зьбіцьці Дзьмітрыя Ўсхопава ягоныя сваякі ня бачаць, інфармуе Палеская Вясна.

У Дзьмітрыя засталася 5-гадовая дачка.

Тым часам маці Ўсхопава Алена Міхайлаўна сказала «Нашай ніве», што яе сына сапраўды забілі ў міліцыі.

«Яны яго забілі — міліцыя забіла. Я ўдава афганца, усё пішыце. Ён ехаў да мяне Новы Год адзначаць, стаяў на прыпынку зь сябрам: „Я зараз пад’еду“, — звоніць. Яны там пілі шампанскае і закусвалі мандарынам. А тут усё, ехалі: расьпіцьцё. Рукі заламалі. А ён кажа — я да мамы еду, выпусьціце, не затрымлівайце. А потым яны там яго... на скроні рана, сьпіна сіняя, рукі сінія. Майка на кавалкі разарваная, як вугаль яго цела».

Камэнтар Сьледчага камітэту зьявіўся толькі а палове на 15-ю. Там заявілі, што сьмерць нібыта ня носіць траўматычнага характару, а Ўсхопаву проста стала «блага» ў пастарунку.

«Паводле папярэдніх высноваў экспэртаў, сьмерць ня носіць траўматычнага характару — на целе памерлага ня выяўленыя пашкоджаньні ўнутраных органаў, пераломаў костак. Чакаецца заключэньне экспэртнга даследаваньня на наяўнасьць у крыві алькаголю, наркатычных і іншых рэчываў».

Паводле сілавікоў 31 сьнежня ў 23.10 супрацоўнікі міліцыі затрымалі на прыпынку грамадзкага транспарту на вул. Савецкай мужчыну з прыкметамі моцнага алькагольнага ап'яненьня. Празь непадпарадкаваньне да мужчыны ўжылі фізычную сілу.

Паводле сьледчага камітэту, затрыманага даставілі ў Рэчыцкі РАУС, затым у межах адміністрацыйнага працэсу павезьлі на мэдагляд у раённую бальніцу. Пры падʼезьдзе да мэдычнае ўстановы мужчыну стала кепска. Яго экстранна даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыю. Нягледзячы на намаганьні лекараў, у 1:20 канстатавана сьмерць, паведамляе СК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG