Алія назвала тое, што адбылося, «трагічнымі падзеямі», і выказала спачуваньні семʼям загінулых.
«Няхай гэты жорсткі ўрок для ўсіх нас стане апошнім у нашай гісторыі. Гэта няправільна, калі людзі гінуць у мірны час», — напісала Алія Назарбаева. Яна падзякавала «за маральную падтрымку бацькі ў гэты момант». «Ён атрымлівае шмат паведамленьняў у гэтыя дні ад жыхароў розных рэгіёнаў», — дадала дачка першага прэзыдэнта Казахстана.
Сам Нурсултан Назарбаеў не зьяўляўся на публіцы з 28 сьнежня 2021 году. Ён ніяк не камэнтаваў маштабных пратэстаў, якія рагарнуліся ў краіне, хоць звычайна зьвяртаўся да нацыі па ключавых тэмах. У апазыцыйнай прэсе і сацсетках цыркулююць чуткі пра яго хваробу і нават сьмерць. Некаторыя СМІ паведамілі, што ён зь сямʼёй вылецеў з Казахстану.
Аднак прэс-сакратар былога прэзыдэнта сьцьвярджае, што Нурсултан Назарбаеў не пакідаў Казахстан і знаходзіцца ў сталіцы. Паводле яго, Назарбаеў «праводзіць шэраг кансультацыйных сустрэч і знаходзіцца на прамой сувязі з прэзыдэнтам Казахстану Касым-Жамартам Такаевым».
Старэйшая дачка Назарбаева Дарыга прапусьціла ўжо два пасяджэньні Мажылісу (ніжняй палаты) парлямэнту Казахстану, яе памочнікі растлумачылі гэта заражэньнем каранавірусам.
Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня і працягваліся каля тыдня. Падставай для іх стала двухразовае павышэньне цэнаў на паліва. Пры гэтым адным з лёзунгаў пратэстоўцаў стаў «Шал, кет!», што перакладаецца як «Стары, сыходзь!». Пратэстоўцы мелі на ўвазе Нурсултана Назарбаева, які, хоць і пакінуў пасаду прэзыдэнта Казахстану, пакінуў за сабой значныя паўнамоцтвы.