Місія АДКБ пачала перадаваць ахоўныя аб’екты сілавым органам Казахстану. Кантынгент замежных войскаў, якія ўваходзяць у склад місіі, рыхтуе тэхніку да вяртаньня, паведаміла Мінабароны Расеі.
«Падразьдзяленьні Калектыўных міратворчых сіл АДКБ у Рэспубліцы Казахстан, якія выканалі пастаўленыя задачы, пачынаюць падрыхтоўку тэхнікі і матэрыяльных сродкаў для загрузкі ў самалёты вайскова-транспартнай авіяцыі ВКС Расеі і вяртаньня ў пункты пастаяннай дысьлякацыі».
Выхад кантынгенту афіцыйна пацьвердзілі і ў Міністэрстве абароны Беларусі. На вывад адведзена 10 дзён.
13 студзеня ў фармаце відэаканфэрэнцыі адбудзецца пазачарговае пасяджэньне Савету міністраў абароны дзяржаў – сяброў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, у якім прымуць удзел кіраўнікі абаронных ведамстваў, а таксама кіраўніцтва Сакратарыяту і Аб’яднанага штабу АДКБ.
Беларусь прадставіць міністар абароны генэрал-лейтэнант Віктар Хрэнін.
Асноўнае пытаньне парадку дня пасяджэньня зьвязана з правядзеньнем «міратворчай апэрацыі» АДКБ у Рэспубліцы Казахстан.
13 студзеня кантынгенты Калектыўных міратворчых сілаў АДКБ прамаршыравалі па Алматы на ўрачыстай цырымоніі завяршэньня місіі ў Казахстане. Перад удзельнікамі апэрацыі выступіў генэральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы Станіслаў Зась.
Беларускія вайскоўцы апранулі на парад шэўроны Міратворчых сілаў, якіх не насілі пры ўваходзе на тэрыторыю Казахстану.
Зась паінфармаваў прэзыдэнта Казахстану Такаева пра пачатак вываду войскаў АДКБ з краіны. У адказ Такаеў падзякаваў сілам АДКБ за дапамогу, піша Akorda.kz. У час сустрэчы ён сказаў, што арганізацыя «пацьвердзіла сваю каштоўнасьць у якасьці вайскова-палітычнай структуры» і адзначыў, што для АДКБ цяпер важна наладзіць узаемадзеяньне з кіраўніцтвам іншых міжнародных арганізацый.
«Лічу, што заснаваньне інстытуту Спэцыяльнага прадстаўніка Генэральнага сакратара АДКБ па міратворчых апэрацыях таксама вельмі дарэчнае», — адзначыў Такаеў.