2 жніўня 2021 году музыкаў фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Менскам. Шасьцёх затрыманых падазраюць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх» — за выступы падчас масавых пратэставых шэсьцяў у Менску ў жніўні 2020 году.
Уладзімер плянуе чытаць па-нямецку, чакае лістоў
Уладзімер і Надзея Калачы — муж і жонка. Родная сястра Ўладзімера Валянціна расказала, пра што музыкі напісалі сям’і ў першых лістах з-за кратаў.
Першыя два лісты, якія прыйшлі ад Уладзімера, датаваныя 15 і 19 жніўня.
«Вова піша, што перажыў сапраўдны шок ад таго, што адбылося, але паціху прывыкае да гэтага новага жыцьця», — кажа сястра музыканта.
Доўгі час мужчына вінаваціў сябе ў тым, што сяброў затрымалі на дні нараджэньня жонкі, асабліва хваляваўся за саму Надзею. Адаптавацца да турмы яму дапамаглі сукамэрнікі, супакойваюць яго і ўсяляк дапамагаюць. Стан здароўя дудара добры.
«Першае, што зрабіў, напісаў на кубку Irdorath, і выявілася, што нават у камэры ёсьць людзі, якія нас ведаюць і паважаюць, а адзін нават захапляецца тым, што мы робім», — напісаў у лісьце Ўладзімер.
На «Валадарцы» на музыку найбольшае ўражаньне зрабіла першая прагулка: неба, сонца, паветра і некалькі травінак на цэгле. Вязень замовіў кнігі на нямецкай мове ў бібліятэцы і плянуе чытаць.
«Калі вялі калідорам, ён бачыў Надзю і Юлю, і Пятра з Антонам (іншыя удзельнікі гурту. — РС), здолелі нават сустрэцца позіркамі. Гэта быў самы шчасьлівы момант», — пераказвае Валянціна.
Лісты пакуль яму прыходзяць толькі ад маці. Ён вельмі чакае пасланьняў з волі.
Надзея: «Абдыміце адно аднога за нас»
Надзея Калач напісала ліст 22 жніўня. Першае, што кідаецца ў вочы на ім, — гэта партрэт мужа Ўладзімера. Жанчына напісала ліст, найперш каб супакоіць сваякоў, што ўсе ўмовы становяцца цярпімымі і яна ў бясьпецы.
«Яна вельмі перажывае, што гэтая сытуацыя прынесла вельмі вялікі стрэс нам, нашай вялікай сям’і (у сям’і Калачоў 4 браты і сястра, Уладзімер адзін зь іх. — РС), бо ведае, якія мы заўжды згуртаваныя, як мы перажываем», — перадае Валянціна.
Надзея піша, што не зьбіраецца «раскісаць». Кажа, што ў турме добрая бібліятэка, плянуе чытаць. Лістоў яна пакуль не атрымлівала, таму вельмі іх чакае.
Сужэнцы хвалююцца за сваіх гадаванцаў сабаку Мішку і котку Платву, якіх цяпер глядзяць сваякі. Дзяцей у сям’і пакуль няма.
«Што бы ні здарылася, у будучыні мы вернемся. І нашая любоў адно да аднога, да вас, да мастацтва, да нашых хлопцаў, да сяброў, да жыцьця нікуды не падзенецца. Абдыміце адно аднога за нас. Ну і слухайце часам нашую музыку, хай яна жыве звонку», — напісала Надзея.
Галоўнае ў справе Irdorath
- 2 жніўня 2021 году музыкаў фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Менскам з удзелам узброеных байцоў САХР і міліцыі Менскай вобласьці. Там сьвяткавалі дзень нараджэньня ўдзельніцы гурту Irdorath Надзеі Калач. Сілавікі скарысталі дрон, каб зьняць захоп. На відэа ў музыкаў на целе відаць сьляды пабіцьця.
- Чатырох чалавек, затрыманых на лецішчы разам з музыкамі, аштрафавалі ў судзе Менскага раёну на сумы ад 870 да 1160 рублёў і адпусьцілі.
- Шасьцёх затрыманых падазраюць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх». Гэта Ўладзімер Калач, Надзея Калач, Антон Шніп, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая), Дзьмітры Шыманскі. Яны застаюцца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
- Іх перасьледуюць за выступы падчас масавых шэсьцяў у Менску ў жніўні 2020 году. Прэс-служба МУС паведаміла, што «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў», чым «залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян».
- Irdorath — папулярны ў Беларусі і ў іншых эўрапейскіх краінах гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструмэнтам мае ўнікальнае гучаньне. Яго заснавалі гарадзенцы Ўладзімер і Надзея Калач у 2009 годзе.