Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьцілі прысуды 11-й групе фігурантаў «карагоднай справы» ў Берасьці. У яе рамках асудзілі ўжо 114 чалавек


«Карагодная справа», карагод у Берасьці падчас пратэсту 13 верасьня 2020 г.
«Карагодная справа», карагод у Берасьці падчас пратэсту 13 верасьня 2020 г.

Абвясьцілі прысуд чарговым 12 фігурантам «карагоднай справы».

Прысуд 11-й групе абвінавачаных ва ўдзеле 13 верасьня 2020 году ў пратэставай акцыі на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкта Машэрава ў Берасьці сёньня агучыла судзьдзя Марыя Аліфярук.

Справа разглядалася з 1 сьнежня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што ў выніку Аліфярук пакарала падсудных наступнымі тэрмінамі:

  • Уладзімера Гарбаўца — 2 гадамі «хіміі»;
  • Кацярыну Шпак — 3 гадамі «хатняй хіміі»;
  • Аляксандра Бадаўца і палітвязьня Віктара Кухарчука — 2,5 гадамі «хатняй хіміі»;
  • Паўла Хамічука, Кірыла Дарашчука, Барыса Галаніна, Вольгу Федарэнку, Анастасію Жукавец, Дзьмітрыя Капылова, Ігара Грабінскага, Марыну Ўшыўкову — 2 гадамі «хатняй хіміі».

«Карагодная справа» ў Берасьці — адзін з самых буйных палітычных працэсаў за апошнія паўтара года ў Беларусі. Раней выракі ў гэтай справе атрымалі ўжо 114 асоб.

Падзеі, за якія завялі справу, адбыліся 13 верасьня 2020 году ў Берасьці. Людзі на скрыжаваньні вуліц вадзілі вялікі карагод пад музыку, сьпявалі, танцавалі. Удзельнікі, гаворачы пра тыя падзеі, успамінаюць «атмасфэру сьвята».

У чым абвінавацілі фігурантаў

Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў.

З прычыны прастою тралейбуснаму парку нібыта нанесеная шкода ў суме 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня.

Судзьдзі, якія каралі фігурантаў «карагоднай справы»:

  • Сьвятаслаў Каліна,
  • Дзьмітры Шурын,
  • Іна Клышпач,
  • Сяргей Маручак,
  • Яўген Брэган,
  • Дзьмітры Куроўскі,
  • Вера Філонік,
  • Марыя Аліфярук,
  • Кацярына Рамашка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG