Раней тут прайшлі грамадзкія слуханьні, на якіх абмяркоўвалася высяканьне некалькіх дрэваў. Прычынай стаў зварот жыхароў, чые сваякі пахаваныя на вясковых могілках, піша «Зялёны партал».
У выніку 29 чалавек прагаласавалі за тое, каб дрэвы, якія тэарэтычна могуць пашкодзіць помнікі, сьпілавалі. Блізу дзясятка выказаліся супраць, бо гэта ня проста старыя дрэвы, а гістарычная каштоўнасьць. Мяркуецца, што некаторым дубам 200-300 гадоў.
Пінскі райвыканкам яшчэ ўвесну адказаў, што працы па высечцы дубоў праводзіцца ня будуць, бо батанікі з інстытуту імя Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук зацікаўленыя ў грунтоўным абсьледаваньні. Згодна з экспэртызай, усе дрэвы на могілках здаровыя і моцныя.
Аднак у сьнежні векавыя дубы ўсё ж пайшлі пад пілу. Мясцовы жыхар расказаў, што пад корань пасьпелі сьпілаваць адзін дуб. Мужчына патрабаваў дакумэнты, на падставе якіх праводзіліся работы, аднак на яго выклікалі ўчастковага і завялі справу за «перашкоду законнай дзейнасьці».
Мясцовыя пэнсіянэры выступілі супраць сьпілаваньня дубоў. На могілкі прыехаў АМАП і службы ДАІ, затрымалі дырэктара Дома культуры, Аляксандра Дзямчука. Ён зьбіраў подпісы і выступаў за захаваньне дрэваў. Затрымалі пасьля таго, як ён залез на дрэва і нібыта перашкаджаў іх спілу. Цяпер дрэвы пілуюць, паведамляе @belsat.
Пазьней раённыя ўлады сустрэліся зь вяскоўцамі і паведамілі, што дубы выдаляць «на падставе высноваў лясгасу і архітэктурна-плянавальнага бюро Пінскага раёну», якія прызналі дрэвы небясьпечнымі для эксплюатацыі лініі электраперадач.
Каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці, мясцовы актывіст ужо зьвярнуўся ў пракуратуру, Пінскі выканкам, а таксама ў адміністрацыю Лукашэнкі.