Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба пакараць людзей, якія тварылі бясчынствы». Выйшла з 20 сутак пэнсіянэрка, якую асудзілі за кнігу Быкава


Галіна Гулянкова
Галіна Гулянкова

66-гадовая Галіна Гулянкова адбыла 20 сутак арышту ў ІЧУ на Акрэсьціна за тое, што чытала беларускія кніжкі ў электрычцы разам зь іншымі пэнсіянэрамі. Яе затрымалі напрыканцы лютага і вызвалілі 18 сакавіка.

Зьвінавацілі жанчыну ва ўдзеле ў масавай акцыі па ч. 3. арт.23.34 і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі па артыкуле 23.4.

Галіна Гулянкова чытала ў электрычцы зборнік апавяданьняў Васіля Быкава «Пахаджане».

«Гэта наш пісьменьнік, ён мне падабаецца, ён як прарок. Яго творы — пра наш час, — кажа Галіна. — Пасьля затрыманьня кнігі ў мяне і іншых жанчын не забралі. Яна была са мной, і мяне папрасілі пакінуць кнігу Быкава ў турме. Кніга там была вельмі запатрабаваная. Там вельмі многа людзей, якія ведаюць беларускую мову і з задавальненьнем яе чыталі. Няхай будзе там, няхай чытаюць».

Галіну Гулянкову, як і іншых жанчын, затрымалі людзі, апранутыя як рыбакі, на чыгуначнай плятформе, калі яна выйшла з электрычкі.

«Я не супраціўлялася, не запатрабавала ў іх нават дакумэнтаў, адразу пайшла з гэтым чалавекам у бус. З аднаго боку рэйкі, з другога рэйкі, куды там бегчы ці крычаць лёзунгі. На судзе мне было вельмі непрыемна, што сьведка, мужчына з Партызанскага РУУС, раптам пачаў гаварыць, што я аказвала непадпарадкаваньне. Для мяне гэта быў шок, бо нам заўсёды ўнушалі, што ілжэсьведчаньне — гэта загана. А тут аказалася, што чалавек, які быў сьведкам, сказаў, што я ўпіралася і яны мяне ўдвох цягнулі ў гэты бус. Я думаю, што яны пішуць „непадпарадкаваньне“, каб было за што зачапіцца і каб даць больш сутак».

«Мы чыталі нашых беларускіх пісьменьнікаў»

Карыстальнікі ініцыятывы skarga.help атрымалі ад мясцовых уладаў адказ на свой зварот адносна затрыманьня пэнсіянэраў, якія чыталі беларускія кнігі ў электрычцы. Адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску адказала, што «чытаньне кніг беларускіх пісьменьнікаў заканадаўствам не абмежавана». «Разам з тым, калі чытаньне кніг мае прыкметы, якія адносяцца да Закону Рэспублікі Беларусь „Аб масавых мерапрыемствах“, то правядзеньне такога чытаньня павінна ўзгадняцца ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі, якія прадегледжаны дадзеным Законам».

Паводле Галіны Гулянковай, такое тлумачэньне з боку ўладаў незразумелае.

«Напэўна, не спадабалася, што занадта многа пэнсіянэраў было і яны чыталі. Напэўна, падалося, што „нахабна і мэтанакіравана“, — кажа Галіна. — А наогул гэта неяк няправільна, нядобра.

Наша грамадзтва не павінна жыць па загадах. Я не хачу так жыць, што мне дазволілі і я магу рабіць, а калі не дазваляюць, то я не павінна рабіць. Мы дарослыя людзі, гэта нашы пісьменьнікі. Мы ж не чыталі „Майн кампф“ ці нейкія іншыя забароненыя кнігі. Мы чыталі нашых беларускіх пісьменьнікаў.


Канечне, я стаўлюся адмоўна да таго, каб мы яшчэ запытвалі дазвол у Менгарвыканкаме на чытаньне літаратуры ў мэтро, ці ў электрычцы, ці ў аўтобусе».

Паводле Галіны, яны толькі пачалі чытаць, як толькі электрычка паехала, і загарнулі кніжкі, як толькі яна спынілася.

«А гэтыя мужчыны за намі назіралі, бо, магчыма, нейкія пэнсіянэркі дамаўляліся пра сустрэчу праз тэлефон ці пісалі ў вайбэры. А перапіска і тэлефонныя размовы праслухоўваюцца, відаць. Бо, як нам сказалі ў РУУС, мы, пэнсіянэры, былі ўжо ў распрацоўцы».

«Мы спалі на падлозе»

Галіна Гулянкова ўсе 20 сутак адбывала ў ІЧУ на Акрэсьціна. Там, па яе словах, багата зьняволеных, якіх можна назваць «генафондам нацыі». 12 сутак яна спала на падлозе камэры.

«Мы спалі на падлозе. Ні матрасаў, ні бялізны не было, бо за пару дзён да гэтага начальнік турмы распарадзіўся ўсё прыбраць. Нам увесь час казалі, што гэтыя рэчы на „пражарцы“, то бок дэзынфэкцыі. Ну што зробіш?

Спалі на падлозе, у вопратцы, некаторыя нават у пальчатках, бо перад сьвітаньнем станавілася холадна, хоць батарэі былі гарачыя, — кажа Галіна. — Прыгадалі савецкія часы, калі ляціш некуды, самалёт затрымліваюць, і часам даводзілася па двое сутак у аэрапорце чакаць, і тады ўжо ні на што не зьвяртаеш увагі.

Было вельмі холадна, у цэляфанавыя пакеты крышылі хлеб, каб хоць нешта пакласьці пад галаву. На вузкіх нарах па двое мне было цяжка спаць.

Там была жанчына ў прыгожым белым норкавым паўфутры. Калі яна выходзіла, прапаноўвала мне пакінуць гэтае паўфутра, каб укрывацца. Але мне ўжо дзеці перадалі цёплае адзеньне».

Галіна кажа, што ў ізалятары вельмі ратавалі перадачы, гэта было як сьвята. За кратамі вязьні ўвесь час чакаюць лістоў і перадач. Галіна атрымала ня ўсе лісты, якія ёй дасылалі з волі.

«Калі я прыйшла туды, у мяне было абвастрэньне артрозу, вельмі моцна балела рука, фэльчар давала абязбольвальныя. Я стаю на ўліку ў анкалягічным дыспансэры, у мяне выдалена палова шчытападобнай залозы. У мяне рэмісія, я пад назіраньнем і павінна ўвесь час прымаць адмысловыя лекі, якія ў мяне заўсёды ў торбе. Потым лекі ад ціску, ад сэрца мне перадалі дзеці, — кажа жанчына. — Я дагэтуль прыходжу ў сябе, бо нягледзячы на тое, што мы ў камэры спрабавалі хадзіць, рабіць зарадку, цягліцы вельмі атрафуюцца. Першыя чатыры ночы вельмі зводзіла сутаргай ногі. Дагэтуль яшчэ і цягліцы сьпіны баляць».

Галіна Гулянкова кажа, што ў камэры на 6 месцаў было звычайна 11 чалавек, сярод іх «начныя матылькі» і тыя, каго чакаў этап у ЛПП. На шпацыры яе і іншых вязьняў не выводзілі, таксама не прапаноўвалі душ.

«Мы самі, пад кранам, адна адну палівалі вадой з бутэлькі. Але найперш мы патрабавалі ёршык і хлёрку. А потым, о цуд, у адной зь перадач нам перадалі ёршык. Мы выдраілі ўнітазы, таму ў камэры ад іх паху не было.

Мы па тры разы на дзень падлогу мылі, перакладалі харчы зь месца на месца, было прыгожа, як у краме. Бо вельмі цяжкае пакараньне бязьдзеяньнем.

Гэта цяжэй нават, чым спаць на падлозе, — кажа жанчына. — Вельмі цяжка, я ўвесь час думала пра тое, што тут была Вольга Хіжынкова, у яе было 42 дні. Як яна абыходзілася, як ёй было цяжка.

Ёсьць жа людзі, на якіх заведзены крымінальныя справы. Было ўсьведамленьне таго, што табе лягчэй і ты ўсё гэта перажывеш дзеля тых людзей, якія цяпер там».

«Я лічу, што трэба пакараць людзей, якія тварылі бясчынствы»

Усяго са жніўня мінулага году Галіну Гулянкову затрымлівалі чатыры разы, яна адседзела 27 сутак і заплаціла штраф у 20 базавых. Гэты штраф, які складае палову пэнсіі, у яе проста зьнялі з карткі. Чаму яна выходзіла на маршы?

«Бо многа блізкіх, у якіх былі сінякі не намаляваныя, былі пераломы, некаторыя трапілі выпадкова. Калі былі выбары, мяне не было ў краіне. Я вярнулася ў Менск 16 жніўня, у гэты цудоўны дзень, калі многа менчукоў выйшла да стэлы. Мяне гэта так уразіла.

Калі я была за мяжой, чытала, што адбывалася ў краіне, і мяне ахопліваў боль, мне было страшна, тут былі мае дзеці, — кажа Галіна. — Я ня веру ў 80%. Я лічу, што трэба пакараць людзей, якія тварылі бясчынствы. Бо як жа так — перагарнуць старонку? Як жа забыцца?

А гэты боль, куды ён дзенецца? Ён жа з намі і жыве, як можна перагарнуць старонку і забыцца пра нашу моладзь, забыцца пра Рому? Адна справа, калі застрэлілі, а тут жа забілі, проста нагамі забілі чалавека. Быў жывы-здаровы, і раптам... У мяне сыну 31 год. Такі ж, як Рома. Вось гэтага я не магу зразумець.

Я наогул пацыфіст, жорсткасьці не магу зразумець адносна жывёл, а тым больш да людзей, да слабых, да старых, да дзяцей. Я лічу, калі чалавек упэўнены ў сваіх сілах, што ён насамрэч лідэр, то чаму яшчэ раз не зрабіць гэтыя выбары? Я пайшла б на гэта.

Я паверыла Лукашэнку, калі ён у лістападзе на адкрыцьці станцыі мэтро паабяцаў новыя выбары. У сьнежні я хадзіла і крычала „Новыя выбары!“, я ўзрадавалася, што ён так сказаў. Мяне арыштавалі за гэта на 7 сутак».

«Што гэта будзе за народнае адзінства?»

Галіна Гулянкова нарадзілася ў Менску, яе бацька вайсковец, меў званьне палкоўніка, з 12 гадоў разам з маці, братам і сястрой быў у партызанах. Ён быў ня супраць бчб-сьцяга, кажа Галіна. Яе дзядуля быў рэпрэсаваны ў 1933 годзе, цягам 10 гадоў будаваў Волга-Балтыйскі канал. Галіна больш за 35 гадоў адпрацавала на «Гарызонце», узначальвала там службу якасьці і арганізацыі сэрвіснага абслугоўваньня. Яна ганаровы вэтэран.

Калі выходзіла з 20 сутак на волю, папрасіла, каб не прыходзілі сяброўкі, асьцерагалася, каб не палічылі сустрэчу за пікет.

«Мы вырашылі не рызыкаваць сваімі блізкімі. Да мяне вось дзяўчаты прыходзілі дахаты, папілі кавы. Я спадзяюся, гэта яшчэ пакуль не забаронена. Я ж на іншае і не разьлічвала, я разумела, што мяне будуць караць. Вось і пакаралі.

Ну, спадзяюся, што ўсё ж нейкая справядлівасьць пераможа. У нас жа „год народнага адзінства“. Я толькі не магу зразумець, у чым і як гэта праявіцца. Што гэта будзе за народнае адзінства? Усё чакаю, чакаю, — кажа Галіна. — Нічога страшнага, што я была на сутках, бо ёсьць людзі, якім яшчэ горш, цяжэй. Я зараз гляджу з той пазыцыі, што некаму горш, чым мне. І такіх насамрэч больш. Вось я выйшла, размаўляю. Я дома. А як Ігар Лосік? Я нават не ўяўляю, што зь ім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG