29 чэрвеня на ўручэньні дыплёма яна выступіла з прамовай, у якой падзякавала юрыстам, зь якіх брала прыклад, у тым ліку палітвязьню Максіму Знаку.
У раскладзе судовых паседжаньняў Ленінскага суду на 2 ліпеня справы Віньнікавай не было. Людзі доўга чакалі пачатку працэсу. Ва ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць Кацярыну, перапісалі пашпартныя зьвесткі.
Кацярыну судзілі праз скайп, сама яна на Акрэсьціна. Судзьдзя — Марына Клімчук. Яна прысудзіла дзяўчыне 15 сутак зьняволеньня.
Аднакурсьнікі, калегі, выкладчыкі юрфаку былі агаломшаныя рашэньнем суду і сказалі, што Кацярына ні ў чым не вінаватая і што ў гэтай краіне чалавека могуць пасадзіць нават за тое, што ён нічога проціпраўнага не зьдзяйсьняў.
У чым абвінавацілі Кацярыну Віньнікаву
Выпускніцу юрфаку БДУ Кацярыну Віньнікаву абвінавацілі паводле артыкула 24.23 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў), нібыта за пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары.
Пры адвакату быў складзены яшчэ адзін пратакол — паводле артыкула 24.3 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню службовай асобы).
Кацярыну Віньнікаву на судзе абвінавачваюць у тым, што 29 чэрвеня ў 20.20 на сцэне Ліцэя БДУ яна выказала свае грамадзка-палітычныя інтарэсы з мэтай сваёй нязгоды з крымінальным перасьледам юрыста Максіма Знака. Тым самым нібыта правяла пікет, на які ня быў атрыманы дазвол Менскага гарвыканкаму.
Віньнікава, якая скончыла юрфак з чырвоным дыплёмам, дае тлумачэньні, што сэнс прамовы — падзяка выкладчыкам, а не нязгода з крымінальным перасьледам Максіма Знака.
На сцэну Кацярыну Віньнікаву запрасілі як выдатніцу, каб выказаць падзяку выкладчыкам. Прозьвішча Знака гучала як адно з прозьвішчаў паважаных выкладчыкаў.
Што кажуць сьведкі
На суд запрошаныя 6 сьведак. Выкладчыца юрфаку Юлія Гаўрыльчык пацьвердзіла, што гэта сапраўды была прамова падзякі — Кацярына гаварыла пра выбітных юрыстаў, яна працытавала Віктора Гюго — пра тое, наколькі важнае права. Усе выкладчыкі фігуравалі ў прамове толькі ў рэчышчы падзякі. І прозьвішча Знака было згаданае выключна як прозьвішча выкладчыка.
Кацярыну выкладчыца характарызуе як разумную, таленавітую студэнтку, да якой можна зьвярнуцца па любым пытаньні. Віньнікава ўдзельнічала ў шматлікіх навуковых канфэрэнцыях, у яе ўжо ёсьць публікацыі, што важна для студэнтаў. У яе адзін з самых высокіх балаў на факультэце, яна вельмі выхаваная.
Другая сьведка, выкладчыца юрфаку Кацярына Ўльянава таксама характарызуе Віньнікаву як добрасумленную, актыўную, выдатную студэнтку, якая перамагала ў шматлікіх юрыдычных спаборніцтвах.
Сьведка Ксенія Філіповіч, памочніца адваката з кампаніі «Гарэцкі і партнэры», знаёмая з Кацярынай каля двух год. Яна трэніравала каманду студэнтаў-юрыстаў, якія ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе ў Маскве. «Каця — выбітная студэнтка з высокай самадысцыплінай, яна прадстаўляла Беларусь на міжнароднай арэне», — кажа Філіповіч.
Аднакурсьніца Віньнікавай Тамара Бабіна падкрэсьліла, што прамова Кацярыны была ў праграме, ёй як выдатніцы і найлепшай студэнтцы спэцыяльнасьці «эканамічнае права» прапанаваў выступіць прафкам БДУ. А Максім Знак згадваўся разам зь іншымі выкладчыкамі.
Аднагрупніца Юлія Багданава пацьвердзіла словы іншых сьведак і адзначыла, што галоўны пасыл прамовы Кацярыны — падзяка выкладчыкам, якія далі якасную адукацыю студэнтам і змагаюцца за права і справядлівасьць.
Што запісана ў пратаколе
У пратаколе Ленінскага РУУС Менску, які агучылі ў судзе, адзначана, што падчас маніторынгу тэлеграм-каналаў у тэлеграм-канале «Нашай Нівы» было знойдзена адпаведнае відэа. Да матэрыялаў справы далучаныя скрыншоты з тэлеграм-каналу «Нашай Нівы». Адвакат просіць далучыць скрыншот з інтэрнэт-крамы, дзе Кацярына набыла сукенку, і таксама раздрукоўку з сайта Беларускай фэдэрацыі хакею, дзе хакеісты былі ў такой жа колеравай гаме. Судзьдзя адмовіла, бо, маўляў, Віньнікаву не вінавацяць у нашэньні сукенкі.
Пазыцыя адваката
Паводле адваката Сяргея Хмылко, у матэрыялах справы няма стэнаграмы прамовы, няма самога відэа, а скрыншот з тэлеграм-каналу «Нашай Нівы» сьведчыць выключна пра пазыцыю журналістаў. У Кацярыны няма ніводнага адміністрацыйнага правапарушэньня, нават за пераход дарогі ня ў тым месцы. Адвакат прасіў спыніць справу, але судзьдзя пакарала Кацярыну арыштам на 15 дзён.
30 чэрвеня на ўручэньні дыплёмаў будучым юрыстам выпускніца юрфаку БДУ Кацярына Віньнікава выступіла з прамовай, у якой падзякавала адвакату Максіму Знаку, які ўжо амаль год на «Валадарцы», і звольненым выкладчыкам.
На наступны дзень дзяўчыну затрымалі, правялі ператрус, забралі ноўтбук.
Увечары 1 ліпеня тэлеграм-канал «Милиция Минска» паведаміў, што «дзяўчына зьявілася ў тэрытарыяльнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менску для разбору. Цяпер праводзіцца праверка».
Што сказала Кацярына Віньнікава ў сваёй прамове
«Хочацца сказаць дзякуй тым, у каго можна было сапраўды шмат чаму навучыцца. А менавіта выкладчыкам юрфаку БДУ, прысутным тут у залі, а таксама тым, хто, на жаль, сёньня знаходзіцца ня тут. Выкладчыкам з пакліканьня.
Нізкі паклон
- Алене Ўладзімераўне Лаеўскай,
- Кацярыне Віктараўне Новікавай,
- Аляксею Іванавічу Сахарчуку,
- Алене Іванаўне Басалай,
- Максіму Аляксандравічу Знаку.
Дзякуй за тое, што паказалі сваім прыкладам, хто такі юрыст і што такое права!
Шмат чаму навучыцца можна было таксама ў нядаўніх студэнтаў, а цяпер маладых пэрспэктыўных юрыстаў. Напрыклад, такую магчымасьць дае рух «moot court» (moot court — навучальны, гульнявы судовы працэс. — РС), ва ўдзельнікаў якога на слыху імёны найталенавіцейшых юрыстаў Ксеніі Вячаславаўны Лапуцькі, Ільлі Салея, Ксеніі Філіповіч, шмат якіх іншых выпускнікоў юрфаку і ФМА».
«Усім нам я зычу любіць і бараніць права з гонарам і годнасьцю сапраўднага юрыста, нягледзячы на цяжкасьці, якія ёсьць і будуць. І тады, як сказаў Віктор Гюго, для мяне ня важна, на чыім баку сіла. Для мяне важна, на чыім баку права».
«І памятайце, калі ласка, усе, хто зьбіраецца працаваць юрыстамі або працуе юрыстамі: права — гэта мастацтва дабра і справядлівасьці. А дабро, розум і чалавечая годнасьць у сукупнасьці заўсёды перамагаюць», — сказала Кацярына Віньнікава.