«Наша дыпляматыя мусіць быць хуткай і дынамічнай. Пакуль што ў шматлікіх працэсах Украіна вымушана даганяць, і гэта няправільна. Пра гэта нават нагадвае сёньняшняя дата — 21 сьнежня ў 2007 годзе нашыя суседзі і найбліжэйшыя партнэры Польшча, Славаччына, Вугоршчына і краіны Балтыі ўвайшлі ў шэнгенскую зону, а Румынія і Баўгарыя — у Эўрапейскі Зьвяз», — заявіў Уладзімір Зяленскі, выступаючы 21 сьнежня ў Івана-Франкоўскай вобласьці на сустрэчы з украінскімі дыпляматамі.
«Мы ня можам сёньня прыняць тэзіс, які вельмі папулярны, пра Эўразьвяз праз 30 гадоў, а NATO — некалі там праз гадоў 50. Неяк так. Гэта дэматывуе ўсіх і запавольвае рух. Мы ня можам марнаваць час на нейкія другасныя рэчы», — дадаў украінскі прэзыдэнт.
Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна імкнецца найхутчэй разблякаваць працэс мірнага ўрэгуляваньня на ўсходзе, вярнуць Крым, дабіцца сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе і атрымаць вельмі блізкую пэрспэктыву ад NATO. «Вельмі блізкую, вельмі канкрэтную. І мы хочам яе атрымаць у 2022 годзе», — удакладніў ён.
Міністэрства замежных спраў Расеі 17 сьнежня апублікавала на сваім сайце праекты дамовы Расеі з ЗША і пагадненьня з альянсам NATO аб гарантыях бясьпекі.
У прыватнасьці, сярод умоў праекту пагадненьня з NATO:
- Выключэньне далейшага пашырэньня NATO і далучэньня да яго Ўкраіны;
- Неразгортваньне дадатковых войскаў за межамі краінаў, у якіх яны знаходзіліся па стане на травень 1997 году, калі краіны Ўсходняй Эўропы ўступілі ў NATO, за выняткам «выключных выпадкаў»;
- Адмова NATO ад «любой вайсковай дзейнасьці» ва Ўкраіне, Усходняй Эўропе, Цэнтральнай Азіі і на Каўказе.
У праектах Масква таксама патрабуе, каб бакі не разгортвалі ракет сярэдняй і малой далёкасьці там, дзе яны могуць паражаць тэрыторыю іншага боку; не праводзілі вучэньняў і іншых мерапрыемстваў больш як з адной брыгадай ва ўзгодненай памежнай зоне і абменьваліся інфармацыяй аб вучэньнях; «не разглядалі адзін аднаго ў якасьці апанэнтаў» і не стваралі ўмоваў, якія «можна разглядаць як пагрозу».
Праект дамовы са Злучанымі Штатамі таксама прадугледжвае абавязаньне Вашынгтону не дапусьціць пашырэньня NATO на ўсход, у прыватнасьці на краіны, якія раней уваходзілі ў склад Савецкага Саюзу.
Раней генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг адхіліў патрабаваньні Расеі скасаваць узятыя арганізацыяй на сябе ў 2008 годзе абавязаньні перад Украінай аб тым, што гэтая дзяржава аднойчы можа стаць сябрам NATO.