Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хадзіў у той масцы паўтара года, і нічога». Журналіста аштрафавалі нібыта за пікетаваньне каля ізалятара, дзе судзілі Ціханоўскага


Анатоль Гатоўчыц, архіўнае фота
Анатоль Гатоўчыц, архіўнае фота

Пазаштатнага карэспандэнта «Народнай волі» ў Гомлі Анатоля Гатоўчыца аштрафавалі на 20 базавых велічынь за незаконнае пікетаваньне.

Судзіў журналіста судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Сяргей Кармановіч. Паводле пастановы судзьдзі, Анатоль Гатоўчыц праз нашэньне маскі з надпісам «За свабодныя выбары» незаконна выявіў свае палітычныя погляды. Анатоль Гатоўчыц з пастановай нязгодны, будзе яе абскарджваць.

Раніцай 14 сьнежня журналіста затрымалі на вуліцы Кніжнай, дзе знаходзіцца сьледчы ізалятар, у будынку якога агалошвалі прысуд фігурантам «справы Сяргея Ціханоўскага».

Паводле Анатоля Гатоўчыца, яго затрымалі каля 10 раніцы. «На падыходзе да ізалятара сустрэлі 5 чалавек у цывільным, паклікалі АМАП. Прычапіліся да маскі са словамі „Праваабаронцы за свабодныя выбары“, хоць ня ведаю, што ў гэтым дрэннага? Хаджу з гэтай маскай ужо паўтара года, на суды ў тым ліку, і ніхто слова не казаў, што нельга», — расказаў пра затрыманьне Анатоль Гатоўчыц.

Паводле Анатоля Гатоўчыца, ён паказваў міліцыянтам журналісцкае пасьведчаньне, але яго затрымалі і да 16 гадзіны дня трымалі ў міліцыі. «У тым ліку цягалі ў аддзел крымінальнага вышуку», — згадвае журналіст.

Суд над Анатолем Гатоўчыцам заняў прыблізна паўгадзіны.

«Таго, хто мяне затрымліваў, у суд ня выклікалі. У пратаколе недакладна пазначылі надпіс на маёй масцы — чамусьці забыліся на слова „праваабаронцы“. І ўвогуле было шмат хлусьні», — расказаў пра суд Анатоль Гатоўчыц.

Анатолю Гатоўчыцу 71 год, у Гомлі яго добра ведаюць як журналіста, які шмат гадоў працуе ў недзяржаўных мэдыя. Ён шмат працаваў на Радыё Свабода, апошнім часам супрацоўнічаў з газэтай «Народная воля».

Цягам году ў кватэры Анатоля Гатоўчыца адбыліся два вобшукі, у яго забралі журналісцкія нататнікі і тэхніку для працы. Некаторыя рэчы дагэтуль не вярнулі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG