Цягам найноўшай гісторыі Беларусі апанэнты Аляксандра Лукашэнкі атрымлівалі жорсткія тэрміны. Вось некаторыя зь іх.
Мікалай Статкевіч: 14 гадоў турмы. Раней 6 гадоў турмы
Шматгадовы лідэр беларускай апазыцыі. Неаднаразова сядзеў у турме.
30 траўня 2020 году Мікалая Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ля Камароўскага рынку. Спачатку Статкевіча пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ 15. У канцы чэрвеня Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкулу 342. 14 сьнежня 2021 году яму далі 14 гадоў калёніі.
Раней Мікалая Статкевіча затрымалі адразу пасьля Плошчы-2010. У траўні 2011 году яму прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч не пісаў прашэньня аб памілаваньні і пацьвердзіў інфармацыю аб катаваньнях, якую агучыў Алесь Міхалевіч.
Выйшаў на волю 22 жніўня 2015 году згодна з указам Лукашэнкі аб памілаваньні. З таго часу яго ня раз затрымлівалі, ён адбываў адміністрацыйныя пакараньні. У 2017 годзе, паводле яго, яго зноў затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ перад Днём Волі.
Віктар Бабарыка, 14 гадоў турмы
Былы кіраўнік «Белагазпрамбанку», мецэнат, калекцыянэр. Увайшоў у прэзыдэнцкую кампанію 2020 году, аднак яго так і не зарэгістравалі ў якасьці кандыдаты ў прэзыдэнты.
Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 году разам з сынам Эдуардам. У СІЗА КДБ да яго і іншых палітвязьняў прыяжджаў на размову Лукашэнка. Віктара Бабарыку прызналі вінаватым па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу. 6 ліпеня 2021 году яго асудзілі на 14 гадоў калёніі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі, працуе ў пякарні.
Марыя Калесьнікава, 11 гадоў турмы
Кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 году. Удзельніца трыюмвірату аб'яднаных штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі, Цапкалы. Сябра калегіюму Каардынацыйнай рады па арганізацыі працэса пераадоленьня палітычнага крызісу ў Беларусі. Лідэр партыі «Разам». Прафэсійны музыкант.
Яе схапілі сілавікі 7 верасьня 2020 году, спрабавалі прымусова яе вывезьці ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікава на мяжы парвала на дробныя шматкі свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе адразу затрымалі.
Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам з юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
6 верасьня 2021 году яе асудзілі на 11 гадоў калёніі.
Павал Севярынец: 7 гадоў турмы
Адзін зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Адбываў пакараньне некалькі разоў, дзясяткі разоў быў асуджаны да адміністрацыйных спагнаньняў — арыштаў і штрафаў.
У 2005-м яго асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі нібыта за арганізацыю акцый пратэсту.
У 2011-м зноў асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі пасьля пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Вызвалілі ў 2013-м.
7 чэрвеня 2020 году арыштавалі і пазьней абвінавацілі ў нібыта падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Асудзілі на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму.
Аляксандар Казулін: 5,5 года турмы
25 сакавіка 2006 году ўдзельнічаў у акцыі пратэсту, падчас якой людзі рушылі ў бок турмы на Акрэсьціна. Акцыю жорстка разагналі.
Аляксандра Казуліна затрымалі і абвінавацілі ў злосным хуліганстве і арганізацыі масавых беспарадкаў. Пазьней яму прысудзілі 5,5 года зьняволеньня. У турме Казулін трымаў галадоўку, яго прызналі вязьнем сумленьня. У 2008 годзе Аляксандар Лукашэнка памілаваў яго адмысловым указам. Больш Аляксандар Казулін палітычнай дзейнасьцю не займаўся.
Дзьмітры Ус: 5,5 года турмы
Дзьмітрыя Уса не затрымлівалі ўвечары 19 сьнежня. Ён заставаўся падазраваным у справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе. У траўні 2011-га Дзьмітрыя Уса асудзілі на 5,5 года пазбаўленьня волі ў турме ўзмоцненага рэжыму. За кратамі Дзьмітры Ус трапіў у лякарню, атрымаў другую групу інваліднасьці. Ён не падаваў прашэньня на імя Лукашэнкі, у кастрычніку 2011 году быў памілаваны і выйшаў на волю. Палітыкай цяпер не займаецца.
Андрэй Саньнікаў: 5 гадоў турмы
Андрэя Саньнікава пры затрыманьні на плошчы каля Дому ўраду моцна пабілі, яму прысудзілі 5 гадоў за арганізацыю масавых беспарадкаў. Саньнікава памілавалі і выпусьцілі датэрмінова ў красавіку 2012 году пасьля прашэньня на імя Лукашэнкі. Міжнародная супольнасьць прызнала яго вязьням сумленьня. Ён эміграваў у Вялікую Брытанію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. Жонка Ірына Халіп засталася ў Менску.
Міхаіл Марыніч: 5 гадоў турмы
Быў міністрам замежнаэканамічных сувязяў, дэпутатам Вярхоўнага Савету, дыпляматам.
Выставіў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Ня быў зарэгістраваны.
26 красавіка 2004 году быў арыштаваны КДБ і пазьней асуджаны на 5 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Прызнаны палітвязьнем. Вызвалены ў 2006 годзе па амністыі. Памёр у 2014 годзе.