Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра Марыі Калесьнікавай: Палітвязьні плачуць, калі не атрымліваюць лістоў


Тацяна Хоміч
Тацяна Хоміч

Тацяна Хоміч, прадстаўніца Каардынацыйнай рады ў пытаньнях палітвязьняў і сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, расказала Радыё Свабода пра працу сайта Politzek.me і пра тое, чаму яна баіцца, што Беларусь можа сысьці з сусьветнага «парадку дня».

Пра навіны Марыі Калесьнікавай

  • Маша па-ранейшаму ў добрым настроі. Яе цяпер наведваюць адвакаты, сустрэчу з татам дазваляюць раз на месяц.
  • На жаль, ня ўсе лісты да яе даходзяць у СІЗА. Часам лістоў зусім не бывае тыдзень ці два, а потым прыносяць цэлы пачак.
  • Яна ўжо 8 месяцаў адна ў камэры. Для яе гэта ўжо цяжка, і яна разглядае гэта як ціск на яе.
  • Наколькі я ведаю, Маша піша скаргі пра гэта, але пакуль што нейкіх вынікаў і зьменаў няма.
  • Яна мае ў камэры тэлевізар, але там толькі дзяржаўныя каналы. Таму навіны яна можа даведвацца толькі падчас кароткіх сустрэчаў з татам альбо падчас сустрэчаў з адвакатамі.
  • Мы намагаемся выкарыстоўваць гэтыя сустрэчы, каб трымаць яе ў курсе падзей у Беларусі і сьвеце. І я прашу, каб ёй расказвалі пра тую ўвагу, якая аддаецца і ёй асабіста, і сытуацыі з усімі палітвязьнямі.
  • Цяпер гэтая ўвага даволі вялікая, хоць улады Беларусі спрабуюць адцягнуць яе ад сытуацыі з правамі чалавека і палітвязьнямі, у тым ліку з дапамогай міграцыйнага крызісу.

Пра сайт politzek.me

  • Гэта плятформа для падтрымкі палітвязьняў і іх сем’яў. Яна паказвае, якія ёсьць ініцыятывы, куды можна зьвярнуцца.
  • Адна з ініцыятываў — кампаніі ў краінах Эўропы, калі пішуць лісты беларускім палітвязьням. Таксама ёсьць праграма, калі палітыкі эўрапейскіх краін робяцца сымбалічнымі «хроснымі» для канкрэтных палітвязьняў.
  • Цяпер politzek.me працуе над тым, каб такімі «хроснымі» былі ня толькі палітыкі, але і іншыя вядомыя людзі — артысты, журналісты, мастакі, праваабаронцы. Каб яны рабіліся «голасам» для палітвязьняў Беларусі.
  • Сам сайт дае магчымасьць віртуальнага сяброўства з палітвязьнямі, калі можна выконваць розныя задачы — пісаць лісты, рабіць публікацыі ў сваіх сацыяльных сетках, расказваць гісторыі палітвязьняў. Бо самае галоўнае для палітзьняволеных — каб пра іх не забываліся, каб пра іх гаварылі, каб ім пісалі лісты.
  • Мы ўжо шмат разоў чулі ад тых, хто выйшаў на волю, што дарослыя людзі — мужчыны і жанчыны — плачуць, калі не атрымліваюць лістоў.
  • Ёсьць плятформа BySol і сайт Dissidentby.com, дзе можна знайсьці сьпіс палітвязьняў і іх семʼяў, якім проста цяпер патрэбная дапамога. Да прыкладу, колькі месяцаў таму многім семʼям трэба была дапамога, каб проста падрыхтаваць да школы дзяцей.
  • Трэба памятаць, што ў такой сытуацыі важная любая дапамога — яна можа быць вялікая ці малая, але кожны, нават маленькі, унёсак вельмі важны.

Пра міжнародныя прэміі, атрыманыя Марыяй Калесьнікавай і ёю самою

  • Прэміі граюць важную ролю, бо яны прыцягваюць увагу да сытуацыі ў Беларусі і ў іншых краінах. Часта іх уручаюць прадстаўнікам адразу некалькіх краін, якія сутыкаюцца з падобнымі праблемамі.
  • Штораз гэта магчымасьць нагадаць сьвету, што адбываецца. Да прыкладу, прэмія, якую атрымала я, уручалася ў ЗША, і гэта была нагода расказаць, што цяпер у Беларусі больш за тысячу палітвязьняў. Мы нават ня ведаем іх дакладнай колькасьці.
  • Часам нам здаецца, што нас ужо ўсе ведаюць, пра нас усе чулі. Але насамрэч гэта ня так. Калі я рэпрэзэнтую Машу ці выступаю самастойна, сустракаюся з палітыкамі і міжнароднымі арганізацыямі, я разумею, што гэтую працу трэба рабіць увесь час і расказваць пра гэта як мага большай колькасьці людзей.
  • Мы заўсёды кажам, што падтрымкі і ўвагі не бывае зашмат. Я асабіста баюся, што ў нейкі момант Беларусь сыходзіць з парадку дня, як гэта было ўвесну. Гэта трывожны званок для нас. Менавіта таму трэба ўвесь час нагадваць, расказваць сьвету, што адбываецца, дзяліцца гісторыямі палітвязьняў.
  • Трэба штодня нагадваць, што тысячы палітвязьняў у турмах, а дзясяткі тысяч іх родных і блізкіх пакутуюць разам зь імі. Можна нават сказаць, што яны сядзяць разам зь імі.

Пра заходнія санкцыі і іх мэты

  • Санкцыі маюць уплыў — мы гэта бачым і па заявах беларускіх уладаў, хоць яны спрабуюць усіх пераканаць, што санкцый не баяцца.
  • Але цяпер вельмі важна падкрэсьліваць і ствараць пазытыўны парадак дня для беларускага грамадзтва. Пакуль што ўнутры Беларусі няма адчувальнага і заўважнага ўплыву ад санкцый. Такі эфэкт магчымы ў будучыні, а падтрымка патрэбная проста цяпер.
  • Мы часта кажам, што трэба падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць і тых, хто знаходзіцца ў Беларусі і можа працаваць, нягледзячы на тое, што ўлады закрываюць сотні НДА. Людзі ўсё адно шукаюць альтэрнатыўныя формы існаваньня.
  • Галоўныя мэты цяпер — вызваленьне палітвязьняў і спыненьне рэпрэсій. Гаварыць трэба найперш пра гэта. Важна, каб беларускае грамадзтва выйшла са стану няспыннага стрэсу.
  • Пры гэтым няправільна ставіць пытаньне так, што Захад у абмен на зьняцьцё санкцый павінен патрабаваць выключна спыненьня рэпрэсій і вызваленьня палітвязьняў. Бо ёсьць шмат фактараў, ад якіх гэта залежыць.

Пра адносіны зь сястрой

  • Хоць Маша і жыла ў Нямеччыне 13 гадоў, мы ўвесь час былі на сувязі, я часта прыяжджала да яе ў госьці, або мы разам езьдзілі некуды. Маша часта прыяжджала ў Беларусь, а апошнім часам яна працавала ў культурным хабе ОК16 у Менску — рабіла там розныя музычныя і культурныя праекты розных кірункаў. І мы ўвесь гэты час былі вельмі блізкія, часта сустракаліся.
  • Для мяне Маша — і сястра, і найлепшы сябра. Я ўжо расказвала, што калі мне было менш за тры гады і я хварэла, да нас дадому прыходзіла доктарка і мне рабілі ўколы. І Маша плакала разам са мной, калі бачыла, што мне кепска. Яна вельмі мне суперажывала.
  • Маша — чалавек з найбольшым адчуваньнем эмпатыі з усіх, каго я ведаю. Яна такая была ад самага дзяцінства.
  • У нас ёсьць агульныя сябры, якія вельмі любяць Машу, і цяпер яны падтрымліваюць мяне. Я цяпер таксама камунікую зь яе сябрамі ў Штутгарце, бо яны таксама вельмі перажываюць і хочуць ведаць, што зь ёй адбываецца. Яе моцна любяць і памятаюць.
  • Маша ўмее бачыць пазытыўныя бакі ў любых сытуацыях. У людзях яна таксама заўсёды знаходзіць добрае — чаго, магчыма, ня бачаць іншыя. Кожны, хто побач зь ёю, бачыць гэтае пазытыўнае стаўленьне да ўсіх. І, вядома ж, хочацца глядзець на сьвет менавіта так.
  • Думаю, што першая сустрэча пасьля вызваленьня Машы будзе разам з усімі роднымі. У такі час, як цяпер, семʼі абʼядноўваюцца. І цяпер мы нашмат часьцей размаўляем нават з далёкімі сваякамі, зь якімі раней размаўлялі рэдка. Думаю, што самае важнае будзе — сустрэцца і пагутарыць з усімі. Каб Маша пасьля такога доўгага расстаньня адчула гэтую любоў і ўвагу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG