Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Была ў «Маці 328», звольнілася з БМЗ. Хто такая Сьвятлана Зыль, якую падазраюць у «здрадзе дзяржаве»


Сьвятлана Зыль, архіўнае фота
Сьвятлана Зыль, архіўнае фота

40-гадовая жыхарка Жлобіна Сьвятлана Зыль з 22 верасьня ў гомельскай турме. Сваякі даведаліся, што яе падазраюць паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу — здрада дзяржаве. За гэта пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Хто такая Сьвятлана Зыль — даведалася Свабода.

Яна жыве ў Жлобіне, мае мужа і сына. Улетку на знак салідарнасьці з начальнікам, які страціў працу «праз палітыку», звольнілася зь Беларускага мэталюргічнага заводу.

Сьвятлана Зыль і перадвыбарная агітацыя Сьвятланы Ціханоўскай
Сьвятлана Зыль і перадвыбарная агітацыя Сьвятланы Ціханоўскай

Страціў працу і муж Міхаіл, прычыну звальненьня назвалі такую: «Праз вашу жонку». Мужчына мае анкалягічнае захворваньне. Цяпер праходзіць хіміятэрапію. У сям’і выхоўваецца 14-гадовы сын Канстанцін.

«Калі прыйшоў час выбараў-2020, Сьвятлана была ў першых шэрагах тых, хто хацеў перамен. Бо разумела: цяперашняя ўлада глухая да чалавечых праблем. У яе быў сумны досьвед, зьвязаны з мужам. Яго абвінавацілі па наркатычным артыкуле 328. З доказаў было толькі паказаньне ілжэсьведкі. Пазьней ён павесіўся, і ў апошняй цыдулцы напісаў, што вінаваціць у сваёй сьмерці начальніка наркакантролю. Пасьля тых падзей яна ўдзельнічала ў руху «Маці 328», — расказалі Свабодзе сваякі жанчыны.

Блізкія кажуць, што яна намагалася перамен, бо расьце сын, хацела для яго і іншых дзяцей «нармальную краіну».

Улетку 2020-га Сьвятлана зьбірала подпісы за Ціханоўскую, выходзіла на пікеты, мітынгі, пасьля выбараў удзельнічала таксама ў акцыях, ланцужках салідарнасьці. Яе затрымлівала міліцыя. Суд даваў штрафы, яе трымалі ў ІЧУ, дома неаднаразова ладзілі з надуманых прычын ператрусы.

Сьвятлана Зыль
Сьвятлана Зыль

«Сьвятлана ўсё роўна не здавалася. На БМЗ увосень 2020-га пачыналі ствараць незалежны прафсаюз, яна далучылася. Была надзея, што ўлада пойдзе на дыялёг. Але органы ўбачылі ў незалежным прафсаюзе арганізацыю, якая хоча захапіць уладу. Дыялёгу не адбылося. Пачаліся рэпрэсіі ў дачыненьні да тых, хто ствараў прафсаюз. „Суткі“, арышты, затрыманьні. Сьвятлана дапамагала многім палітзьняволеным. У яе атачэньні было шмат людзей. Магчыма, нехта быў ня сябрам, а наадварот, але дакладна мы нічога ня ведаем», — не выключаюць сваякі.

Яны не разумеюць, у чым можна ўвогуле абвінаваціць Сьвятлану, тым больш — па артыкуле «здрада дзяржаве». «Мы „здраду дзяржаве“ разумеем так — „здрада гасудару“», — зазначаюць блізкія людзі Сьвятланы Зыль.

Да актывісткі прыйшлі зь ператрусам 21 верасьня супрацоўнікі гомельскага ўпраўленьня КДБ. У пастанове не было ніякай канкрэтыкі, толькі прозьвішча пракурора. І словы, што менскі КДБ пачаў справу на нейкі „экстрэмісцкі“ канал. А Сьвятлана Зыль нібыта сьведка.

«Тэхніку не забіралі, толькі паглядзелі яе тэлефон. Нічога не знайшлі, забралі на допыт. Пыталіся: дзе ўдзельнічае, у якіх чатах, чаму звольнілася з заводу, дзе цяпер працуе, дзе муж і сястра. Спыталіся пра працаўніка БМЗ, якога затрымалі 17 верасьня — ці знаёмыя. Пасьля адпусьцілі. А назаўтра зноў прыйшлі і забралі. Гэтым разам — са жлобінскага КДБ. Толькі праз суткі мы выбілі інфармацыю, што ў Сьвятланы артыкул — „здрада дзяржаве“. Але ніякіх папер, усё ў вуснай форме», — падсумоўваюць сваякі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG