Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё гэта ня будзе бясконца!». Што стала з героямі сямейнага здымку, якія разам трапілі ў ІЧУ


Сям’я Козічаў: Анастасія, Юлія, Мікалай, Алена (зьлева направа). Здымак зрабіў муж Анастасіі Генадзь. Жлобін, 14 верасьня 2020 году
Сям’я Козічаў: Анастасія, Юлія, Мікалай, Алена (зьлева направа). Здымак зрабіў муж Анастасіі Генадзь. Жлобін, 14 верасьня 2020 году

Козічы са Жлобіну — сям’я лекараў і праграмістаў. Увосень пасьля «ланцужка салідарнасьці» ў ізалятар часовага ўтрыманьня трапілі маці, сын, дачка, зяць і нявестка. Перад затрыманьнем іх сфатаграфавалі.

Што цяпер зь людзьмі з фота, распавёў лекар Мікалай Козіч.

Мікалаю — 27 гадоў. Да восені 2020 ён працаваў лекарам-фтызіятрам. Ягоная маці Юлія і бацька Мікалай таксама мэдыкі, працуюць у Жлобіне. Тата — рэаніматоляг, маці працуе ў мэдпункце Беларускага мэталюргічнага заводу.

14 верасьня 2020 году ў Мікалая Козіча-старэйшага быў юбілей. На сьвята ў Жлобін прыехала ўся сям’я — дачка Анастасія з мужам Генадзем зь Менску, сын Мікалай з жонкай Аленай — з Гомля. Анастасія з мужам — праграмісты. Жонка Мікалая таксама лекар.

«Мы адсьвяткавалі юбілей таты і ішлі на чыгуначны вакзал, каб набыць квіткі. Нам з жонкай — у Гомель, сястры з мужам — у Менск. Праходзілі каля „ланцужка салідарнасьці“, і не маглі прайсьці міма. Таму што я салідарны з людзьмі. Трохі пастаялі, пайшлі. На вакзале набылі квіткі, і да нас падышла міліцыя. Нас пяцерых затрымалі і павезьлі на ІЧУ. Нягледзячы на тое, што мой непаўналетні малодшы брат быў адзін дома, маці таксама затрымалі. Нараніцу, у панядзелак, быў суд. Мне далі восем сутак, астатнім — штрафы», — узгадвае Мікалай.

Ён жа працаваў і надалей у Гомельскім абласным сухотным шпіталі. Але 26 кастрычніка, у дзень, абвешчаны «ўсеагульным страйкам», Мікалай выйшаў з плякатам «Жыве Беларусь!» на адзіночны пікет каля свайго шпіталю. Яго затрымала міліцыя, суд даў 15 сутак.

«Я вярнуўся на працу пасьля сутак. Працоўны дзень пачынаўся а восьмай раніцы, а ў 8.30 я ўжо падпісваў паперы на звальненьне. За тое, што „парушыў Працоўны кодэкс“, артыкул 42 — нібыта не выконваў свае працоўныя абавязкі. У нас з жонкай было службовае жытло, мяне папрасілі яго вызваліць за тры дні, — распавядае Мікалай. — І тут у нас зьявілася шмат дапамогі ад неабыякавых людзей, адна жанчына дала нам сваю кватэру пажыць, пакуль мы шукалі жытло».

Цяпер ён скончыў курсы і працуе мэнэджэрам, а паралельна шмат вучыцца, працуе і плянуе пайсьці ў IT.

«Зараз наўрад ці хто возьме мяне на працу лекарам. Таму што ад кіраўнікоў патрабуюць „палітычнай чуткасьці“. Я люблю сваю працу, мэдыцыну, але трагедыі з сытуацыі не раблю. Таму што гэта нармальная якасьць — умець прыстасоўвацца да рэалій. Цяпер рэаліі такія. Але калі я буду патрэбны як лекар сваёй краіне — я вярнуся, канечне», — разважае Мікалай.

Ягоная сястра Анастасія пасьля затрыманьня ў Жлобіне трапіла пад «хапун» яшчэ і ў Менску на акцыі. 15 сутак яна правяла ў Жодзінскім ІЧУ. Пасьля яны з мужам вырашылі зьмяніць месца жыхарства — пераехалі з Беларусі ва Ўкраіну. «Цяпер у яе шмат працы, вялікая загружанасьць», — кажа Мікалай.

Ён ня хоча зьяжджаць з Беларусі. «Тут шмат людзей, якія мне дарагія, жонка, маці, тата, малодшы брат, сябры, аднадумцы. Я хачу тут жыць. Ці шкадую я пра ўдзел у акцыях, страту працы? Ні пра што ўвогуле не шкадую. Я ня мог прайсьці міма, калі я салідарны з тымі ідэямі, якія выказвалі людзі. Хацеў быць з аднадумцамі».

Мікалай кажа, што верыць у перамены да лепшага.

«Як без веры?! Усё зьменіцца і наладзіцца. Ну і што, што няма адкрытых акцый? Сьвядомасьць людзей не зьмянілася. На штыках жа не ўсядзіш... Я бачу сыгналы, якія ўказваюць на тое, што „гэта ўсё“ ня будзе цягнуцца бясконца доўга, што б нам не казалі па тэлевізары», — упэўнены жыхар Гомля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG