Пра гэта выданьням Spiegel і The Insider распавёў адзін са сьведкаў па справе. Журналісты называюць яго шваграм, гэта значыць, мужам сястры жонкі падазронага.
Хангашвілі быў застрэлены ў Бэрліне 15 жніўня 2019 года. Адразу пасьля замаху быў арыштаваны яго меркаваны выканаўца. Ягонае імя не раскрываецца нямецкімі ўладамі. Аднак, паводле дадзеных журналістаў-дасьледчыкаў, сапраўднае імя абвінавачанага — Вадзім Красікаў. У Нямеччыну ён прыехаў па фальшывых дакумэнтах. Сьцьвярджаецца, што ў Расеі ён раней служыў у спэцназе ФСБ «Вымпел».
З журналістамі Spiegel і The Insider размаўляў украінец Аляксандр Вадарэз, які павінен быў апазнаць Красікава ў нямецкім судзе. У ходзе пасяджэньня ён заявіў, што ня можа зрабіць гэтага напэўна. Цяпер Вадарэз кажа, што адразу пазнаў абвінавачанага, але не сказаў пра гэта ўпэўнена, паколькі баяўся за сваю бясьпеку.
Паводле яго слоў, ён знаёмы з Красікавым з 2010 года. Расеец, сьцьвярджае Вадарэз, жанаты на сястры яго жонкі і неаднаразова прыяжджаў ва Ўкраіну да 2014 году. У 2016 годзе ён, як сьцьвярджаецца, атрымаў званьне палкоўніка. Вадарэзу ён распавядаў, што служыць «побач» са спэцназам ФСБ «Вымпел» і што бачыў, як страляе ў ціры прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Падрабязнасьці сваёй службы ён не раскрываў. «Давай так дамовімся, — сказаў ён свайму ўкраінскаму сваяку. — Ты мне пытаньні не задаеш па маёй працы, таму што праўду я не скажу, а хлусіць я не хачу».
Фэдэральная пракуратура Нямеччыны абвінаваціла ў датычнасьці да замаху расейскія ўлады. У абвінаваўчым заключэньні на судзе супраць Красікава сказана, што замоўшчыкі хацелі адпомсьціць Хангашвілі за ўдзел у мінулых канфліктах з Расеяй.
Улады Расеі не прызнаюць дачыненьне да замаху. Прэзыдэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што забіты быў адным з арганізатараў выбухаў у маскоўскім мэтро. Ён заяўляў, што расейскія ўлады патрабавалі ягонай выдачы. Улады Нямеччыны гэта адмаўляюць.