Група Bellingcat, расейскае выданьне The Insider і нямецкі часопіс Spiegel ў новым сумесным расьсьледаваньні, апублікаваным у суботу, сьцьвярджаюць, што высьветлілі асобу яшчэ аднаго расейца, датычнага да забойства былога палявога камандзіра чачэнскіх сэпаратыстаў Зелімхана Хангашвілі летась у Бэрліне.
Выканаўцам злачынства, як мяркуецца, быў былы супрацоўнік расейскіх спэцслужбаў Вадзім Красікаў, які цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне пад вартай. У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што яго саўдзельнікам быў Раман Дзям’янчанка, былы афіцэр спэцпадразьдзяленьня ФСБ Расеі «Вымпел».
Ён заехаў у Эўразьвяз за два тыдні да забойства Хангашвілі па пашпарце на выдуманае імя «Раман Давыдаў». У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што з чалавекам па прозьвішчы Дзям’янчанка пасьля забойства Хангашвілі ня раз стэлефаноўваўся Андрэй Сазонцев — адзін са знаёмых Красікава. Сьледчыя супаставілі фота «Давыдава» і Дзям’янчанкі і вызначылі, што гэта адзін і той жа чалавек.
Як сьцьвярджае Bellingcat, Дзям’янчанка нарадзіўся ў 1980 годзе, а ў «Вымпеле» служыў да 2011 году. Ён далей кантактактуе з былымі і дзейнымі супрацоўнікамі ФСБ. Афіцыйна у 2019 годзе ён працаваў у кампаніі «Вымпел — Садзейнічаньне», якая належыць Эдуарду Бендзерскаму — прэзыдэнту асацыяцыі вэтэранаў «Вымпела». Сьцьвярджаецца, што незадоўга да паездкі ў Нямеччыну Красікаў меў зносіны з тым жа Бендзерскім.
Дзям’янчанка накіраваўся ў Эўропу за два тыдні да забойства Хангашвілі па славацкай візе (Славакія нядаўна выслала двух расейскіх дыпляматаў, абвінаваціўшы Расею ва ўвядзеньні консульства ў зман ў сувязі з падачай падробленага пашпарта). У чым канкрэтна палягала яго роля ў апэрацыі, у расьсьледаваньні не гаворыцца, аднак яго аўтары лічаць, што новыя дадзеныя пацьвярджаюць раней выказаную вэрсію пра тое, што забойства Зелімхана Хангашвілі арганізавалі людзі, блізкія да «Вымпела» і, падобна, яны каардынавалі свае дзеяньні з ФСБ.
Пракуратура Нямеччыны заяўляла пра тое, што разглядае вэрсію датычнасьці расейскіх уладаў да арганізацыі забойства Хангашвілі. Афіцыйная Масква раней неаднаразова адмаўляла датычнасьць да забойства.