Некалькі людзей са сьпісу, у якім былі 19 чалавек, памерлі «не з натуральных прычынаў», але колькі менавіта чалавек загінулі — не раскрываецца. Пра гэта паведамляе DW.
Хангашвілі быў застрэлены ў Бэрліне ў жніўні 2019 году. Ён таксама ўваходзіў у гэты сьпіс. ФСБ перадала яго ў нямецкае Фэдэральнае ведамства крымінальных справаў у 2012 годзе. Паводле вэрсіі Фэдэральнай пракуратуры Нямеччыны, замах на Хангашвілі замовілі расейскія ўрадавыя органы. Масква дачыненьне да забойства катэгарычна адмаўляе.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што забіты быў адным з арганізатараў выбухаў у маскоўскім мэтро, пазьней яго зьвязвалі з захопам школы ў Бэслане. У двух тэрактах загінулі 374 чалавекі. Пуцін выказаў думку, што забойства ў Бэрліне стала вынікам «бандыцкіх разборак».
Адразу пасьля замаху быў арыштаваны меркаваны выканаўца. Ён прыехаў у Нямеччыну з фальшывымі дакумэнтамі. Аднак, паводле зьвестак журналістаў-расьсьледвальнікаў, сапраўднае імя затрыманага Вадзім Красікаў. Сьцьвярджаюць, што раней ён служыў у спэцназе ФСБ і ўдзельнічаў у некалькіх замоўленых забойствах.
- У дзень забойства Хангашвілі, які меў грузінскае грамадзянства, мусіў сустрэцца з жонкай былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі Сандрай Руляфс, — зьвяртае ўвагу рэдакцыя Кавказ.Реалии. Пра што яны мелі размаўляць — невядома. Рулафс займаецца дабрачыннасьцю.