Фэдэральная пракуратура Нямеччыны выставіла абвінавачаньне асобе, падазраванай у заказным забойстве былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі. Паведамленьне разьмешчана на сайце ведамства. У тэксьце гаворыцца, што падазраваны зьдзейсьніў злачынства на замову расейскіх урадавых органаў.
Заданьне ліквідаваць Хангашвілі абвінавачанаму далі ведамствы, падпарадкаваныя ўраду Расеі, сьцьвярджаюць у пракуратуры.
«За заказным забойствам стаялі варожыя адносіны ахвяры з расейскай дзяржавай, з урадамі Чачэнскай Рэспублікі і Інгушэтыі, а таксама з прарасейскім урадам Грузіі», — адзначаецца ў дакумэнце. У тэксьце нагадваюць, што Хангашвілі ваяваў супраць фэдэральных войскаў на баку чачэнскіх сэпаратыстаў, а ў 2008 годзе сабраў у Грузіі апалчэньне для вайны з расейскай арміяй у Паўднёвай Асэтыі.
Хангашвілі быў застрэлены 15 жніўня летась. Адразу пасьля замаху меркаванага выканаўцу арыштавалі. Яго імя нямецкія ўлады не раскрываюць. Аднак, па дадзеных журналістаў-дасьледчыкаў, сапраўднае імя затрыманага — Вадзім Красікаў. Сьцьвярджаецца, што раней ён служыў у спэцназе ФСБ і ўдзельнічаў у некалькіх заказных забойствах. Некаторы час Красікаў быў у вышуку ў Расеі, але пазьней вышук быў зь невядомых прычын адменены. У Нямеччыну ён заехаў па фальшывых дакумэнтах.
Улады Расеі не прызнаюць дачыненьня да замаху. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Зелімхан Хангашвілі быў адным з арганізатараў выбухаў у маскоўскім мэтро, і выказаў здагадку, што яго сьмерць стала вынікам «бандыцкіх разборак». Пуцін заяўляў, што расейскія ўлады патрабавалі выдачы Хангашвілі. Улады Нямеччыны гэта адмаўляюць.