«Мой камінг-аўт быў гвалтоўны. Пры катаваньнях, пры зьдзеках, пры зьнішчэньні, прыніжэньні, абразе», — кажа Вадзім Ермашук.
Паводле блогера, сілавікі за некалькі тыдняў да затрыманьня ўсталявалі ў ягонай кватэры схаваную камэру. Пасьля затрыманьня яму прапанавалі «пакаяцца» ў абмен на канфідэнцыйнасьць, але Вадзім кажа, што адмовіўся ісьці на супрацоўніцтва зь сілавікамі. Тады яны сталі распаўсюджваць онлайн інтымнае відэа Вадзіма зь ягоным партнэрам — выкладвалі ў чатах і рассылалі ў асабістыя паведамленьні блізкім і сябрам, што стала для блогера шокам.
У калёніі Вадзіма Ермашука зьмясьцілі ў так званы «нізкі статус», што зрабіла яго мішэньню для абразаў і зьдзекаў.
«Рукой да мяне дакранацца было нельга. Да мяне маглі падысьці і вось так (нагой) ударыць», — расказвае Вадзім Ермашук.
Сярод іншага, у калёніі яго прымусілі мыць прыбіральні за асуджанымі. Як кажа блогер, іншыя вязьні пазьбягалі кантактаў зь ім, а таксама зьдзекаваліся і абражалі.
«Са мной нельга было вітацца, мець зносіны, варыць са мной каву, напрыклад. Браць ад мяне цыгарэты ці нешта іншае. Лічылася, калі нехта гэта зробіць, ён аўтаматычна апускаецца да майго статусу. Былі толькі некаторыя палітвязьні, якія не баяліся зносінаў», — узгадвае Вадзім Ермашук.
Блогер кажа, што часам сам «прасіўся» ў штрафны ізалятар, каб пазьбегнуць непрыемных кантактаў зь іншымі вязьнямі.
У вялікім інтэрвію блогер дзеліцца гісторыямі з асабістага жыцьця, расказвае пра перасьлед і маральны ціск, зь якімі сутыкнуўся, а таксама тлумачыць, чаму не пайшоў на ўгоду з сумленьнем і застаўся верны сваім перакананьням:
- Вадзім Ермашук, юрыст паводле адукацыі, стаў вядомы беларусам як Вадзімаці — блогер, які адкрыта крытыкаваў рэжым Лукашэнкі і падтрымліваў беларускіх палітвязьняў. На ягоную старонку ў Instagram падпісаліся дзясяткі тысяч людзей, а публікацыі зьбіралі мільённыя ахопы.
- У 2021 годзе блогера арыштавалі і адправілі ў калёнію на 3 гады — паводле палітычна матываваных артыкулаў. Як кажа сам блогер, яго асудзілі за тое, што ўдзельнічаў у пратэстах і адкрыта выказваў нязгоду з вынікамі выбараў, асуджаў дзеяньні сілавікоў і падтрымліваў палітвязьняў.
- 27 лістапада 2024 году ягоны Instagram-акаўнт быў прызнаны «экстрэмісцкім».
- Пасьля вызваленьня летам 2024 году блогер выехаў зь Беларусі. Цяпер Вадзім Ермашук жыве ў шэлтары ў Варшаве.
- Пасьля вызваленьня ён перанёс некалькі апэрацый, у тым ліку па выдаленьні злаякаснай мэляномы і ліквідацыі пахвіннай грыжы, але мае патрэбу ў далейшым маніторынгу стану здароўя, дадатковым абсьледаваньні і лекаваньні. BySol адкрыў дабрачынны збор для дапамогі блогеру.
Форум