Як паведамляе «Эўрарадыё», музыка заявіў, што цяпер знаходзіцца ў бясьпечным месцы.
Раней лідэр гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі атрымаў пастанову суду пра тое, што кліп ягонага калектыву на песьню «Баю-бай» унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Зборам дакумэнтаў для падачы ў суд займалася 6-я ўправа ГУБАЗіК Берасьцейскай вобласьці. Матэрыялы перадалі ў абласную экспэртную камісію ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці/адсутнасьці ў ёй «экстрэмізму».
Камісія прыйшла да высновы, што «кліп зьняты з мэтай дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структураў».
«На гэта ўказваюць вобразы кіроўцы аўтазаку, які на камбайне перасьледуе ні ў чым не вінаватых людзей. Ахвяры паказаныя гранічна міралюбнымі і безабароннымі. Такім чынам, сытуацыя затрыманьня парушальнікаў грамадзкага парадку выстаўленая аўтарамі песьні як бязьлітаснае забойства, учыненае супрацоўнікамі сілавых структураў», — гаворыцца ў выснове дзяржаўных экспэртаў.
На думку сяброў камісіі, гэты кліп распальвае сацыяльную варажнечу, маючы «прыкметы экстрэмізму». Кліп і яго магчымыя копіі ўлады прызналі «экстрэмісцкім» матэрыялам.