Са сьпісу 20 найлепшых кампазыцый паводле вэрсіі беларускай службы Радыё Свабода ён выбраў дзевяць, якія, на яго погляд, найбольш ярка адлюстроўваюць беларускую мірную рэвалюцыю.
Арцемій Троіцкі выбраў для аналізу 9 кампазыцый:
- TOR BAND — «Мы — не „народец“»,
- LEAR — «На стомленых крылах»,
- Naka, Dzieciuki, «Разьбітае сэрца пацана», «Петля пристрастия», Rostany — «Вам»
- «Дай дарогу!» — «Баю-Бай»,
- IOWA — «Мечта»
- Volski — «Ворагі народу»
- Pomidor/OFF — «Я выходжу»
- Ільля Сільчукоў — «Магутны Божа»
- Trubetskoy — «Воля»
Аналіз вядомага музычнага крытыка глядзіце на відэа, дзе ёсьць і фрагмэнты кампазыцый.
Тут выняткі з размовы.
Арцемій Троіцкі: «Тое, што цяпер адбываецца ў беларускай музыцы, у беларускай культуры, не гаворачы пра беларускае грамадзтва ў цэлым, — я ніколі ў жыцьці не назіраў такога выбуху народнай творчасьці, прычым палітычна арыентаванай народнай творчасьці.
Лічыцца, што ў Амэрыцы ў 1960-я гады, у Вялікай Брытаніі ў 1970-я гады, у СССР — у 1980-я гады была моцная хваля пратэставай музыкі. Ці то пратэсты супраць вайны ў Віетнаме, ці то супраць беспрацоўя і эканамічнай палітыкі Тэтчэр, у СССР зразумела супраць чаго быў пратэст. Але музычная хваля, якая ўзьнялася ў Беларусі, безумоўна, нашмат мацнейшая за ўсё гэта.
Што мы можам згадаць з савецкіх песьняў 1980-х, усіх гэтых так званых „перабудовачных“ гімнаў? „Аквариум“ — „Поезд в огне“, „Кино“ — „Мы ждем перемен“, „Наутилус Помпилиус“ — „Скованные одной цепью“, „Шар цвета хаки“, „Телевизор“ — „Выйти из-под контроля“, „Твой папа фашист“. Недзе дзясятак, можа два песьняў, ня болей. А тут сотні песьняў. Па-мойму, гэтага не было ніколі ў сусьветнай музычнай гісторыі».