Паведамляецца аб сутыкненьнях паміж супрацоўнікамі дзяржаўнага антыкарупцыйнага агенцтва і службай бясьпекі кіраўніка дзяржавы.
Сьледчыя дзяржаўнага антыкарупцыйнага агенцтва ўвайшлі ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля, каб выканаць ордэр на яго арышт. Аднак служба бясьпекі кіраўніка дзяржавы перашкаджае ім. Пра гэта паведамляе агенцтва «Ёнхап».
У рэзыдэнцыі адбыліся сутыкненьні паміж сьледчымі і аховай прэзыдэнта. Прадстаўнікі прэзыдэнта заявілі аб незаконнасьці спробы арышту. Юн Сок Ёль да заканчэньня разгляду справы Канстытуцыйным судом лічыцца часова адхіленым і знаходзіцца пад абаронай службы аховы прэзыдэнта.
Сьледчыя павінны выканаць ордэр на затрыманьне да 6 студзеня.
Суд Сэула выдаў ордэр на арышт і ператрус прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля 31 сьнежня 2024 года. Гэта было зроблена пасьля таго, як Юн праігнараваў тры позвы ад Упраўленьня антыкарупцыйных расьсьледаваньняў у дачыненьні да высокапастаўленых службоўцаў, якое выклікала яго на допыт.
14 сьнежня парлямэнт Паўднёвай Карэі ў выніку галасаваньня падтрымаў імпічмэнт прэзыдэнта краіны. У падтрымку імпічмэнту галасавалі 204 дэпутаты з 300, супраць былі 85. Галасаваньне было таемным. Гэта была другая спроба галасаваньня за імпічмэнт, падчас першай галасоў за адхіленьне Юн Сок Ёля не хапіла.
Імпічмэнт быў выкліканы тым, што 3 сьнежня Юн Сок Ёль аб’явіў аб увядзеньні ваеннага становішча «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі КНДР». Указ, які дзейнічаў шэсьць гадзін, забараняў працу палітычных партый, пратэсты, страйкі, уводзіў цэнзуру і ваенна-палявыя трыбуналы. Гэта выклікала маштабныя пратэсты як на вуліцах Сэула, так і ў парлямэнце. Дэпутаты падчас штурму будынка вайскоўцамі прагаласавалі за адмену рашэньня прэзыдэнта. Пасьля гэтага ён паводле закону быў вымушаны адмяніць указ. 7 сьнежня прэзыдэнт папрасіў прабачэньня за свае дзеяньні ў тэлеэфіры.
Юн Сок Ёль — прадстаўнік правых сіл, традыцыйна жорстка настроеных у адносінах да Паўночнай Карэі. Прэзыдэнтам ён быў выбраны ў 2022 годзе. Пазыцыя апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі ў адносінах да Пхэньяна больш гнуткая.