Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак: птушкі (2). Хто такая берасьцянка і што азначаў вокліч „гракі прыляцелі!“.  ВІДЭА


Птушкі (вып. 2). Бажан. Скрыншот відэа
Птушкі (вып. 2). Бажан. Скрыншот відэа

Беларускія назвы птушак (2). Колькі маем назваў жаўрука і для каго Радзівілы будавалі бажантарні? Артыкул і анімацыя

(па-расейску — па-беларуску)

  • жаворонок жаўрук, жаўранак
  • зяблик — берасьцянка
  • снегирь — гіль
  • грач — грак
  • фазанбажан фазан)
  • глухарь — глушэц

АНІМАЦЫЯ...

...і больш падрабязна.

Каваль куе, жаўрук пяе

Адкуль слова жаўрук — дагэтуль няясна. У славянскіх мовах назва Alauda arvensis (жаўрук палявы) гучыць вельмі разнастайна — украінскае жайворонок, польскае skowronek, чэскае skřivan, баўгарскае сколовранец... Вывесьці агульнае слова-продка цяжка. Ці яно таго ж кораня, што „варона“, ці то ад архаічнага гукаперайманьня. У чэскай і славацкай ёсьць нават асобны дзеяслоў для жаўруковых сьпеваў: слвц. crkvrliť, г. зн. „цркврліць“.

І ў беларускіх гаворках неймаверна шмат формаў назвы птушачкі. Ня толькі жáваранак ды жáўранак, але жáрванак, жаўнáрка, скаронка (і нават целявоз, але гэта ўжо зусім іншы корань)...

Жаўрук — любімы народны вобраз, алегорыя вясны і ўзьнёслай душы. Жавароначкі, прыляціце“ — самая пазнавальная песьня традыцыйнага сьвята Гуканьня вясны. Тады птушак яшчэ і пякуць зь цеста. „Песьняры“, саліст Ігар Пеня:

А сучасным паэтам народных назваў мала, ствараюць свае „жаўро“:

Паслухайце: тут перапёлка ў жыце,
жаўро ў зэніце — песьні песьняроў.…

(Анатоль Канапелька; „песьняры“ тут пеюны, ня гурт)

Далікатных жаўрукоў навечна ўвасобіў у недалікатным жалезе легендарны паэт і каваль Паўлюк Багрым. На выкаванай ім жырандолі трыццаць тры птушачкі.

Паўлюк Багрым. Каваная жырандоля. Крашын, касьцёл Божага Цела. Фота 2012 г.
Паўлюк Багрым. Каваная жырандоля. Крашын, касьцёл Божага Цела. Фота 2012 г.

А „Каваль куе — жаўрук пяе“ — спокліч сучаснага кавальскага сьвята ў тым самым Багрымавым Крашыне.

Белы камуфляж

Назва берасьцянка — не ад перайманьня голасу, а ад выгляду гнязда. Fringilla coelebs крычыць так, але завецца берасьцянкаю, відаць, бо маскуе гняздо і бярозавай карой. Дыялектная назва зябок — бо прылятае рана і адлятае позна, калі зябка. І лацінская назва роду Fringilla ад frigus ‘холад’.

Гіль — яркая птушка ці кусачая кузурка?

Гіль — назва не пазычаная, а свая, спрадвечная, падобныя ў іншых славянаў. Адны лінгвісты чуюць у ёй перайманьне крыку, другія — праславянскае слова *gyliti ‘скакаць на адной назе; сьмяшыць, казытаць’.

Гіль. Фота А. Шаўлюгі. Сосны, Менскі р-н, 13 лютага 2021
Гіль. Фота А. Шаўлюгі. Сосны, Менскі р-н, 13 лютага 2021

Але ўвага: ґілём (гук Ґ выбухны) на Горадзеншчыне і Віленшчыне завуць авадня, а птушка там гілёк (у іншых гаворках ёсьць і сьнягір, і сьнягур).

Саўрасаў: „Гракі прыляцелі!“ Неўзабаве парá абедаць

Назва птушкі сямейства крумкачовых Corvus frugilegus празрыстая. Дзеяслоў гракаць азначае ‘каркаць; лаяць, крычаць, голасна размаўляць’.

Яйкі грака. Konstantego Tyzenhauza oologia ptaków polskich : atlas. Warszawa: w Lit. M. Fajansa (1862)
Яйкі грака. Konstantego Tyzenhauza oologia ptaków polskich : atlas. Warszawa: w Lit. M. Fajansa (1862)

Для граковых яек знайшлося месца ў аалягічным атлясе тутэйшых птушак, які выдаў пачынальнік беларускай арніталёгіі Канстанты Тызэнгаўз (1786–1853).

А яшчэ граф паведамляе, што ў XIX ст. сяляне Пастаўшчыны елі грачанятаў, прычым законна: гнёзды гракоў традыцыйна лічыліся ўласнасьцю сялянскай грамады. Усё слушна, у нашым рэгіёне Эўропы — ад Нямеччыны да Беларусі і Ўкраіны — грачаняты былі веснавым народным далікатэсам, што зафіксавалі этнографы.

У „Віленскіх камунарах“ Максіма Гарэцкага ёсьць цэлы разьдзел „Гракі“ — як віленчукі ў першую вайну не падзялілі зь „першымі немцамі“, а менавіта з рыжым вусатым немцам Рудольфам, тых самых грачанятаў.

Аляксей Саўрасаў. Гракі прыляцелі. 1871
Аляксей Саўрасаў. Гракі прыляцелі. 1871

Вось жа славутая карціна расейскага перадзьвіжніка Саўрасава „Гракі прыляцелі“ сымбалізуе ня толькі плятанічны, але і прагматычны аптымізм.

Бажан, Радзівілава курыца

Від у Беларусі не спрадвечны, але даўно інтрадукаваны. Лацінская навуковая назва Phasianus colchicus дакладна тлумачыць, адкуль гэтая рознакаляровая курыца: даслоўна — калхідзкая (грузінская), з-над ракі Фасіс. Рака цяпер завецца Рыёні, у вусьці яе партовы горад Поці (так урэшце загучала грэцкае Φᾶσῐς па-грузінску).

Таму і ў нас асноўная назва птушкі — пазычаная. Нават дзьве назвы: бажан (варыянт базан) і фазан. Яны прыйшлі з лацінскай празь нямецкую (с.-в.-ням. fasant), прычым бажан — раней, яшчэ і праз чэскую (там bažant).

Бажаны (ხოხობი) на гістарычнай радзіме. Тбілісі, 9 студзеня 2019
Бажаны (ხოხობი) на гістарычнай радзіме. Тбілісі, 9 студзеня 2019

Беларускія магнаты трымалі птахаў у бажантарнях. Асабліва любілі гэтую справу Радзівілы: бажантарні заклалі Міхал Казімер Рыбанька (1720–1762) пад Нясьвіжам каля Сейлавіч і Геранім Радзівіл (1715–1760) у Слуцку — каб глядзець, слухаць і паляваць.

Глушцы кардынала

Калі ён такуе, то ня чуе нічога вакол, таму і глушэц. Tetrao urogallus беларуская птушка 2020 году паводле „Аховы птушак Бацькаўшчыны“; усё думаю, ці была ў гэтым дадатковая сымбалічнасьць...

Беларускіх глушцоў увечніў у палявых аўдыёзапісах ня хто-небудзь, а былы савецкі палітвязень, сьвятар Казімер Сьвёнтак. Пра будучага першага беларускага каталіцкага кардынала напісаў у эсэ „Званы ў прадоньнях азёр“ Уладзімер Караткевіч — напісаў тады, калі не ўхвалялася такое пісаньне:

„Дужа харошы фатограф, матацыкліст, кінэматаграфіст-аматар (зараз здымае фільм аб прыродзе Палесься), чалавек, які здатны цэлую ноч нерухома праляжаць у лесе, толькі каб запісаць на магнітафон такаваньне глушцоў.

Канал Свабоды пра беларускую мову ёсьць і ў Тэлеграме:

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG