Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казімер Сьвёнтак, кардынал, які ня ведаў, колькі анёлаў у ягоным храме


Казімер Сьвёнтак
Казімер Сьвёнтак

21.10.1914, мяст. Валга, Эстонія — 21.7.2011, Пінск. Пахаваны ў Пінскім катэдральным саборы Ўнебаўзяцьця Дзевы Марыі

Вы калі-небудзь спрабавалі зьлічыць анёлаў у храме? Ён ведаў, што гэта немагчыма, бо іхні лік штохвілінна мяняецца...

«Пінскі катэдральны касьцёл — адзін зь лепшых будынкаў, якія мне даводзілася бачыць у Беларусі... Вадзіў нас... ад зялёнага дворыка з чатырох’яруснай званіцай... і аж да... лазаў у сьценах добры знаўца муроў і ўвогуле старажытнага Пінску... сіваваты ўжо, харошы чалавек з усьмешлівым і разумным абліччам Казімер Сьвёнтак. Па-сапраўднаму зьдзіўлялі ягоныя веды, памяркоўнасьць і шырокі падыход да... жыцьця. А асабліва... спалучэньне сапраўднай улюбёнасьці ў старажытнасьць... з сучаснай любоўю да тэхнікі. Дужа харошы фатограф, матацыкліст, кінэматаграфіст-аматар... чалавек, які здатны цэлую ноч нерухома праляжаць у лесе, толькі каб запісаць на магнітафон такаваньне глушцоў...»

Знаўцы творчасьці Ўладзімера Караткевіча, магчыма, пазналі ўжо фрагмэнт нарысу «Званы ў прадоньнях азёр», упершыню надрукаванага ў часопісе «Маладосьць» у 1969 годзе.

Працягваючы маляваць партрэт свайго праважатага, пісьменьнік паведамляе, як аднойчы Сьвёнтак спахапіўся, што «дрэнны ён гаспадар над старыной», калі ня ведае, колькі анёлаў у касьцёле. Пачаў лічыць і, зьбіўшыся пасьля сямідзесяці пяці, махнуў рукой. Нічога, маўляў, не атрымаецца.

На жаль, Караткевіч праз цэнзурныя рагаткі ня здолеў паведаміць чытачам, які ж галоўны занятак гэтага знаўцы старасьвеччыны і заядлага матацыкліста. Мусіў абмежавацца адно некалькімі намёкамі.

Пагатоў ён ня мог распавесьці, што ксёндз Казімер паходзіць з польскай шляхецкай сям’і і да Другой сусьветнай вайны скончыў Пінскую духоўную каталіцкую сэмінарыю. Што ўвесну 1939-га ён распачаў душпастырскую дзейнасьць у Пружанах, але з прыходам «саветаў» быў абвінавачаны ў шпіянажы і кінуты ў Берасьцейскую турму. Уратаваў ад сьмерці і дазволіў вярнуцца да сваіх пружанскіх парафіянаў прыход немцаў. Сьвёнтак разумеў, які лёс чакае яго, калі акупанты зьменяцца, але на Захад у 1944-м не паехаў.

Савецкая ўлада, вядома, не забылася на ксяндза-«шпіёна»: яго зноў арыштавалі і засудзілі на дзесяць гадоў лягераў. Адтуль, з сыбірскай тундры, ён, адцягнуўшы тэрмін ад званка да званка, вярнуўся ў 1954-м у Пінск і пачаў служыць у францысканскім касьцёле. Адмовіўся выяжджаць у Польшчу. Не атрымаўшы рэабілітацыі, усё жыцьцё пісаў у анкетах, што мае судзімасьць.

Біёграфы прылічаюць Сьвёнтка не да актыўных апазыцыянэраў, а да інтэлектуальнай апазыцыі. Гэта можна прыняць, але з значнымі агаворкамі. Камуністы лічылі, відавочна, іначай. Аднак мудрасьць айца Казімера, ягоны велізарны аўтарытэт у вернікаў дазволілі яму ня толькі не апынуцца зноў за кратамі, але і ўратаваць свой касьцёл і кляштар, дзе цяпер зноў сэмінарыя, ператварыць Пінск у адзін з каталіцкіх духоўных цэнтраў Беларусі.

Ад канца ХVІІІ стагодзьдзя беларускія католікі ня мелі сваіх кардыналаў. Бясконца доўгі перапынак скончыўся ў 1994-м, калі Ян Павал ІІ надаў гэтую годнасьць Казімеру Сьвёнтку, які на той момант узначальваў менска-магілеўскую архідыяцэзію. У пасланьні новаму кардыналу папа назваў яго адным з самых нязломных і нястомных абаронцаў хрысьціянскае веры. Міжнародным прызнаньнем заслугаў Сьвёнтка сталася яго ўзнагароджаньне ў 2006-м францускім ордэнам камандора Ганаровага легіёну.

Менавіта за часамі паляка (адзін час нават намесьніка старшыні Саюзу палякаў Беларусі) Сьвёнтка адбывалася беларусізацыя нашага Касьцёлу. Маючы гонар быць запрошаным на 90-годзьдзе яго эмінэнцыі, я загаварыў пра гэта зь юбілярам і яшчэ глыбей зразумеў, наколькі няпроста давалася вяртаньне беларускай мовы ў сьвятыні. Але ён умеў ісьці на кампрамісы і знаходзіць кансэнсус.

А вось наконт таго, што Казімер Сьвёнтак быў «кінэматаграфістам-аматарам», Уладзімер Караткевіч, магчыма, памыляўся. Прынамсі, вядомы беларускі кінарэжысэр Юры Гарулёў лічыць, што «гэта была праца сапраўднага рэжысэра, і па сваёй глыбіні фільмы абсалютна прафэсійныя».

Зрэшты, кожны можа сам пагадзіцца з гэтай думкаю або аспрэчыць яе, зьвярнуўшыся да выпушчанай у 2014 годзе менскім выдавецтвам «ProChristo» ўнікальнай кнігі «Чары Палесься». У выданьне ўвайшлі дыскі з дакумэнтальнымі фільмамі выбітнага сьвятара, адзін зь якіх і даў кнізе назоў. Дыктарскі тэкст — пераважна польская паэзія, музыка — Сьвёнткаў улюбёны Шапэн.

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

XS
SM
MD
LG