Дачка заснавальніцы «Прэс-клюбу» Юліі Слуцкай Аляксандра расказала «Салідарнасьці» навіны ад маці:
«Ведаю толькі, што здароўе ў мамы ня вельмі — і са зрокам, і з кашлем. Плюс, мяркуючы з усяго, у яе быў прыступ мігатлівай арытміі. Дыягназ паставіла маміна тэрапэўтка, калі я апісала сымптомы, а турэмны доктар сказаў: не перажывайце, гэта магнітныя буры...»
Аляксандра наракае, што лісты практычна не даходзяць — хоць і маці, і дачка пішуць адна адной штодзень. За апошнія тыдні на волю дайшлі ўсяго два пасланьні.
«Нядаўна быў непрыемны сюрпрыз з мэдычнымі перадачамі. Мама праз адваката папрасіла перадаць ёй мазь, бо пад пазногцем пачалося запаленьне або скула. Я, натуральна, перадала — у бліжэйшы дзень, калі дазволеныя мэдперадачы. Праз тыдзень адвакат прыйшоў да яе, і мама спытала, чаму я не перадала мазь. Я пацікавілася ў жанчыны ў акенцы, ці магло быць такое, што прынялі, але не перадалі. Адказалі, маўляў, так, у нас запарка з фэльчарам, многія хварэюць. Гэта значыць лекі прымаюць, але не прыносяць».
Пра брата Пятра Аляксандры вядома, што разам зь ім у перапоўненай камэры ажно 23 чалавекі. Пры цяперашняй сьпякоце там складана захоўваць прадукты — усё, што з кароткім тэрмінам, імгненна псуецца.
Перасьлед «Прэс-клюбу»
Летась у сьнежні ў офісе і кватэрах мэнэджараў «Прэс-клюбу» правялі ператрусы. Заснавальніцу пляцоўкі Юлію Слуцкую сілавікі спынілі ў аэрапорце, калі яна з дачкой і ўнукамі вярталася з адпачынку. У офісе арганізацыі затрымалі яе сына, апэратара Пятра Слуцкага, а таксама дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмную дырэктарку Алу Шарко, дырэктара «Акадэміі Прэс-клюбу» Сяргея Якупава і экс-супрацоўніцу БТ Ксенію Луцкіну.
Юлію Слуцкую абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), астатніх — у саўдзеле. Толькі Сяргея Якупава як грамадзяніна Расеі дэпартавалі, ня выставіўшы абвінавачаньня.
Блізкія арыштаваных пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту амаль 110 тысяч рублёў у кошт забесьпячэньня кампэнсацыі магчымай шкоды, аднак на статус затрыманых гэта ніяк не паўплывала. Юлія і Пятро Слуцкія, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі і Ксенія Луцкіна прызнаныя палітвязьнямі.
У лютым фігурантам «справы Прэс-клюбу» працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на 2 месяцы, у красавіку дадалі яшчэ столькі ж. Цяпер, кажа дачка заснавальніцы «Прэс-клюбу» Аляксандра Слуцкая, ёсьць падставы меркаваць, што 23 чэрвеня тэрмін будзе зноў працягнуты.