Летась 22 сьнежня затрымалі пяць супрацоўнікаў «Прэс-клюбу», у тым ліку кіраўніцу ўстановы Юлію Слуцкую і яе сына, відэаапэратара Пятра Слуцкага. Усіх вінавацяць у нясплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры.
І хоць паводле закону праверка павінна быць праведзена цягам месяца, яе проста прыпынілі. Гэта падобна на тое, што цяпер адбываецца з парталам Тut.by, лічыць суразмоўца Радыё Рацыя.
«Сьледчых дзеяньняў з удзелам мамы, брата і астатніх калегаў не праводзіцца. То бок не адбываецца нічога, яны проста сядзяць. Хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня адхіленае. Адвакат раз на тыдзень наведвае маму, і дзякуючы гэтаму я ведаю, што яна больш-менш у норме. Хоць у яе моцна пагоршыўся зрок і яна ня можа пісаць лісты. Плюс кашаль, які не спыняецца. Яўна ад цыгарэт, бо ўсе астатнія жанчыны ў камэры кураць. Вось такі „ЗОЖ“: рухацца нельга, курыць можна. Карысную ежу нельга, шкодную — можна», — кажа Аляксандра Слуцкая.
Яна ўдакладніла, што ў адной камэры з маці сядзіць кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс. Пацьвердзіла, што ня так даўно яе вазілі ў Сьледчы камітэт на сустрэчу з консулам і прапанавалі дэпартацыю, аднак актывістка ад такой «угоды» адмовілася.