Зь пісьмовых матэрыялаў справы стала вядома, колькі каштуе пашкоджаны рыштунак міліцыянтаў і на якую суму іх лячылі пасьля інцыдэнту.
Да таго ж выявілася, што ў матэрыялах справы ёсьць відэа з тэлеграм-каналу, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.
«Не прыйшлі, бо не атрымалі апавяшчэньня»
Абвінавачаныя ў справе — Зьміцер Фурманаў, Яўген Разьнічэнка і Ўладзімер Кніга — амаль 8 месяцаў знаходзяцца пад вартай. Іх затрымалі ў сувязі зь пікетам для збору подпісаў за Ціханоўскую 29 траўня ў Горадні. Усіх трох вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, Разьнічэнку і Кнігу таксама ў гвалце над міліцыянтамі.
Пацярпелых чацьвёра: міліцыянты Ленінскага РАУС Горадні Ўладзімер Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, амапаўцы Дзьмітры Рахунок і Віктар Буднік.
Уладзімер Казлоўскі — той самы міліцыянт, які ўпаў пасьля мітусьні на плошчы, пасьля ўстаў, сеў на лаву і доўга трымаўся за жывот. Ён тады не казаў, што яму баліць, устаць яму зь зямлі дапамагалі простыя гарадзенцы, а не калегі-міліцыянты, якіх было шмат на плошчы ў той момант.
Ніхто з пацярпелых не прыйшоў на паседжаньне, бо не атрымалі апавяшчэньня пра суд. Двое міліцыянтаў, Казлоўскі і Хваленя, паабяцалі прыйсьці на наступнае паседжаньне. Начальнік амапаўцаў Рахунка і Будніка паведаміў, што тыя ня здолеюць прыйсьці на суд, бо невядомая расстаноўка байцоў у гэты дзень. Амапаўцы не прыходзілі яшчэ ні на адно паседжаньне ў справе.
«Значыць, у суседні будынак апавяшчэньне дайшло, а ў міліцыю не», — пракамэнтавала судзьдзя.
Раней Казлоўскі і Хваленя не прыйшлі ў суд, бо ахоўвалі парадак падчас купаньня на Вадохрышча, Рахунок хварэў, а Буднік быў на вучэбнай сэсіі.
Згодна зь дзяржаўным абвінавачаньнем, Разьнічэнка схапіў Казлоўскага за тулава і паваліў яго на тратуарную плітку. Хваленю ён выцяў ня менш за два разы па нагах і ніжняй частцы тулава, а Казлоўскага ня менш за два разы па тулаве невядомымі прадметамі. У выніку ў Хвалені быў пашкоджаны відэарэгістратар, а ў Казлоўскага — рукаў форменнага адзеньня і службовыя боты.
На лячэньне міліцыянтаў патрацілі па 500 рублёў
У судзе памянялі парадак дасьледаваньня доказаў. Пракурор зачытаў пісьмовыя матэрыялы справы. Ён агучыў траўмы, якія зафіксавалі ў Фурманава на наступны дзень пасьля затрыманьня: рана за вухам, крывападцёкі і ранкі на твары, у раёне рукі, пояса, калена.
«Як вы атрымалі пашкоджаньні?» — запыталася судзьдзя ў Фурманава.
«Падчас затрыманьня на Савецкай плошчы. На вуліцы, а таксама, відаць, калі страціў прытомнасьць у аўтобусе», — адказаў Фурманаў.
Маці Дзьмітрыя Вольга Фурманава пры гэтым зашамацела лекамі, нехта ў залі гучна зашморгаў носам.
У Кнігі пасьля затрыманьня зафіксавалі крывападцёк на вусе памерам 3×4 сантымэтры.
З матэрыялаў справы стала вядома, што на лячэньне міліцыянтаў Казлоўскага і Хвалені спатрэбілася амаль па 500 рублёў. Інфармацыю дала лякарня хуткай дапамогі. Колькі каштавала лячэньне Фурманава і Кнігі, не паведамілі.
Да таго ж пракурор зачытаў кошт рыштунку, які пацярпеў падчас інцыдэнту на плошчы: нарукаўнік з адзнакамі — 3 рублі 88 капеек, боты храмаваныя — 42 рублі 30 капеек, мэгафон — 30 рублёў 31 капейка. Рамонт дзьвярэй мікрааўтобусаў, куды саджалі затрыманых, абышоўся амаль у 230 рублёў.
Да матэрыялаў справы, як стала вядома ад пракурора, далучылі відэазапісы, якія разьмяшчалі ў тэлеграм-каналах «Беларусь головного мозга» (ягоны адміністратар Ігар Лосік 7,5 месяца знаходзіцца пад вартай), а таксама з тэлеграм-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Ягоную назву дзяржаўны абвінаваўца зачытваў уголас.
Пасьля перапынку 8 лютага па абедзе дапытаюць пацярпелых міліцыянтаў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН