Што за суд у «справе Ціханоўскага» ?
У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні працягваецца суд аб інцыдэнце, пасьля якога затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яшчэ зь дзясятак чалавек.
- У справе трое абвінавачаных: Дзьмітры Фурманаў, Яўген Разьнічэнка і Ўладзімер Кніга.
- Іх абвінавачваюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак; Разьнічэнку і Кнігу таксама вінавацяць у гвалце над міліцыянтамі.
- Пацярпелых чацьвёра: міліцыянты Ленінскага РАУС Горадні Ўладзімер Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, амапаўцы Дзьмітры Рахунок і Віктар Буднік.
- Дзяржаўны абвінаваўца Мікіта Мысьлівец. Справу разглядае судзьдзя Вольга Бекушава.
Інцыдэнт, які разглядаюць у судзе, здарыўся летась 29 траўня на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні. Да блогера Сяргея Ціханоўскага пачала чапляцца жанчына ў кепцы, той спрабаваў ад яе адысьці. На месца прыйшлі міліцыянты. Утварылася штурханіна, падчас якой адзін з супрацоўнікаў міліцыі Ўладзімер Казлоўскі апынуўся на зямлі.
Аляксандру Хваленю 37 гадоў. Працуе старшым участковым інспэктарам Ленінскага РАУС Горадні, ва ўнутраных органах з 2013 году. Мае вышэйшую адукацыю.
Летась 29 траўня разам з Уладзімерам Казлоўскім нёс службу на Савецкай плошчы ў Горадні, дзе ішоў збор подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты. Яны ўваходзілі ў інфармацыйную групу, тлумачылі заканадаўства сабраным, ахоўвалі парадак. Хваленю выдалі мэгафон і камізэльку інфармацыйнай групы.
Як расказаў Хваленя, яны месьціліся ў адміністрацыйным будынку побач з плошчай. Па радыёстанцыі Казлоўскі прыняў сыгнал, што трэба выйсьці на Савецкую плошчу; зь якой мэтай, не ўдакладнялася. Там да іх падышлі 2 жанчыны і расказалі, што паміж мужчынам і жанчынай адбываецца канфлікт, паказалі кірунак. Міліцыянты пайшлі на гучную размову.
Хваленя ўбачыў жанчыну і Ціханоўскага.
«Ціханоўскага я ведаў з інтэрнэту і таксама па службовай дзейнасьці», — патлумачыў Хваленя.
Ціханоўскі стаў адыходзіць назад. Хваленя, як і Казлоўскі, узяў Ціханоўскага за руку, «каб прыцягнуць да сябе ўвагу».
«Што значыць „каб прыцягнуць да сябе ўвагу“?.. Вы бралі за руку, каб утрымаць ці прыцягнуць да сябе ўвагу?», — удакладніла судзьдзя.
«Каб прыцягнуць да сябе ўвагу», — паўтарыў Хваленя.
Зь ягоных словаў, потым натоўп пачаў сьціскацца, ён убачыў, што нехта біў Казлоўскага па галаве. Сам Хваленя адчуў удар па сьпіне і па назе, на ягоную думку, нехта біў нагой. Зь яго сарвалі відэарэгістратар і пашкодзілі мэгафон. У той жа дзень Хваленя самастойна зьвярнуўся па мэдыцынскую дапамогу.
Хваленя ўбачыў на адлегласьці Казлоўскага, які ляжаў на зямлі, вырашыў, што на зямлю таго паклаў Ціханоўскі, таму пайшоў за блогерам.
«Склалася думка, што Ціханоўскі вінаваты», — сказаў Хваленя.
Неўзабаве Ціханоўскага затрымалі амапаўцы. Людзі перашкаджалі пасадзіць затрыманых у службовы аўтамабіль, сталі яго акружаць. Нехта зламаў дзьверы ў мікрааўтобусе. Амапаўцы сталі ў ланцуг, каб адцясьніць людзей.
Хваленя адзначыў, што ў дзеяньнях Ціханоўскага на той момант не пасьпеў выявіць супрацьпраўных дзеяньняў.
— Чаму вы пайшлі за Ціханоўскім, а не засталіся побач з жанчынай? — запыталася адвакатка Лішанкова.
— Яна заставалася на месцы, — адказаў Хваленя.
— У вас была ўпэўненасьць, што жанчына застанецца на месцы і ня сыдзе?
— Яна была ў зоне бачнасьці.
— Чаму вы вырашылі, што Казлоўскі (калі ляжаў на зямлі) позіркам паказвае менавіта на Ціханоўскага?
Хваленя адказаў, што, калі натоўп яго адцясьніў ад калегі, у апошні момант той заставаўся побач зь Ціханоўскім.
— Чаму вы не прыйшлі на дапамогу ўласнаму напарніку, а пайшлі ўсьлед за Ціханоўскім? — працягнула допыт адвакатка Лішанкова.
— Бо напарнік паказаў мне позіркам ісьці туды, — адказаў Хваленя.
Ён пракамэнтаваў спробу Ціханоўскага адысьці зь месца канфлікту: «Законапаслухмяныя грамадзяне так ня робяць».
Абвінавачаны Ўладзімер Кніга, які раней быў амапаўцам, доўга распытваў Хваленю пра міліцэйскія асаблівасьці службы ў той дзень.
— Маёмасьць не пацярпела? Туфлі не пацярпелі? — запытаўся Кніга ў Хвалені. (Паводле матэрыялаў справы, туфлі падрапалі міліцыянту Казлоўскаму).
— Мэгафон пацярпеў.
— Ну гэта можна паправіць, — зазначыў Кніга.
Адвакатка Сьвятлана Гарбаток заўважыла, што самога Хваленю таксама нехта ўдарыў, і запыталася, чаму ён не застаўся на месцы разьбірацца са сваімі крыўдзіцелем, а пайшоў менавіта за Ціханоўскім.
«Пацярпеў напарнік. Я вырашыў, што гэта больш важна», — адказаў Хваленя.
— Чаму такая выбарнасьць? Чаму вы пайшлі менавіта за Ціханоўскім? Была гэтая жанчына, быў Салянік з рупарам, побач было шмат іншых людзей. Вы не маглі выявіць, хто ўчыніў правапарушэньне. Чаму вы пайшлі менавіта за Ціханоўскім? — спрабавала высьветліць Гарбаток.
— Вы целасклад Ціханоўскага бачылі? А целасклад Казлоўскага? — адказаў пацярпелы міліцыянт.
— Вы разумелі, калі навязвалі сваю камунікацыю Ціханоўскаму, што ён мае права вам не адказваць і не тлумачыць? — удакладніў адвакат Вадзім Мушынскі.
— Не, — адказаў Хваленя.
— Значыць, вы думаеце, сам факт наяўнасьці міліцыі ўжо абавязвае Ціханоўскага спыніцца? — падсумавала судзьдзя Вольга Бекушава.
— Так, — пагадзіўся Хваленя.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.