Каго судзяць?
Фігурантаў суду трое: Зьміцер Фурманаў, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга. Іх затрымалі ў сувязі зь пікетам 29 траўня разам зь Сяргеем Ціханоўскім. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342), Кнігу і Разьнічэнку — таксама ў гвалце ў дачыненьні да міліцыянтаў (364 артыкул).
Хто пацярпелыя?
Пацярпелых чацьвёра: участковыя Ленінскага РАУС Уладзімер Казлоўскі і Аляксандар Хваленя, амапаўцы Дзьмітры Рахунок і Віктар Буднік. Казлоўскі ўпаў пасьля мітусьні на Савецкай плошчы, Хваленя хадзіў з рупарам і ў інфармацыйнай камізэльцы. Двое апошніх затрымлівалі Ціханоўскага.
Справу разглядае судзьдзя Вольга Бекушава. Пракурор Мікіта Мысьлівец.
Пацярпеламу Віктару Будніку 35 гадоў, ён камандзір групы апэратыўнай роты АМАП, адукацыя сярэдняя спэцыяльная.
Ён расказаў, што з абвінавачаных ведае Ўладзімера Кнігу, бо яны разам служылі з 2009 па 2012 год. Пасьля таго як Кніга звольніўся і адседзеў у турме за перавышэньне службовых паўнамоцтваў, яны перасякаліся, варожасьці не было. Іншых пацярпелых ведае па службе.
Летась 29 траўня ён заступіў на службу ў чорнай форме, як на масавым мерапрыемстве, калі менавіта, ня памятае. Меў спэцсродкі: кайданкі, відэарэгістратар.
Спачатку ён знаходзіўся ў рэзэрве мабільнай групы непадалёк ад Савецкай плошчы, бо там праводзілася масавае мерапрыемства, адбывалася «перадвыбарная кампанія, збор галасоў». Яны прыбылі для аховы грамадзкага парадку, калі ўзьнікнуць непрадказальныя абставіны.
У іхнай машыне было 5 чалавек. Яны атрымалі паведамленьне, што на Савецкай плошчы адбылося злачынства, і рушылі туды. Падыходзілі да Савецкай плошчы з боку вуліцы Вялікай Траецкай. На затрыманьне выйшлі Буднік і Рахунок.
«Убачылі міліцыянта, які ляжаў на зямлі. Група людзей хуткім крокам рухалася ў бок Фарнага касьцёла. Затрымалі таго, хто на самым перадзе ішоў. Ім аказаўся Ціханоўскі», — расказаў Буднік.
Ён зьвярнуў увагу, што Кніга зьвярнуўся ў бок паплечніка, той атрымаў штуршок. Потым набеглі іншыя людзі. Урэшце пасадзілі Ціханоўскага ў машыну і зьехалі.
«Пхнуў калегу ў бок пляча, у таго бэрэт упаў»
— Вы затрымалі мужчыну. Ці ведалі вы, хто гэта? — задаў пытаньне пракурор.
— На першым этапе, хто гэта, што... — не дагаварыў Буднік.
— Чаму затрымлівалі менавіта яго?
— Хто самы першы імкнуўся пакінуць месца, да таго першага падышлі.
— Ці аказваў ён нейкі супраціў?
— На паўдарозе пачаў упірацца, размахваць, не хацеў ісьці. Потым пачаліся актыўныя дзеяньні з боку грамадзянаў. Я запомніў чалавека ў швэдры з трыма белымі палоскамі, які ўсё хацеў мяне ўдарыць, — пракамэнтаваў Буднік.
— Спрабавалі ўдарыць, але ці ўдарылі? — запытаўся пракурор.
— Цяпер ужо кепска памятаю. Балючага нічога ня памятаю, каб я адчуваў, але замахі, спробы былі. Потым на дапамогу прыехалі іншыя калегі, — расказаў Буднік.
— Яны ўсе былі з горадзенскага гарнізону? — удакладніла судзьдзя.
— Наколькі я памятаю, так, — адказаў Буднік.
Зь ягоных словаў, Кніга кінуўся ў бок Рахунка, пхнуў яго рукамі ў вобласьць пляча, так што ў таго бэрэт упаў.
— Непасрэдна да вас фізычныя ўзьдзеяньні Кніга прымяняў? — удакладніў пракурор.
— Не, — адказаў Буднік.
— Нейкія іншыя дзеяньні Кніга прымяняў, апрача таго штуршка?
— Наколькі я памятаю, не.
Пасьля затрыманьня Ціханоўскага амапаўцы адразу зьехалі: «Усё хутка адбылося».
Наконт паламаных дзьверцаў мікрааўтобуса ён патлумачыў, што перад службай дзьверцы адчыняліся і зачыняліся нармальна, а пасьля затрыманьня хтосьці іх пашкодзіў, і яны ўжо кепска зачыняліся.
— Нейкія ўзьдзеяньні Кнігі на гэтыя дзьверцы вы бачылі? — запытаў дзяржаўны абвінаваўца.
— Не, — адказаў Буднік.
Ён пазнаў Кнігу, які быў у масцы, бо раней працавалі разам, па агульных рысах твару.
«Вы хочаце, каб яны машыну на дах паставілі?»
Адвакатка Кнігі Сьвятлана Галадок удакладніла, ці была каманда затрымліваць пэўных асобаў. Буднік адказаў адмоўна.
Паводле пісьмовых матэрыялаў справы, Буднік знаходзіўся ў складзе баявой групы. Ён сам паўтарыў, што быў у рэзэрве. Паводле пісьмовых матэрыялаў справы, Кніга даваў паказаньні, што спатыкнуўся аб бардзюр, таму штурхнуў супрацоўніка. Буднік адказаў, што не памятае там бардзюраў і мяркуе, што Кніга не спатыкаўся.
— Чаму вы абмежаваліся адным чалавекам? — запытаўся адвакат Фурманава Вадзім Мушынскі пра затрыманьне толькі Ціханоўскага.
— Вы хочаце, каб яны машыну на дах паставілі? Дзеля бясьпекі перадусім, — адказаў Буднік.
Потым адвакаты і судзьдзя спрабавалі высьветліць, калі Буднік даведаўся, што затрымаў Ціханоўскага. Ён адказаў, што калі затрымліваў, яшчэ ня ведаў, а ўжо ў машыне ведаў.
— Ён што, вам прадстаўляўся? Як вы даведаліся? У інтэрнэце паглядзелі? — запыталася судзьдзя.
— Хутчэй за ўсё, чуў, ведаў, хто такі Ціханоўскі, і разгледзеў у машыне, што гэта ён, — адказаў Буднік.
Ён ня мог патлумачыць, ці прадстаўляўся Ціханоўскі або нехта з калег.
— Як вы прыйшлі да высновы, што трэба затрымаць менавіта гэтага чалавека? Бо ён быў першы ў натоўпе? — запыталася адвакатка Тацяна Лішанкова.
— Ну так.
— Чаму вы не падышлі да супрацоўніка міліцыі і не запыталіся, чаму ён ляжыць, хто адказны за гэта, хто яго ўдарыў? Чаму вы пачынаеце затрымліваць людзей, якія проста сыходзяць? — удакладніла адвакатка Разьнічэнкі Тацяна Лішанкова.
— А што, калі б мы падышлі (да міліцыянта), а яны тады зьехалі, а сярод іх аказаўся той, хто зьдзейсьніў правапарушэньне? — адказаў Буднік, у залі пачуўся сьмех.
— Калі затрымлівалі (Ціханоўскага), вы патлумачылі прычыну затрыманьня?
— Асабіста я не тлумачыў.
— А Рахунок?
— Ня памятаю.
— Ці правільна я разумею, што вы прыехалі і адразу пачалі затрымліваць Ціханоўскага?
— Не затрымліваць, а прайсьці ў машыну.
— Правільна я разумею, што гэта не затрыманьне? — працягнула задаваць пытаньні адвакатка Лішанкова.
— Калі мы пасадзілі ў машыну, значыць, затрымалі, — адказаў Буднік.
Чаму затрымліваць пайшлі толькі Рахунок і Буднік, а яшчэ двое амапаўцаў і кіроўца засталіся ў машыне, Буднік ня здолеў патлумачыць. Ці аддаваў старшы іхнага нараду Рахунок нейкія загады, ён ня памятаў.
На пытаньне судзьдзі ён удакладніў, што Рахунок яму сказаў: «Хадзем», таму яны і пайшлі.
— Цяпер шмат пытаньняў узьнікае да людзей у форме, а што б было, калі б у цывільным пайшлі? — урэшце адказаў Буднік, чаму пайшоў ён і Рахунок, а ня двое іхных калегаў у цывільным.
— Як вы з Рахунком зразумелі адзін аднаго і вырашылі затрымаць аднаго і таго ж чалавека? Ідзе 10 чалавек. Вы затрымалі аднаго. Чаму? — запыталася судзьдзя.
— Убачылі, што ён далей за ўсіх адышоў, то і затрымалі яго, — патлумачыў Буднік.
— Вас нехта ўдарыў?
— Адчуваў замахі, адхопліваньні, касыя ўдары. Бачыў, што чалавек у швэдры зь белымі палоскамі ўдарыў у плячо ці бок, — удакладніў Рахунок.
Судзьдзя зачытала, як раней Буднік тлумачыў рашэньне затрымліваць менавіта Ціханоўскага.
«Адзін з мужчын стаў выказвацца ў наш адрас, што гэта правакацыя, нам падалося, што ён мае дачыненьне да правапарушэньня... Натоўп пачынаў падыходзіць, пачалася цісканіна, таму мы прынялі рашэньне затрымліваць гэтага грамадзяніна», — зачытала паказаньні Будніка судзьдзя.
Зь ягоных ранейшых паказаньняў, у бок касьцёла ішла група з 5 чалавек, а не з 10.
— Грамадзяне паводзяць сябе неадэкватна, а вы затрымліваеце грамадзяніна, які нічога не зьдзяйсьняў? — пракамэнтавала адвакатка Галадок момант, калі да іх зь Ціханоўскім падышоў натоўп.
— Відаць, яны не хацелі, каб яго затрымлівалі, — адказаў Буднік.
Паводле ранейшых паказаньняў, Буднік выразна адчуў удар у правы бок ад мужчыны ў швэдры зь белымі палосамі. Парушэньня здароўя ў яго не было, па мэдычную дапамогу ён не зьвяртаўся. Сярод абвінавачаных ён не пазнаў таго чалавека, які біў яго ў правы бок.
У судзе абвясьцілі перапынак да 18 лютага.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.