«Запужваньне, адвольныя арышты і затрыманьні мірных беларусаў з ужываньнем гвалту аспрэчваюць сьцьвярджэньні, што ніхто ня хоча пратэставаць», — гаворыцца ў камэнтары амбасады ЗША ў Беларусі, разьмешчаным у твітэры.
У дыпмісіі ЗША лічаць, што «прадастаўленьне беларусам магчымасьці мірна зьбірацца адкрые праўду».
У пасольстве ЗША таксама адзначылі, што назіралі 27 сакавіка «адвольныя арышты і гвалт у дачыненьні мірных беларусаў і журналістаў». Там заклікалі даць людзям мірна зьбірацца публічна, а журналістам свабодна працаваць.
Праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне сама менш 245 чалавек у Менску і рэгіёнах за 27 сакавіка. Агульная колькасьць затрыманых за апошнія тры дні перавысіла 420 асоб.
Сярод затрыманых былі і сямёра журналістаў, усіх адпусьцілі. Гэта Ганна Калтыгіна і Галіна Уласік з Tut.by, Надзея Бужан і Кацярына Карпіцкая з «Нашай Нівы», якіх выпусьцілі без пратаколаў. На галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча склалі два пратаколы: за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» і «непадпарадкаваньне».
Пратакол склалі і на журналістку газэты «Белорусы і рынок» Любоў Бахурэвіч, а Нікаласу Коналі з Deutsche Welle, якога затрымалі ў другі раз за тры дні, пагражалі арыштам і канфіскацыяй усёй тэхнікі, яго дапытваў чалавек з КДБ, а вызвалілі рэпартэра толькі з дапамогай пасла Нямеччыны.
27 сакавіка прэс-служба МУС распаўсюдзіла паведамленьне, у якім сьцьвярджалася, што «ў Беларусі пратэставая актыўнасьць набліжана да нуля», а «ва ўсіх рэгіёнах краіны не зафіксавана ніводнага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». Пры гэтым ёсьць шэраг відэаматэрыялаў, якія пацьвярджаюць лякальныя маршы ў асобных раёнах з нацыянальным сьцягам і вывешваньні сьцягоў на будынках.